Насуперак меркаванням многіх, станцыя Коласава не мае да Якуба Коласа ніякага дачынення. Невялічкі фальварак з такой назвай з’явіўся задоўга да нараджэння класіка і наўрад ці паўплываў на ягоны выбар псеўданіма. Аднак увайсці ў зман тут і сапраўды проста — асабліва калі ўлічыць, што зусім блізка адсюль Коласавы родныя прынёманскія мясціны.
Але станцыю Коласава Пясняр калі дзе і прыгадваў, дык зусім не добрым словам. Яна стала ўвасабленнем таго падзелу, які спазналі беларускія землі — а разам з імі і многія сем’і. Сям’я знакамітага, на той час ужо Народнага паэта не стала тут выключэннем.
Гэта сёння Коласава — звычайная “дачная” станцыя, цішыню якой парушае хіба бэмцанне вёдраў з садавіной. У міжваенны перыяд яе назва не знікала са старонак сусветнага друку: яна была сапраўдным акном у Еўропу! Пра гэта там цяпер, здавалася б, нічога не нагадвае. Але пэўныя сведчанні ўсё ж ёсць, і мы паставілі сабе за мэту іх знайсці.
Рушым уздоўж чыгункі на ўсход. Калі трохі заглыбіцца ў лес недзе ў кіламетры ад перона, там у гушчарах можна знайсці зарослыя падмуркі дзвюх заставаў: савецкай і польскай. Месца я “ў тэорыі” ведаў — дзякуючы руплівасці краязнаўцаў, якія пабывалі тут куды раней і апісалі маршрут. Ды, прызнацца, мы патрацілі на пошукі добрую гадзіну.
Менавіта тут знаходзіўся адзіны на беларускіх землях пасажырскі памежны пераход — тонкі лаз у жалезнай заслоне. Шлях з Масквы на Захад праходзіў менавіта тут. Хто па ім толькі не праязджаў! Якія толькі знакамітасці нервова не ўглядаліся ў прыгожыя тутэйшыя лясы, калі цягнік прытарможваў на “мяжы сусветаў”!
У іх ліку быў і Якуб Колас. У 1935 годзе ён прамінаў гэтыя мясціны па дарозе ў Парыж, на міжнародны кангрэс пісьменнікаў. Загадчык філіяла “Мікалаеўшчына” музея Якуба Коласа Яўген Шавель распавёў мне такі апокрыф з біяграфіі класіка. Маўляў, скарыстаўшыся чаканнем, ён папрасіў памежнікаў дазволіць яму ўзлезці на вышку, каб хаця б у бінокль агледзець родныя мясціны.
Праўда гэта ці не, наўрад ці сёння хто скажа. Але не варта сумнявацца, што такое жаданне знакаміты пісьменнік меў. Ці ж не жарт: на радзіме ён не бываў ужо два дзесяцігоддзі, ажно з часоў Першай сусветнай! А пра тое, што для яго тая малая радзіма значыла, нават і казаць не выпадае. “Мой родны кут” для Коласа — не абстрактны вобраз.
Зразумела, проста сесці на электрычку ды прыехаць у Мікалаеўшчыну з савецкага Мінска “на адведзіны” магчымасці тады не было. Аднак парукацца з братамі Колас не мог, нават прыклаўшы куды большыя намаганні. Ды і няцяжка сабе ўявіць, які б вынік меў бы такі візіт: пісьменнік з БССР прыязджае ў панскую Польшчу! Гэта выклікала б паўсюдныя падазрэнні — і да Коласа, які мае “сваякоў за мяжой”, і, канешне, да саміх сваякоў. Тым болей прынамсі адзін з іх — малодшы брат Міхась Міцкевіч — і так ужо быў на кепскім рахунку ва ўладаў: як рашучы праціўнік паланізацыі школы. Што і прымусіла настаўніка зарабляць на жыццё простай сялянскай працай.
Не змяніла справу нават вельмі сумная падзея: у 1929 годзе памерла маці Песняра — чалавек, з якім у яго заўсёды была ментальная повязь. Ганну Мікалаеўну пахавалі на могілках Церабяжы бліз Мікалаеўшчыны. Зразумела, на хаўтуры сабраліся яе шматлікія нашчадкі ды блізкія сваякі. А вось Колас туды патрапіць не змог…
Наведаць сваіх крэўных Якуб Колас здолеў толькі ў 1940-м. Чаму не адразу? Пэўна, прычынай таму — той адмысловы дзіўнаваты прапускны рэжым, які ладны час яшчэ існаваў ва ўз’яднанай Беларусі. Мяжа там, па сутнасці, заставалася, і перасекчы яе было зусім не так проста, як цяпер. Але ўрэшце ў Коласа з’явілася сур’ёзная нагода. У Мікалаеўшчыне здарыўся моцны пажар, і класік дайшоў да самога Панамарэнкі, каб сяляне атрымалі належную дапамогу.
— Гэта толькі кажуць, нібы Колас быў скупаваты, — распавядае супрацоўніца філіяла і пляменніца класіка Соф’я Міцкевіч. — Насамрэч ён быў вельмі чулы да чужых патрэб. Дапамагаў рублём і справай як родным, так і амаль незнаёмым.
У коласаўскіх мясцінах мне даводзілася бываць шматразова. А вось у Церабяжы дасюль не трапляў ніколі. Нават пра іх і не чуў. Хаця вясковы пагост на беразе Нёмана цалкам мог бы стаць яшчэ адным месцам літаратурнага паломніцтва. Дый не дзіва — пад сціплымі помнікамі розных часоў тут спачываюць і бацькі Коласа, і знакаміты дзядзька Антось, і многія-многія крэўныя. А распавесці пра кожнага з іх цікавыя, сакавітыя факты, пра якія не прачытаеш у падручніку, ахвотна пагодзяцца нашчадкі — іх і дасюль яшчэ багата жыве ў тых ваколіцах.
Адна праблема: сённяшні стан могілак. Вось і пахаванне маці самастойна знайсці не ўдалося. Добра, на дапамогу прыйшла ўнучатая пляменніца Коласа Галіна Міцкевіч. Непрыкметная магілка ладна абрасла травою. Дайсці да яе пакуль можна, але побач — непралазныя джунглі!
Мясцовыя жыхары кажуць, што самі яны прывесці гэты пагост да ладу сіл не маюць: людзі ж збольшага пажылыя. На музейны філіял, пэўна, таксама надта разлічваць не выпадае. Нават дзіву даешся, як яму ўдаецца падтрымліваць такі бездакорны парадак на ўсіх сваіх аб’ектах — з ягонымі-та сціплымі чалавечымі рэсурсамі. Асабліва калі ўлічыць, што кожны з іх — гэта нават не асобны будынак, а цэлы сядзібны комплекс, дзе толькі касьба адымае шмат сіл. А ўсяго такіх чатыры!
Таму нашчадкі Коласа маюць надзею на мясцовыя ўлады. Зладзіўшы на могілках добрую талаку, цалкам можна будзе ўключыць іх у карту турыстычных мясцін Стаўбцоўшчыны. Можа, варта было б і далікатна паднавіць некаторыя помнікі — і найперш крыж, які вянчаў магілу бацькі Песняра да часоў “ваяўнічага атэізму”. Яны ўжо даўно прамінулі — а крыж не вярнуўся дасюль.
Балазе, і нагода хутка будзе добрая: на наступны год выпадае 140-ы юбілей класіка.