Як паведамілі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю канцэртнага сезона, цяперашняе харавое свята будзе трэцім па ліку. Першае такое спеўнае “Веча” адбылося ў 2015-м. Праз два гады — другое. Потым з-за каранавірусу быў перапынак, але сёлета буйны харавы сход адна ўляецца — найперш дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі, што падкрэслівалі ўсе выступоўцы.
Ініцыятарамі “Харавога веча” ў свой час выступілі народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі і дацэнт нашай Акадэміі музыкі Тамара Слабодчыкава, якая прыкладае шмат намаганняў для папулярызацыі харавога мастацтва ў краіне. Яшчэ раней ідэю правядзення падобнага “Веча” неаднаразова выказваў народны артыст Беларусі і СССР Віктар Роўда.
Планаваўся ўдзел каля 80-ці калектываў, але з-за няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі прыедуць, магчыма, не ўсе. Тым не менш будуць прадстаўлены самыя розныя хары — усіх складаў і кірункаў: ад прафесійных да аматарскіх, ад дарослых да дзіцячых, ад акадэмічных да народных. Возьме ўдзел і хор “Усіхсвяцкі” прыхода Храма-помніка ў гонар Усіх Святых.
Гала-канцэрт пройдзе ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, дырыжорам выступіць Юрый Караваеў. Саліраваць запрошаны вядомыя оперныя спевакі Ніна Шарубіна і Аляксандр Міхнюк. Кіраваць зводным хорам будуць як знаныя майстры, так і маладыя хормайстры. У выкананні калектываў прагучыць сусветная харавая класіка, апрацоўкі беларускіх народных песень, папулярныя эстрадныя мелодыі, творы беларускіх кампазітараў. Асобныя блокі “Харавога веча” будуць прысвечаны памяці Мітрапаліта Філарэта, Віктара Роўды, Міхася Дрынеўскага. Не будзе забыта тэма Вялікай Айчыннай. А ў цэнтры свята апынуцца лірыка-патрыятычныя кампазіцыі, пачынаючы з прызнанай песеннай класікі нашай краіны — “Радзіма мая дарагая” Уладзіміра Алоўнікава на верш Алеся Бачылы і “Жураўлі на Палессе ляцяць” Ігара Лучанка на словы Алеся Ставера.