НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ТЭМА
“Белая Вежа” пачыналася ў 1996-м з жадання сабраць разам рускія тэатры былых саюзных рэспублік, аднавіць з імі творчыя сувязі. А калі трэба, аказаць і метадычную дапамогу. Вядома, кожная краіна, стаўшы самастойнай, імкнулася падкрэсліць нацыянальныя рысы свайго мастацтва. Гэта тэндэнцыя захавалася і сёлета. “Жоўтае лісце” з Худжанда (спецыяльны дыплом за захаванне нацыянальных традыцый — народнай артыстцы Таджыкістана Сайром Ісоевай) было насычана таджыкскімі песнямі і танцамі, але чамусьці пад... плюсавую фанаграму — пры тым, што спектакль пастаўлены ў тамтэйшым тэатры музкамедыі, дзе выключна ўсе артысты — спевакі. “А.Л.Ж.И.Р.” з Тбілісі (спецдыплом за шчырасць гістарычнай памяці), заснаваны на дакументальных матэрыялах сталінскіх лагераў, падкрэсліваў грузінскае паходжанне не толькі “бацькі народаў”, але і Берыі. І тым самым выпрацоўваў неабходную ў такіх выпадках рэфлексію на чорныя, непрыемныя старонкі нацыянальнай гісторыі. “Гардэнія” з Ерэвана (лепшы акцёрскі ансамбль) “мікшыравала” нацыянальна-сацыяльныя матывы, раскіданыя па ўсім тэксце сучаснай польскай п’есы, што ставілася ўжо ў Беларусі, і спектакль атрымаўся вельмі армянскім: са сцэнаграфіяй сада-аранжарэі і клаўнадай-буфанадай-эксцэнтрыкай, што адцяняе трагічны напал. Дый фінальны “Дон Кіхот” тэатра Н. Касаткінай і У. Васілёва, які адначасова пачынаў далейшыя гастрольныя паказы гэтага калектыву, успрымаўся дэманстрацыяй раскручанага расійскага брэнда (спецдыплом за творчую адданасць ідэалам рускага класічнага балета).
А што ж беларусы? І ў купалаўскай “Паўлінцы”, што як гасцявы спектакль адкрывала фэст яшчэ да яго афіцыйнага адкрыцця, і ў “Пане Каханку” тэатра імя М.Горкага нацыянальна-гістарычная тэма ўвасабляецца праз даволі традыцыйнае касцюміраванае відовішча. “Нобелеўскі тыдзень” Новага драматычнага тэатра не самы паказальны, але ж зварот да сучаснай беларускай драматургіі. У “Новай зямлі” Брэсцкага тэатра лялек да звыклага рэалізму дадаліся “матэрыялізаваныя”, надзвычай відовішчныя ўвасабленні пораў году, прыродных выяў, нават святых, што быццам сыходзяць з абразоў, і ўсё гэта цалкам адпавядае беларускай ментальнасці. Нарэшце, “Шлюб з ветрам” РТБД, прызнаны лепшым спектаклем фестывалю, сплятае ў адну непадзельную повязь увесь клубок нацыянальных “адмецін”: уласцівы айчыннаму тэатру пачатку ХХ стагоддзя жанр “абраду на сцэне”, зварот да народна-песенных цытат, амаль што абавязковых ледзь не ў кожным беларускім творы, сучасная драматургія нашага Паўла Пражко, заснаваная на “песенных цыклах” (“Дыджэй Павел”, “Два перстні”). Але ўсё гэта пададзена праз агульначалавечыя пытанні ўзаемаадносін пакаленняў, гендарнай праблематыкі, жыцця і смерці, міра і вайны, простых біблейскіх ісцін і запаветаў, што ўпісваюць беларускую тэму ва ўлонне заходнееўрапейскага мастацтва розных эпох.
БЕЗ ЖАНЧЫН НЕ ПРАЖЫЦЬ
Так збегліся спектаклі, што ў цэнтры фестывалю аказалася жаночая тэма. “Шлюб з ветрам” — супрацьстаянне свякрові і нявесткі. “Тайна старога дома” Уладзімірскага тэатра драмы — гісторыя трох сёстраў (са спасылкай на Чэхава) і іх цётак-бабуль. Мюзікл NoRA “Тэатра Пілігрымаў” з Іркуцка паводле “Лялечнага дома” Г. Ібсена — сыход шчаснай, здавалася б, жанчыны ад мужа і дзяцей. “Гардэнія” — летапіс чатырох пакаленняў жанчын (бабуля, маці, дачка, унучка). “Восеньская саната” з Алма-Аты паводле І. Бергмана — наладжванне ўзаемаадносін між знанай піяністкай Шарлотай, для якой кар’ера заўжды была на першым месцы (лепшая жаночая роля — Ірына Лебсак), і яе дачкамі. “Жоўтае лісце” — аповед пра разняволенне сялянскай дзяўчыны-таджычкі. “Лёвушка” кішынёўскага тэатра “З вуліцы Роз” — успаміны героя пра дзвюх ягоных бабуль: украінку і яўрэйку. “Вій” Палескага драмтэатра з Пінска па п’есе “Панначка” Ніны Садур паводле Гогаля — пераасэнсаваная трагедыя дзяўчыны, апанаванай чорнымі сіламі. “Дзень Б” гаспадароў фестывалю — сталенне і развенчванне ілюзій маладой расійскай эмігранткі ў Амерыку. “А.Л.Ж.И.Р.” — трагічныя гісторыі жонак “здраднікаў радзімы” з Акмолінскага лагера. “Бяспечная нота” Творчага аб’яднання “Нетэатр” з Ніжняга Ноўгарада — успаміны жанчыны пра сваё ваеннае дзяцінства.
Сярод такога багацця няпростых жаночых лёсаў апынулася “Вяселле ў стылі рэтра” нашага Музычнага тэатра. Гледачы горача падтрымлівалі кожны выхад народнай артысткі Беларусі Наталлі Гайды, расійскія ж крытыкі здзіўляліся: ці можа быць актуальным сёння аповед пра трох сталых, даволі паспяховых жанчын (адна з іх — былая прымадонна), згодных імгненна кінуць усё і з’ехаць у вёску, дзе прыбіральня на вуліцы, за дзядком-жаніхом.
Сапраўднымі зорачкамі на фестывальным небасхіле ўспрымаліся творчыя працы беларускіх тэатраў лялек. Дарэчы, пераможны “Шлюб з ветрам” ставіла тая ж каманда, што працавала над “Нататкамі юнага лекара” сталічнага тэатра лялек (лепшая мужчынская роля — Дзмітрый Чуйкоў): рэжысёр Яўген Карняг, мастак Таццяна Нерсісян, кампазітар Кацярына Аверкава. Дый у іншых пастаноўках адчувалася ўздзеянне адпаведнай эстэтыкі. Тое ж з’яўленне Вія ў згаданым пінскім прачытанні вырашалася праз жудаснае аблічча роставай лялькі. На жаль, не вельмі ўдала прайшоў “Кандыд, або Аптымізм” з Магілёва, што два з паловай гады таму перамог на Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме “M.@rt.кантакт”. За гэты час там змяніўся акцёрскі склад, штосьці атрымалася крыху іначай. Але ўсё роўна ў спектаклі адчуваліся закладзеныя ў яго арыгінальныя ідэі рэжысуры (Ігар Казакоў), сцэнаграфіі і касцюмаў (Аляксандр Вахрамееў), драматургічнага вырашэння (інсцэніроўку рамана Вальтэра рабіў Дзмітрый Багаслаўскі).
ДАЕШ СІНТЭЗ МАСТАЦТВАЎ!
Сёлетняя “Белая Вежа”, па-ранейшаму пазіцыянаваная як тэатральны фестываль, яшчэ больш настойліва, чым калі, рушыла ў бок сінтэзу мастацтваў. Гэты фэст заўсёды яднаў розныя віды тэатраў. Хоць на цяперашнім форуме не было вулічных спектакляў, якімі заўжды славілася “Белая Вежа”, але былі прадстаўлены мюзікл, класічны і сучасныя балеты, спектаклі тэатраў музкамедый і суцэльны шэраг скрозь музычных спектакляў драматычных калектываў. Але справа не толькі ў такім “унутрытэатральным” сінтэзе: уласна тэатральная праграма спалучалася з дадатковымі мерапрыемствамі — выстаўкамі і канцэртамі.
У фае першага і другога паверхаў Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, які заўжды выступаў галоўным арганізатарам свята і асноўнай фестывальнай лакацыяй, разгарнулася экспазіцыя ІV Міжнароднага конкурсу тэатральнага плаката. Дарэчы, лаўрэатам другой прэміі апынуўся беларускі мастак Юрый Тарэеў — за адлюстраванне “Караля Ліра”.
На ўваходзе ў глядзельныя залы можна было набыць адмысловыя фестывальныя сувеніры, разнастайныя вырабы рамеснікаў — чым не “Горад майстроў”?
У кавярні драмтэатра ладзіліся “Тэатральныя кватэрнікі”, дзе артысты спявалі, музыцыравалі, распавядалі пра сябе, адказвалі на пытанні. Кожны з вечароў быў прысвечаны пэўным імёнам. Адпаведна, публіка ішла не толькі дзеля таго, каб адпачыць, седзячы за столікамі з шампанскім, але і на сустрэчу са сваймі ўлюбёнцамі. У рамках гэтага новага праекту выступілі Ігар Пашэчка і лаўнж-дуэт ViKey Project, Улад Філіпаў — з уласнымі кампазіцыямі і кавер-версіямі сусветных хітоў. Асабіста я патрапіла на Jazz’t Du Et у складзе вакалісткі Ірыны Пашэчка і гітарыста Мікалая Сурмача — і была прыемна ўражана. Нязмушаная атмасфера, што панавала ў тэатральным бары, спалучалася з зусім не рэстараннай манерай і не “кватэрна-хатнім” узроўнем выканання: гэта было штосьці накшталт працягу тых мастацкіх салонаў мінуўшчыны (дастаткова згадаць Парыж сярэдзіны ХІХ стагоддзя), дзе выступалі лепшыя паэты і музыканты. Брэсцкія артысты шчыра дзяліліся тым, што ўпадабалі самі. А ўдзячныя гледачы згадвалі нават былыя спектаклі, што даўно не ідуць: маўляў, праспявайце адтуль песню — вось так, знянацку. І спявалі разам з артыстамі, часам падказваючы ім падзабытыя за 15 гадоў словы.
Яшчэ адной фестывальнай разыначкай стала выстава “Шлях да сцэны” з вольным уваходам для ўсіх ахвотных, уключаючы выпадковых мінакоў, што зацікавіліся ўбачаным бігбордам. Усяго дзесяць твораў, але якіх! Знакаміты эскіз касцюма Жар-птушкі Леона Бакста да аднайменнага балета Стравінскага — і побач выява балерыны, якая гэту партыю танцавала: “Партрэт Тамары Карсавінай” Савелія Сорына — з доўгай, выгнутай, папраўдзе лебядзінай шыяй, што літаральна паглынае аголеныя плечы. Ці эскізы сцэнічных строяў усё таго ж Бакста, што родам з Гродна, да балета “Жартаўніцы” паводле камедыі Гальдоні: гэты балет на музыку Скарлаці ставіў у 1916-м для “Рускіх сезонаў у Парыжы” Леанід Мясін — у стылі “мадэрн у гістарычных касцюмах”. “Князёўна” ўраджэнца Брэста Дзмітрыя Сцялецкага ўвогуле дэманструецца ўпершыню ў Беларусі, а “Казка” і дыптых “Баяры” дазваляюць прасачыць уздзеянне іканапісу, якім гэты скульптар і мастак таксама займаўся, на яго жывапісную манеру. “Вежа Брысак” Фрайбіш-Шрагі Царфіна наўпрост асацыюецца з камянецкай Белай Вежай, што знаходзіцца непадалёк ад Брэста і дала назву ўсяму фестывалю (дарэчы, некаторыя ранейшыя такія фэсты адкрываліся ля сцен гэтай вежы і, у прыватнасці, у 2001-м — “Новай зямлёй” віцебскага Нацыянальнага драмтэатра імя Якуба Коласа). Карціна вабіць і арыгінальна інтэрпрэтаванай тэхнікай пуантылізму, дзе замест маленькіх каляровых кропачак — дастаткова вялікія “кроплі” з размытымі краямі, і нечаканымі фарбамі з надзвычай актуальным сёння спалучэннем розных адценняў шэрага, бэзавага, смарагдавага, і неверагоднай энергетыкай, што ўцягвае гледача ў вір абранай каларыстыкі.
Раптам падумалася пра некаторую пераемнасць “Белай Вежы” са “Славянскім базарам у Віцебску”. Але ж там тэатральная і выставачная праграмы — дадатак да музычнай і спеўных конкурсаў, а тут — наадварот: спектаклі спаборнічаюць у дзівосным атачэнні музыкі, жывапісу, дызайну, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэматычна звязаных з тэатральным. І віцебскі фэст насамрэч “не вінаваты”: падобнае яднанне творчых сіл у розных галінах уласціва фестывальнаму руху ва ўсім свеце. І ў чарговы раз сведчыць пра ўсюдыіснасць і шматаблічнасць не толькі ўласна тэатральнай мадэлі, але і ўсяго фестывальнага развіцця ў нашай краіне.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ