— З якімі пачуццямі вы ўспрынялі пачэснае званне народнага мастака?
— Успрыняў як вышэйшае прызнанне сваёй творчасці. Самое слова “народны” — як народны паэт, народны пісьменнік — выклікае адразу вобразы Купалы, Коласа. Але ж па такой мерцы пачынаеш і сам сябе ацэньваць, сумнявацца — а ці варты ты гэтага звання, ці маеш на яго права? Думаю, моманты сумнення бываюць у кожнага творцы, і ў мяне дагэтуль раз-пораз узнікаюць думкі, ці той я справай займаюся, ці добра яе раблю… Я вельмі ўдзячны Акадэміі мастацтваў і Беларускаму саюзу мастакоў, якія намінавалі мяне на гэтае званне і якія правялі маю кандыдатуру праз сіта абмеркаванняў, Міністэрству культуры, якое мяне падтрымала. Асабліва каштоўна, калі твае таварышы, калегі па цэху цябе адабраюць: нават без узнагароды для мастака гэта вельмі пахвальна.
— А пра што, на ваш погляд, гаворыць перапынак амаль у дзесяць гадоў з уручэннем звання народнага мастака — што адыходзіць пакаленне “вялікіх”, што ў новыя часы павінны быць і новыя адзнакі творчасці, пра нешта іншае?
— У мастацкім асяроддзі ўжо былі такія думкі, што “народных” і ўвогуле больш даваць не будуць. А калі я напрыканцы 80-х толькі прыйшоў працаваць у тэатральна-мастацкі інстытут, практычна ўсе там былі народнымі: за савецкім часам падобная сістэма пераемнасці творчых пакаленняў працавала без збояў. Складаны час быў потым, пераходны. Да мяне апошнім у 2012 годзе званне народнага атрымліваў Анатоль Бараноўскі, і нешта забуксавала. У артыстаў неяк прасцей: якая вялікая прэм’ера — то і прэміі, званні. А мастаку ці скульптару трэба зрабіць нешта надзвычайнае, грандыёзнае. Хаця, я лічу, у нас многа вартых і было, і ёсць. Усё ж такі наяўнасць прыхільнікаў, камерцыйны поспех ці нешта падобнае не даюць мастаку такога адчування сваёй значнасці, як дзяржаўная ўзнагарода. А са званнем “народны” атрымліваецца, што ты яшчэ і народу за яго абавязаны.
“Раніца мастака. Валянцін Ваньковіч”.
— Калі адштурхнуцца ад гэтага слова — як вы думаеце, наколькі ваша творчасць менавіта народная, наколькі блізкая людзям? Хаця і быць зразумелым — абсалютна не абавязак мастацтва.
— У параўнанні з іншымі скульптура ў прынцыпе значна больш народны від мастацтва, асабліва калі казаць пра манументальныя творы — помнікі, гарадскую скульптуру: яны навідавоку, іх усе бачаць і ацэньваюць. І момант, калі да тваёй работы дакранаецца глядач, заўсёды адчувальны. Як мне часта кажуць: “А мы сёння бачылі ваш твор!” Ці калі на зімовай акцыі скульптуры і помнікі апраналі ў шарфы і шапкі — многія выкладвалі ў інтэрнэт фота з маімі работамі. Ёсць, напрыклад, група тэатралаў, што перад спектаклем заўсёды сустракаецца ля маіх балерын у опернага тэатра — гэтая работа з назвай “Антракт” увогуле папулярная ў народзе, часта натхняе на фотатворчасць. А ёсць такая работа ў Лагойску — Божая маці, дык я часта там праязджаю і бачу, як ля яе кветачкі кладуць, цукеркі: мне заўсёды вельмі прыемна.
Калі гаворка пра нейкія вялікія манументальныя работы — мемарыял “Дзеці міру — дзецям вайны” ў Магілёве, “Молчащий колокол” у Светлагорску — то тэма вайны адгуквалася і адгукваецца ў многіх сэрцах. Помнікі патрыярху Алексію Другому ў Мінску і ў Віцебску маюць асаблівы сэнс для вернікаў… Такім чынам мы, аўтары, адлюстроўваем усе маркоты і радасці народу. Можа, і проста чалавека, незалежна ад краіны. У кастрычніку ў Парыжы адбылося ўручэнне прэмій французскага акадэмічнага таварыства Art-Sciences-Lettres, якое існуе больш за сто гадоў і патраніруецца прэзідэнтам Францыі: мяне ўзнагародзілі найвышэйшай адзнакай — плацінавым медалём. Хачу шчыра падзякаваць нашай знакамітай мастачцы Вользе Дзёмкінай, што даўно жыве ў Францыі і там працягвае прапагандаваць беларускае мастацтва, — яна моцна паспрыяла таму, каб з маёй творчасцю змаглі пазнаёміцца ў Францыі.
— А ці здаралася такое, каб нейкую вашу работу людзі ўсё ж не зразумелі, не ацанілі?
— Не магу сказаць, што сутыкаўся з нейкай адмоўнай рэакцыяй. Трэба ж улічваць, што ўсе публічныя праекты праходзяць доўгі шлях абмеркаванняў і зацвярджэнняў. А вось калі казаць пра мае выставачныя скульптуры, пра мой уласны творчы пошук, то ўсяк бывала. (смех) Ды й ніводная вялікая работа не далася проста, у кожнай былі свае гісторыі, свае цяжкасці. Але каб публіка чагосьці не прыняла, такога, бадай, і не было.
— То вам шчасціла, атрымліваецца.
— Але не думайце, што ў мяне ўсё атрымлівалася як у казцы. (смех) Любая творчая работа ідзе праз пакуты мастака. Калі ставіць перад сабой прымітыўную задачу — усіх задаволіць і зарабіць грошы, тады проста, тады лёгка. Але калі ты робіш мастацтва і робіш душою, калі гатовы спрачацца з заказчыкамі і рознымі саветамі, калі нават укладаеш свае сродкі, толькі каб атрымалася задуманае — тады не ўсё так бесклапотна. Я ніколі не імкнуўся бачыць твор праз прызму грошай — стараўся не здраджваць сабе і заўсёды памятаў, што і мяне ўжо не будзе, а работа застанецца.
“Дзеці міру — дзецям вайны” (г. Магілёў)
Проста не хочацца зараз паглыбляцца ў нейкія непрыемныя асабістыя перажыванні — магчыма, калі-небудзь атрымаецца пра ўсё напісаць у кнізе. Былі і няўдачы, і вельмі цяжкія праходжанні праектаў. А ў маладосці я напоўніцу адчуў, як ціснуць узроставыя градацыі ў творчай сферы, як адусюль адсоўваюць, як цяжка заняць сваё месца ў мастакоўскім асяроддзі. Няпростыя гады ў мяне былі, бо яшчэ ж і пра сям’ю даводзілася думаць і дзе браць грошы на матэрыялы — скульптура справа затратная. А заказы атрымаць тады было амаль немагчыма, і я нават вырашыў іх болей не шукаць — выкладаў у каледжы Ахрэмчыка і працаваў сам для сябе, удзельнічаў у выстаўках. Так мяне заўважылі ў Маскве і правялі там некалькі выстаў, пасля чаго Траццякоўская галерэя набыла шэраг маіх работ. Вось тады ўжо мяне заўважылі і ў Мінску! Як звычайна ў нас і здараецца. Так што шмат рознага было ў жыцці.
— А можам згадаць, з якой работы пачалося вашае прышэсце ў манументальную сферу, у публічную прастору?
— Першыя работы былі ў камні па выніках пленэру — хто памятае, гэтыя скульптуры працяглы час стаялі ў Купалаўскім парку ля помніка. А потым пайшлі ўжо і заказы. Стварыліся, напрыклад, скульптура Максіма Багдановіча ля “Беларускай хаткі” ў Мінску — я хацеў зрабіць яе на манер каплічкі пры дарозе, цэлы шэраг скульптур хлопчыкаў, што гуляюцца, у парку ў Мінску на Матусевіча — але іх скралі, думаю, на металалом, толькі ступні ад хлопчыкаў засталіся. З ранніх магу згадаць і белую мрамарную скульптуру ў ратондзе палацавага парку ў Нясвіжы “Ён і яна”, яшчэ яе называюць “Ясь і Яніна”. І гэтак далей. Пасля і больш грандыёзныя манументы, як ў Магілёве і Светлагорску, замежныя працы: была вялікая значная работа ў Германіі — “Памінальны вянок” на тэрыторыі былога жаночага канцлагера ў Равенсбруку. Цяпер мае работы ёсць і ў Кітаі, Турцыі, Швейцарыі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Балгарыі — шмат дзе.
“Антракт”.
— І ўсе работы вельмі розныя…
— Часта бывае, што мастак знайшоў свой стыль і працуе ў ім усё жыццё. Але я так не магу, я іншы. Мяне можна параўнаць са здабытчыкам руды: знайшоў жылу, адпрацаваў яе і перайшоў да іншай. Мне сумна ўвесь час працаваць у адной пластыцы і з адной выяўленчай мовай. Я неяк падлічыў, што за жыццё ў мяне было чатыры-пяць такіх перыядаў, калі я цалкам мяняўся. У нейкі момант мяне гэта нават хвалявала — тое, што я раблюся непазнавальным. Але мне так цікава. Я проста шчаслівы тым, што паступіўшы ў інстытут у 17 гадоў, у 23 я яго ўжо скончыў, а перад тым не вучыўся ні ў школе спецыяльнай, ні ў вучэльні: можна сказаць, быў не сапсаваны школьнымі, шкалярскімі момантамі і ў творчых памкненнях яшчэ быў вольны, не закамянеў. Такім чынам я прайшоў праз акадэмічную школу, праз рэалістычную скульптуру, праз нейкія ўмоўныя рэчы, нефігуратыўныя — праз самае рознае.
— Перыяд апошніх гадоў — калі ўсе вашы скульптуры быццам да неба цягнуцца, такія падоўжаныя?
— Так, менавіта. Фігура чалавека мне ўяўляецца не як чыста матэрыяльны вобраз, дзе анатомія і ўсё, — я бачу ў ёй і духоўны бок. Для мяне чалавечае цела быццам праваднік паміж зямным і нябесным, як нешта часовае на зямлі ў сваім матэрыяльным увасабленні. Таму і фігуры такія — як дух чалавека, як ягоная аснова. Мой гэты перыяд часта параўноўваюць з творчасцю Джакамеці, але ўсё ж у мяне крыху іншае — больш лятучае, лёгкае. Я думаю, усе мае творчыя перыяды невыпадковыя. Калі нават спачатку я інтуітыўна пачынаю нешта рабіць, потым разумею, у чым для мяне тут унутраная сутнасць, адкуль гэта ідзе. Вось узяць хоць бы той час, калі я ствараў помнік Стэфаніі Станюце на Маскоўскіх могілках, — я тады ляпіў жанчын у цёмных строях, спецыяльна высвятляў жоўтым рукі, твары. А адкуль гэта ўсё — з дзіцячых уражанняў, калі я малым кожную нядзелю сядзеў ля вакна ў сваёй вёсцы Даўгінава Крывіцкага раёна і глядзеў, як бабулькі ў хустках ідуць у касцёл, якія ў іх светлыя лікі, светлыя рукі. Вось і Станюту я зрабіў у такой пластыцы.
А зараз я, мабыць, пераходжу ўжо ў новы перыяд — лодкі! Як плынь жыцця. (смех) Адна вялікая такая скульптура стаіць у Кітаі — як вынік майго ўдзелу ў кітайскім пленэры, яна ўвайшла ў топ-спіс. Скульптура ўвогуле ў іх пайшла ў тыраж і цяпер масава прадаецца праз інтэрнэт — прычым копіі робяць да пяці метраў у памеры. Але маё прозвішча там нават і не згадваецца. Я думаў спачатку паспрабаваць заявіць свае правы, але кінуў гэтую справу як безнадзейную. Лодкамі я зараз вельмі захоплены, гэты вобраз з’яўляецца ў мяне ў розных творах.
— А ці ёсць у вас нейкія асабліва любімыя работы?
— Ёсць, а як жа. Я люблю свайго Ваньковіча — скульптуру Валянціна Ваньковіча з назвай “Раніца мастака”, што стаіць у Мінску побач з яго домам-музеем. Так цяжка ішла работа, проста як само няшчаснае жыццё гэтага юнака! Я рабіў яе каля дзесяці год. Люблю, канешне, і балерын ля опернага тэатра, люблю свой “Звон-набат” у Светлагорску… Зразумела, спіс можна і працягваць.
“Адам і Ева”.
— Мы згадалі першыя работы, а якія апошнія па часе, над чым працуеце зараз, над чым думаеце?
— Адна з апошніх работ — “Прысвячэнне паэту”, што стаіць у Мінску перад будынкам “Спамаша”. Насамрэч я ствараў маладога Уладзіміра Караткевіча і ствараў дакладна паводле фотаздымкаў таго часу, як ён прыехаў у Мінск, як хадзіў па гэтай Асмалоўцы, як чытаў тут вершы. Але ж усе мы чакаем вялікага афіцыйнага помніка Караткевічу ў Мінску, і я не хацеў пераходзіць яму дарогу, таму гэты і называецца “Прысвячэнне паэту” — дарагая для мяне работа. Ёсць так і не скончаны праект, які я пачаў рабіць яшчэ дзесяць гадоў таму да стагоддзя Першай сусветнай вайны: мы з калегамі планавалі зрабіць вялікі манумент на нарачанскіх балотах, дзе калісьці было праліта многа крыві. Ужо збіраліся сродкі, але справа так і не зрушылася, а самі аўтары падобнае не пацягнуць — бо ідэя, каб гэта было ў 9-метровым памеры, каб можна было зайсці ўнутр. Дык хочацца хаця б эскіз, зроблены з пластыку, што стаіць у мяне ў майстэрні, неяк захаваць для гісторыі ў добрым матэрыяле. Спадзяюся, што нарэшце будзе даведзеная да завяршэння і справа з усталяваннем помніка княгіне Вользе ў Віцебску.
Зараз прыйшоў ужо такі час, калі я больш хачу рабіць тое, што мне самому хочацца, не заказныя рэчы. Бо многа нявыказанага, нязробленага. Раблю апошнім часам многа рэльефаў на тэму чалавека і яго месца ў гэтым свеце, раблю работы для будучай выстаўкі — у наступным годзе планую паказаць многа цікавага. Ідэй шмат, і яны, дзякуй богу, не заканчваюцца.
Фота з уласнага архіва У. Слабодчыкава.