“У рэалізацыі ідэі дапамагалі 61-я авіябаза, якая дыслацыруецца ў Баранавічах, Міністэрства абароны, галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, гарадскі музей. Фінансава дапамагалі гарвыканкам і мясцовы бізнес”, — адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі гарвыканкама Таццяна Шастак.
Гэты школьны музей сучасна аформлены, інфармацыя тут падаецца з ужываннем інтэрактыўных элементаў, якія дазваляюць быць не толькі слухачом экскурсіі, але і стаць віртуальным падарожным па абласцях рэспублікі.
“Наша школа носіць імя двойчы героя Савецкага Саюза лётчыка Сяргея Іванавіча Грыцаўца, таму мы хацелі паглыбіцца ў лётную тэматыку. А ў сувязі з тым, што гэты год абвешчаны Годам народнага адзінства, з’явілася ідэя аб’яднаць гэтыя дзве тэмы”, — паведаміла Таццяна Іванаўна.
Экспазіцыя складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы, пад назвай “У адзінстве наша сіла!”, распавядае пра развіццё беларускай дзяржавы ад часоў Полацкага княства да сучаснасці. Паралельна храналагічна раскрываецца гісторыя Баранавічаў. Цэнтральная частка музея прысвечана цяперашняй Беларусі: на аб’ёмных стэндах прадстаўлены дасягненні краіны, традыцыі нашага народа. Раздзел “Бессмяротны подзвіг “крылатых” герояў” прысвечаны гераізму сучасных лётчыкаў баранавіцкага рэгіёна і Беларусі. Тут размешчаны і авіяцыйны сімулятар, знаходзячыся ў якім можна адчуць сябе ў кабіне самалёта і “палятаць” над роднымі мясцінамі.
“Тэматыка гэтага музея вельмі змястоўная і пазнавальная. Я ўпэўнена, што ён будзе выхоўваць дух патрыятызму ў навучэнцаў, любоў да Радзімы, да роднага краю, павагу да людзей, здольных ахвяраваць сабой дзеля жыцця іншых”, — падвяла вынік размовы кіраўнік упраўлення па адукацыі гарвыканкама.