Віншуючы аўтара кнігі, старшыня Беларускага фонда культуры Тадэвуш Стружэцкі падкрэсліў, што млынарства і вадзяныя млыны — вельмі важная частка гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, хаця і амаль забытая ды занядбаная, якая сёння патрабуе пільнай увагі. Млыны ў Беларусі былі вельмі важнымі аб’ектамі — не толькі чыста прамысловымі, але і сацыяльна-культурнымі, дзе людзі збіраліся не толькі для таго, каб проста змалоць зерне на муку, але таксама дзяліліся навінамі, абмяркоўвалі надзённыя праблемы.
Выступоўца прыгадаў, што, калі яго бацька ехаў на млын, ён збіраўся як на свята, апранаў лепшую вопратку, бо вёз туды самае дарагое, што меў — збожжа, якое ён сам выгадаваў — каб назад дадому прывезці муку, якая была асновай для хлеба, які самі ж у сям’і і выпякалі. Уладальнікамі млыноў заўжды былі не проста заможныя людзі, але і вельмі адукаваныя, якія карысталіся заслужаным аўтарытэтам сярод суседзяў.
Ад большасці млыноў да нашых дзён, на жаль, захаваліся толькі рэшткі — але ёсць яшчэ магчымасць многія млыны аднавіць, ператварыўшы іх у аб’екты, якія будуць цікавыя для мясцовых жыхароў і турыстаў. Старшыня Беларускага фонда культуры выказаў спадзяванне, што кніга стане штуршком да аднаўлення старых млыноў і стварэння адмысловых турыстычных маршрутаў, ім прысвечаных.
Старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў, у сваю чаргу, зазначыў, што аўтар кнігі здолеў паказаць магічную ролю гаспадарчай пабудовы — млына, які мог змяняць побыт і культурную спадчыну цэлага рэгіёна. Таксама ў кнізе паказаная важная роля гідралагічных аб’ектаў: ставоў, азёраў, плацін, і прадэманстраваная таксама не менш паважаная роля млынарства, якое цягам некалькіх соцень гадоў вызначала развіццё нашай краіны.
КВАТЭРА НАД ВОДНАЮ ПЛЫННЮ
Францішак Жылка распавядае, што галоўная мэта стварэння гэтай кнігі — зафіксаваць той стан, у якім да сённяшняга дня захаваліся вадзяныя млыны Беларусі, бо, на жаль, з цягам часу мы працягваем страчваць такія аб’екты. Аўтар падкрэслівае, што для яго было вельмі важным стварыць такое даследаванне менавіта па-беларуску, бо наша мова мае багатую тэхнічную тэрміналогію, якая дэтальна апісвае працэсы млынарства.
У кнізе адлюстравана больш за сто пяцьдзясят млыноў, якія захаваліся ў Беларусі ў самым розным стане: недзе гэта цэлыя будынкі, недзе — рэшткі сцен альбо нават падмуркі. Аздобілі кнігу каля паўтысячы архіўных і сучасных фотаздымкаў млыноў, а таксама прысвечаныя ім карціны беларускі мастакоў. Асобны раздзел кнігі прысвечаны іншым відам млыноў, акрамя вадзяных: ветракам, паравым, конным. У дадатку змешчаныя спісы беларускіх млыноў, складзеныя ў XVIII — XIX стагоддзях, а таксама прыклады млынароўскага фальклору: паданні, прымаўкі, загадкі, жарты, прыпеўкі.
Сёння старыя млыны ўжываюцца па-рознаму: так, у Скідзелі, напрыклад, у колішнім будынку млына размяшчаецца аддзяленне міліцыі. Ёсць у нашай краіне нават адзін млын, дзе сёння жывуць людзі — пад падлогай цячэ вада, але ўмовы ў памяшканні цалкам камфортныя, нават узімку. Многія будынкі млыноў захаваліся ў добрым стане і знаходзяцца ў населеных мясцовасцях — на думку Францішка Жылкі, пры належным падыходзе іх таксама можна было б выкарыстоўваць для жылля альбо ладзіць там музейныя экспазіцыі. На жаль, многія млыны знаходзяцца і ў вёсках, якія пакрысе адыходзяць у нябыт — часам, шукаючы такія аб’екты, нават не было ў каго ўдакладніць, дзе знаходзіцца неабходны аб’ект, але аўтар кнігі спрактыкаваным вокам ужо навучыўся вызначаць мясціны, дзе выгодна было б размяшчацца млыну.
МЛЫН — УСЯМУ ГАЛАВА
Выкарыстоўваць энергію вады людзі пачалі яшчэ ў чацвёртым стагоддзі да нашай эры, і гэта паклала пачатак сапраўднай тэхнічнай рэвалюцыі, дазволіўшы ўдасканаліць здабычу жалеза, выраб паперы і пораху — уся індустрыя пачыналася з млыноў. Нават у пасляваенныя гады на млынах яшчэ працавалі картанажныя і ткацкія фабрыкі. Будаўніцтвам млыноў спрадвеку займаліся надзвычай кампетэнтныя і адукаваныя спецыялісты, якіх сёння мы маглі б назваць гідратэхнікамі. Для развіцця турызму таксама адметна, што млыны заўжды размяшчаюцца ў самых маляўнічых мясцінах, бо для таго, каб яны працавалі, патрэбныя абрывістыя берагі і вялікая хуткасць цячэння ракі.
Што тычыцца распаўсюджанага ў традыцыйнай народнай творчасці пераканання, нібыта млыны з’яўляюцца прыстанкам чарцей і ўсялякіх нячысцікаў, Францішак Жылка такога меркавання не падзяляе. Зрэшты, зазначае даследчык, не дзіва, што такія сюжэты звязаныя менавіта з млынамі — нездарма ж людзі, едучы на млын, часта бралі з сабой моцныя напоі, каб аддзячыць млынара, дый самі іх там ужывалі — то зразумела, што некаму маглі пасля такога і прымроіцца нейкія здані.
ЛЁСЫ ГАСПАДАРОЎ
Многія звесткі ў кнізе атрыманыя ў гутарках са сваякамі колішніх млынароў. Прыпамінаючы найцікавыя гісторыі млыноў і іх уладальнікаў, Францішак Жылка згадвае, напрыклад, пра млын у Віцебскім раёне, які належаў Фёдару Махнову — славутаму волату, які нарадзіўся тут у 1878 годзе і лічыўся, паводле адной з версій, найвышэйшым чалавекам, які калі-кольвек жыў на зямлі: яго рост складаў дзвесце восемдзесят пяць сантыметраў.
Доўгі час Фёдар Махноў выступаў у цырку, гастралюючы па ўсім свеце, але потым асеў на сваёй радзіме, пасяліўшыся ў мясціне, якую мясцовыя жыхары празвалі Веліканавым хутарам. Цяжкая праца на млыне падарвала здароўе волата, і ён памёр у веку трыццаці чатырох год. Прыклад Фёдара Махнова добра характарызуе тыповы лёс гаспадароў млыноў, які часта бываў трагічным. Гэтыя людзі цяжка працавалі і нярэдка рабіліся ахвярамі несправядлівага пераследу — у гады савецкай улады іх часта залічвалі да кулакоў, прысуджалі да канфіскацыі маёмасці і высылкі.
Сам Францішак Жылка нарадзіўся і рос у Жодзішках за пяцьсот метраў ад тамтэйшага млына, які быў збудаваны ў 1781 годзе мясцовымі кальвіністамі. Напрыканцы ХІХ стагоддзя млын зрабіўся ўласнасцю сям’і Жылкаў, а ў 1951 годзе дастаўся калгасу. Доўгі час будынак стаяў занядбаным, а рэстаўрацыя яго пачалася ў 1996 годзе, пасля таго, як Францішак Жылка паабяцаў сваім дзядзькам аднавіць млын, які некалі належаў іх сям’і.
Даследчык прызнаецца, што, асэнсаваўшы маштабы работ па аднаўленні млына, нават пашкадаваў было пра дадзенае абяцанне, але ўсё ж, нягледзячы ні на што, наважыўся яго выканаць. Прычым для Францішка Жылкі важным было захаваць, па магчымасці, усе аўтэнтычныя элементы, якія зберагліся ў будынку. Сёння ён з’яўляецца адзіным дзеючым старым млыном у краіне, а таксама тут размешчаная адмысловая экспазіцыя, прысвечаная гісторыі млынарства, якая прыцягвае ўвагу гасцей Жодзішак.
МЛЫНЫ — ТУРЫСТЫЧНЫЯ АБ’ЕКТЫ
Вадзяныя млыны маюць надзвычайны патэнцыял як турыстычныя аб’екты. Размешчаныя ў маляўнічых мясцінах, авеяныя легендамі і паданнямі, звязаныя з лёсамі выдатных асобаў, яны могуць зрабіцца сапраўднымі перлінамі турыстычных маршрутаў у самых розных кутках краіны. Варта толькі падысці з фантазіяй і зацікаўленасцю да вывучэння і аднаўлення гэтых незвычайных будынкаў — і кожны з іх можа атрымаць шанец на новае жыццё. Справа за тым, каб знайсці неабыякавых і ініцыятыўных людзей, якія паставяцца да старадаўніх млыноў з такой жа пашанай, як і іх колішнія гаспадары.