Прастора экспазіцыі ўмоўна падзеленая на зоны, што адпавядаюць розным відам хобі, якім ахвяравала свой вольны час моладзь пасляваенных савецкіх пакаленняў. Як распавяла куратар выставы, старшы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі Мінска Яўгенія Стальмахова, адкрывае экспазіцыю своеасаблівы куток мінскай модніцы, дзе можна пабачыць трумо сярэдзіны мінулага стагоддзя, а на ім — узоры савецкай парфумы і манікюрны набор 1950-ых гадоў у шыкоўным футарале.
На сценах навокал у карцінных рамах размясціліся сукенкі 1950 - 1970-ых гадоў, самастойна пашытыя мінчанкамі як з тканін савецкай вытворчасці, так і з матэрыялаў, якія часам шчасціла прывезці з краін сацыялістычнага лагера. Побач можна пабачыць альбом “Шыйце самі” 1957 года і цэлы шэраг практычных дапаможнікаў па кройцы і шыцці, якімі карысталіся мінскія аматаркі модных строяў, а таксама швейную машынку фірмы “Зінгер” пачатку мінулага стагоддзя, якая да нядаўняга часу захоўвалася ў жыхаркі аднаго са зруйнаваных летась дамоў мінскай Грушаўкі.
Варта адзначыць, што стваральнікі экспазіцыі з увагай падышлі да ўзнаўлення ў музейнай прасторы адпаведнага інтэр’еру, і, акрамя дэманстрацыі аўтэнтычнай мэблі, абклеілі “пакой модніцы” шпалерамі, адшуканымі ў свой час на гарышчы аднаго з прызначаных пад знос дамоў на той самай Грушаўцы. Гэтыя вырабы мінскай шпалернай фабрыкі родам з 1980-ых гадоў здольныя ўразіць любога, хто не знаёмы з тэхнікай выкарыстання савецкіх шпалераў — перад паклейкай спачатку даводзілася абразаць кромку на кожнай трубцы.
УСЕ ВІДЫ МАСТАЦТВАЎ
Наступны раздзел экспазіцыі ўяўляе з сябе пакой маладога мужчыны, аматара музыкі і фатаграфіі. Тут можна пабачыць артэфакты, звязаныя з моладзевымі субкультурамі савецкага часу — самаробныя песеннікі, пласцінкі “на касцях”, здымкі мінскіх хіпі і рокераў. Побач — савецкія фотакамеры розных гадоў і рарытэтная прылада, прызначэнне якой можа зрабіцца сапраўднай загадкай для сённяшняй моладзі — фотапавелічальнік. Дапаўняе атмасферу грунтоўная кніжная шафа, застаўленая выданнямі культавай серыі “Бібліятэка сусветнай літаратуры”.
Тэму музычных захапленняў мінчукоў працягвае зона, у якой размешчаныя паўтара дзясятка музычных прайгравальнікаў і радыёл розных мадэляў: “Мінск Р-7”, “Рыгонда”, “Вега”, “Урал”, “Юпітэр”, “Маяк”, “Нота”. А сцяна над імі шчыльна завешаная пласцінкамі разнастайных савецкіх і замежных гуртоў ды выканаўцаў на любы густ — ад The Doors і Боба Дылана да “Песняроў” і Алы Пугачовай. Побач можна знайсці і вынікі музычных эксперыментаў саміх мінчукоў — тут прадстаўленыя запісаныя на магнітную стужку альбомы мінскіх андэграўндных груп 1970-ых гадоў са збораў калекцыянера Ігара Сурмачэўскага, які, зрэшты, і сам прымаў удзел у гэтых запісах.
Развівае тэму захаплення ўсімі відамі мастацтваў стэнд, на якім прадстаўленая калекцыя, з якой, уласна, і пачынаўся ўвесь выставачны праект. Гэта некалькі дзясяткаў фотапартрэтаў зорак савецкага і замежнага кінематографа, якія цягам дзесяцігоддзяў збірала мінчанка Ала Сіроткіна. Нездарама ж менавіта кінаакцёры ў тыя часы выступалі заканадаўцамі мод і ўзорамі для пераймання. А побач можна пабачыць сувенірны набор запалак, выпушчаны да XIII Міжнароднага фестывалю “Масква-1983”, дзе кожны карабок прысвечаны аднаму з фільмаў-пераможцаў розных гадоў.
ШЛЯХ ДА МІРУ
Частка экспанатаў выставы размясцілася на дыхтоўным пісьмовым стале, што, як і пісьмовая машынка на ім, належаў пісьменніку Уладзіміру Карпаву. Гэты незаслужана прызабыты аўтар, між іншым, у свой час адыграў немалую ролю як у гісторыі Мінска, так і ў захаванні памяці аб мінуўшчыне нашага горада. Рускі па нацыянальнасці, Уладзімір Карпаў нарадзіўся ў 1912 годзе ў Хвалынску на Волзе, але ў дзесяцігадовым узросце, падчас голаду на Паволжжы, яго сям’я перабралася ў Беларусь. У гады Вялікай Айчыннай вайны будучы пісьменнік зрабіўся разведчыкам, кіраўніком групы Галоўнага разведвальнага ўпраўлення, закінутай у акупаваны Мінск з-за лініі фронту, удзельнічаў у арганізацыі структур мінскага падполля.
Пасля вайны Уладзімір Карпаў стварыў серыю раманаў, дзеянне якіх адбываецца ў беларускай сталіцы — самым вядомым з іх можна назваць акурат прысвечаны дзейнасці мінскага падполля твор “Нямігі крывавыя берагі”, але не чужой была для раманіста і тэма сталення пасляваеннай моладзі. Таксама пісьменнік выступіў укладальнікам першага зборніка ўспамінаў удзельнікаў мінскага падполля, які пабачыў свет у 1970 годзе пад назвай “Скрозь агонь і смерць”.
Такі цікавы мемарыяльны складнік выставы выйшаў надзіва сімвалічным — ён не толькі нагадвае пра малавядомага сёння выдатнага аўтара, актыўнасць якога прыпала акурат на 1950–70-ыя гады, але і прымушае задумацца пра тое, як імкліва ўдалося пасляваенным пакаленням мінчан пераадолець нягоды часоў акупацыі ды выкліканых ёй нястачаў — і перайсці да мірнага жыцця, у якім знаходзіліся месца і час не толькі для цяжкай напружанай працы, але і для захапленняў ды забаваў.
Замыкае экспазіцыю карта ранейшых “тусовачных” мясцін сталіцы, складзеная паводле ўспамінаў мінчукоў, якая дапаможа зарыентавацца ў маршрутах і любімых месцах адпачынку мінскай моладзі 1950 — 1980-ых. Завітвайце сюды і вы, ды выпраўляйцеся ў захапляльную вандроўку па вечна маладым горадзе — выстава працуе да 14 лістапада.