Сёлета на ўдзел у конкурсе было пададзена больш за 70 заявак у чатырох намінацыях, у фінальным этапе прынялі ўдзел 28 пастановак тэатраў з розных абласцей Беларусі. Конкурс праходзіў па чатырох асноўных раздзелах: “Тэатр драмы”, “Тэатр лялек”, “Музычны тэатр” і “Спектаклі для дзяцей і юнацтва”. На працягу месяца журы ацэньвала спектаклі, якія былі прадстаўлены на сцэнах сталічных тэатраў. Цырымонія ў Купалаўскім тэатры пачалася з уручэння міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Анатоліем Маркевічам ганаровых прэмій за падтрымку тэатральнага мастацтва Беларусі і за ўклад у яго развіццё. Анатолій Маркевіч звярнуўся да ўдзельнікаў цырымоніі з вітальным словам, у якім сярод іншага адзначыў: “Беларускі тэатр заўсёды быў і застаецца сапраўднай школай жыцця, месцам асветы і незабыўных эмоцый. Словы ўдзячнасці вам за вялікі талент, адданасць любімай справе! Вы сапраўды лекары душ чалавечых, выхоўваеце цудоўныя пачуцці любові, дабра і міласэрнасці, культуру ўзаемаадносін паміж людзьмі”.
Падчас цырымоніі ўзнагароджання Нацыянальнай тэатральнай прэміі выступіў балет Маладзёжнага тэатра эстрады “Fusion”.
На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў VІ Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія” рашэннем аргкамітэта спецыяльныя пачэсныя ўзнагароды мецэнатам тэатра былі ўручаны старшыні праўлення Банка БелВЭБ Васілю Мацюшэўскаму, мастацкаму кіраўніку Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Аляксандру Козаку і мастацкаму кіраўніку Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Валянціну Елізар’еву.
Прыз Валянціну Елізар'еву! Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч падчас уручэння з артыстамі балета Ірынай Яромкінай і Антонам Краўчанкам.
Прэмію за “Найлепшы спектакль тэатра драмы для вялікай сцэны” атрымаў спектакль “Фальшывая нота” Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, за “Найлепшы спектакль тэатра драмы для малой сцэны” — спектакль “Вій” Палескага драматычнага тэатра ў пастаноўцы рэжысёра Паўла Марыніча. Пераможцамі ў прыватных намінацыях секцыі «Тэатр драмы» сталі: Раман Цыркін, спектакль «Людзі на балоце» Мазырскага драматычнага тэатра імя І. Мележа — «Найлепшая работа рэжысёра ў спектаклі тэатра драмы»; Павел Марыніч, спектакль «Вій» Палескага драматычнага тэатра — «Найлепшая работа мастака ў спектаклі тэатра драмы»; Надзея Анцыповіч за ролю Гелі ў спектаклі «Варшаўская мелодыя» Новага драматычнага тэатра — «Найлепшая жаночая роля ў спектаклi тэатра драмы»; Уладзімір Мішчанчук, спектакль «Фальшывая нота» Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» — «Найлепшая мужчынская роля ў спектаклi тэатра драмы»; Аляксей Дудараў за спектаклі «Вечар» і «Не пакідай мяне» — «Найлепшая работа драматурга ў спектаклi тэатра драмы». «Прэміяй журы» быў адзначаны Міхаіл Кліменка за ролю Халімона ў спектаклі «Людзі на балоце» Мазырскага драматычнага тэатра імя І. Мележа.
Узнагароду за найлепшы спектакль тэатра драмы для вялікай сцэны, якім стала пастаноўка “Фальшывая нота” Тэатра-студыі кінаакцёра, атрымаў яго рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў.
У секцыі «Тэатр лялек» “Найлепшым спектаклем тэатра лялек” быў названы спектакль «Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех» Беларускага тэатра «Лялька» з Віцебска. Пераможцамі ў прыватных намінацыях секцыі «Тэатр лялек» абвешчаны: Міхась Клімчук, спектакль «Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех» Беларускага тэатра «Лялька» — «Найлепшая работа рэжысёра ў спектаклі тэатра лялек»; Ларыса Мікіна-Прабадзяк, спектакль «Локіс» Гродзенскага абласнога тэатра лялек — «Найлепшая работа мастака ў спектаклі тэатра лялек»; Ларыса Мікуліч за ролю Чорнай Панны ў спектаклі «Локіс» Гродзенскага абласнога тэатра лялек — «Найлепшая акцёрская работа ў спектаклi тэатра лялек».
Найлепшым оперным спектаклем стаў “Фаўст” Вялікага тэатра Беларусі. Узнагароду атрымала рэжысёр Ганна Маторная.
“Найлепшым оперным спектаклем” у секцыі «Музычны тэатр» стаў «Фаўст», а “Найлепшым спектаклем балета” — «Ганна Карэніна» Вялікага тэатра оперы і балета. “Найлепшым спектаклем у жанры аперэты, музычнай камедыі, мюзікла” назвалі пастаноўку «Джэк-патрашыцель» Маладзёжнага тэатра эстрады. Пераможцамі ў прыватных намінацыях секцыі «Музычны тэатр» сталі: Ганна Маторная, опера «Фаўст» Вялікага тэатра оперы і балета — «Найлепшая работа пастаноўшчыка ў музычным спектаклі»; Юрый Барысевіч, мюзікл-дэтэктыў «Джэк-патрашыцель» Маладзёжнага тэатра эстрады — «Найлепшая работа мастака ў музычным спектаклі»; Ірына Яромкіна за ролю Ганны Карэнінай у балеце «Ганна Карэніна» Вялікага тэатра оперы і балета — «Найлепшая жаночая роля ў музычным спектаклі»; Дзяніс Нямцоў за ролю Труфальдзіна ў спектаклі «Труфальдзіна з Бергама» Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра — «Найлепшая мужчынская роля ў музычным спектаклі»; Аляксандр Анісімаў, дырыжор-пастаноўшчык і аўтар музычнай рэдакцыі балета «Пер Гюнт» Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь — «Найлепшая работа дырыжора ў музычным спектаклі». «Прэміяй журы» быў адзначаны кампазітар Алег Хадоска за музыку да балета «Тытанік» Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.
Нацыянальную тэатральную прэмію ў намінацыі “Найлепшая жаночая роля ў музычным спектаклі” атрымала салістка Беларускага балета Ірына Яромкіна
У секцыі «Спектакль для дзяцей і юнацтва» найлепшым спектаклем быў прызнаны спектакль «Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех» Беларускага тэатра «Лялька».
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ