Угэтыя дні на пошце многа допісаў пра правядзенне акцый да Міжнароднага дня пажылых людзей, што адзначаецца у першы дзень кастрычніка. Напрыклад, днямі ў Роскай гарпасялковай бібліятэцы, што ў Ваўкавыскім раёне, у рамках правядзення дэкады “Залаты ўзрост” быў падрыхтаваны і праведзены вечар-віншаванне “Душою вечна маладыя”, які сабраў за святочным сталом даўніх і вельмі актыўных чытачоў мясцовай бібліятэкі. Для гасцей была падрыхтавана насычаная святочная праграма: вучні з мясцовай школы прачыталі вершы, прысвечаныя бабулям, а выкладчыкі і навучэнцы мясцовай ДШМ выканалі музычныя нумары “Іспанскі танец”, “Вясёлы дожджык” і іншыя.
Як адзначае бібліятэкар Роскай гарпасялковай бібліятэкі Святлана Свірыдава, “усе, хто прыйшоў на свята, віншавалі адзін аднаго і ад душы гутарылі, успамінаючы мінулыя гады, слухалі і самі чыталі вершы, спявалі любімыя песні свайго юнацтва, адказвалі на пытанні віктарын…”. Цікава, што напрыканцы мерапрыемства ўсе госці атрымалі медалі і падарункі на памяць, што, безумоўна, зрабіла імпрэзу запамінальнай, адметнай і сапраўды святочнай.
“Мы адзіны” — пад такой назвай, як піша наш сталы аўтар Андрэй Струнчанка, у аграгарадку Мазалава Віцебскага раёна адбылася акцыя, прысвечаная Дню сталага чалавека. Так, прайшлі канцэрты-віншаванні на даму “Дорым цяпло сваёй душы”, арт-выстава творчай дзейнасці народнага жаночага клуба “Залаты ўзрост” у Доме культуры, выстава тэматычнай літаратуры ў сельскай бібліятэцы.
Шмат імпрэз з нагоды Міжнароднага дня пажылых людзей зладзілі і на Астравеччыне. Як адзначае яшчэ адна наша сталая аўтарка, бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская, у сельскай бібліятэцы аграгарадка Міхалішкі таксама адзначылі гэты святочны дзень. Юныя чытачы разам з бібліятэкарам наведалі пажылых людзей, пагутарылі з імі, падаравалі кветкі, а ў бібліятэцы была арганізавана тэматычная выстава. Акрамя таго, людзі сталага веку наведалі бібліятэку, дзе для іх была арганізаваны чай і кава. Тамсама прайшоў майстар-клас “Паштоўка для бабулі”, у якім прынялі ўдзел маленькія чытачы.
Не забыліся пра свята і ў Гудагайскай сельскай бібліятэцы, дзе для жыхароў аграгарадка была арганізавана сустрэча за кубачкам чаю. Разам усе ўдзельнікі спявалі, чыталі вершы, успаміналі былое. Акрамя таго, зладзілі свята і ў Астравецкай раённай бібліятэцы, дзе прайшоў час адпачынку “Няхай будзе цёплай восень жыцця”. Як адзначае ў сваім лісце Вольга Заянчкоўская, “супрацоўнікі павіншавалі людзей сталага ўзросту са святам, падзякавалі ім за мудрасць, плённую працу і ўручылі ім паштоўкі. Акрамя таго, бібліятэка падрыхтавала дабрачынную акцыю “Маршрут добрых спраў”. Бібліятэкары аддзела абслугоўвання разам з маленькімі чытачамі наведалі Мацкевіч Марыю Віктараўну і Скробат Крысціну Іванаўну”.
А ў Ашмянскім раёне днямі абіралі самую яркую, крэатыўную і таленавітую бабулю. На конкурс, як піша Кацярына Рудзік, з’ехаліся бабулі з розных куткоў раёна — аграгарадкоў Кальчуны, Гальшаны, станцыі Ашмяны, Баруны і, натуральна, з саміх Ашмянаў. Самай малодшай бабулі было ўсяго 53 гады, а самай старэйшай споўнілася 75 гадоў. Але, нягледзячы на ўзрост, удзельніцы яшчэ раз даказалі, што гады — не перашкода на шляху да перамогі ў конкурсе. Бабулі дэманстравалі сваё адзенне, адгадвалі вядомыя музычныя кампазіцыі, чыталі вершы, выконвалі песні ды рабілі на сцэне шмат чаго цікавага і захапляльнага. У выніку ўладальніцай Гран-пры стала Тамашэвіч Станіслава Віктараўна. Але ж ні адна з бабуль не засталася па-за ўвагай журы і, натуральна, без каштоўных падарункаў.
Перайду да іншых навінаў з рэгіёнаў. Другога кастрычніка ў Вялікасельскім сельскім філіяле — клубе, што ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці, прайшло юбілейнае, пятае па ліку, свята бульбы “Бульбяная карусель”. Як адзначае ў сваім лісце метадыст аддзела метадычнай работы Свіслацага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Русак, імпрэза пачалася з тэатралізаванага прадстаўлення, галоўнымі героямі якога былі дзве суседкі. А гераіня свята — “Спадарыня бульбачка” — выйшла на сцэну з юбілейным тортам, якім пачаставала ўсіх прысутных на свяце.
На імпрэзе, да слова, можна было ўбачыць разнастайныя стравы, якія дэманстравалі ўдзельнікі кулінарнага конкурсу-выставы. Тут былі і бульбяны пірог, і бульбяны торт, і бульбяныя чыпсы і шмат чаго яшчэ. Таксама ладзіліся конкурсы “Бульбяныя фантазіі” і “Бульба — волат”. А весялілі ўдзельнікаў свята калектывы аматарскай творчасці Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ды індывідуальныя выканаўцы. Заключным акордам імпрэзы прагучаў святочны феерверк.
Яшчэ адзін восеньскі фэст пад назвай “Свята клёцак” быў зладжаны ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Як напісала нам вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Таццяна Карпава, імпрэза была прысвечана аднаму з элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь — традыцыйнай страве “Клецкі з душамі” Віцебскай вобласці.
Так, на кірмашы каля цэнтральнай сцэны можна было ўбачыць разнастайныя гатункі клёцак — з тварагом, капустай, зелянінай, рыбай, грыбамі, салам, мясам, лукам, разнастайнай гароднінай. Таксама гасцям свята прапаноўвалі добра вядомую пастаўчанам “гарбату на зёлках” і разнастайную хатнюю выпечку. А на сцэне выступалі народны клуб нацыянальнай кухні, гульні і абраду “Традыцыя” Курапольскага сельскага дома культуры, народны жаночы клуб “Юнчанка” Юнькаўскага сельскага дома культуры, аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька” Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра і аматарскае аб’яднанне “Сяльчанка” Парыжскага сельскага дома культуры.
Яшчэ пра цікавосткі. Днямі ў Ашмянскай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з прадстаўнікамі татарскай абшчыны Ашмяншчыны. Знакавы госць імпрэзы — старшыня Рады імамаў Мусульманскай рэлігійнай абшчыны Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Радкевіч, — расказаў пра гісторыю фарміравання, культуру і традыцыі татарскага народа на тэрыторыі раёна. Прыемным сюрпрызам для ўсіх удзельнікаў сустрэчы з’явіліся нацыянальныя татарскія прысмакі, якія падрыхтавалі госці.
І завяршу наш традыцыйны агляд допісам з Бабруйска. Як вынікае з ліста загадчыцы культурна-масавым сектарам гарадскога Палаца мастацтваў Кацярыны Каваленка, днямі ў выставачнай зале ўстановы культуры прайшла канцэртная праграма “Музыка ў восеньскіх фарбах”, арганізаваная для выхаванцаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна горада Бабруйска. Для гасцей выступілі ўзорны харэаграфічны калектыў “Крынічка”, народны ансамбль танца “Прыгажосць”, салістка народнага эстраднага ансамбля “Саўнд” Анжаліка Данцэвіч ды іншыя калектывы і выканаўцы.
Беражыце сябе, шаноўныя чытачы! Сустрэнемся праз тыдзень.