Заснавальнікам беларускага мастацкага кіно лічыцца рэжысёр Юрый Тарыч — менавіта ён аўтар першага беларускага ігравога фільма “Лясная быль” (1926 г.) пра барацьбу з іншаземнымі захопнікамі. Тэма барацьбы народа за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне стала вядучай у беларускім кінематографе 20–30-х гадоў. Знакавыя фільмы таго часу — “Кастусь Каліноўскі” рэжысёра Уладзіміра Гардзіна, “Сосны шумяць” рэжысёра Леаніда Малчанава, “У агні народжаная” рэжысёра Уладзіміра Корш-Сабліна. Неўзабаве пачалі з’яўляцца і фільмы, прысвечаныя сучаснасці, і нават першыя фільмы для дзіцячай аўдыторыі, якія паклалі пачатак такой з’яве, як беларускае кіно для дзяцей. З камедый перадваенных гадоў варта ўспомніць усім вядомыя “Дзяўчына спяшаецца на спатканне” (рэж. Міхаіл Вернэр і Сяргей Сідзялёў) і “Маё каханне” (рэж. Уладзімір Корш-Саблін). Здымаліся ў той час і стужкі паводле літаратурных твораў, і многія іншыя: усяго да 1941 года студыя ігравых фільмаў выпусціла каля 60 карцін.
Вайна змяніла прыярытэты — беларускія кінадакументалісты ўдзельнічалі ў здымках фільмаў, прысвечаных ваенным падзеям, здымалі франтавыя рэпартажы, вялі партызанскі кіналетапіс. У 1942 годзе на базе Цэнтральнай аб’яднанай кінастудыі ў Алма-Аце група творчых супрацоўнікаў беларускага кіно выпусціла альманах “Беларускі кіназборнік”, на базе Цэнтральнай студыі дакументальных фільмаў з’явіліся беларускія кіначасопіс, поўнаметражны дакументальны фільм і нават фільм-канцэрт “Жыві, родная Беларусь!”.
Трагедыя і подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне вызначылі тэматыку першых пасляваенных дзесяцігоддзяў у беларускім кіно. Менавіта ў ваеннай тэме кінематограф Беларусі займеў пазнавальныя, нацыянальныя рысы, здымаючы пры гэтым фільмы розных жанраў і рознай стылістычнай накіраванасці. Гэта цэлая эпоха ў нашай нацыянальнай культуры: ад першых вялікіх творчых удач пасляваеннага перыяду — фільма 1949 года “Канстанцін Заслонаў” (рэж. Уладзімір Корш-Саблін і Аляксандр Файнцымер”) і фільма 1958 года “Гадзіннік спыніўся апоўначы” (рэж. Мікалай Фігуроўскі) — да кінахіта 2000 года рэжысёра Міхаіла Пташука “У жніўні 44-га…”. Усе нават толькі самыя лепшыя і вядомыя работы згадаць немагчыма — іх дзясяткі і дзясяткі. Лідарам савецкага кінапракату ў свой час была стужка “Дзяўчынка шукае бацьку” (1959 г.) рэжысёра Льва Голуба. Фільм Віктара Турава “Праз могілкі” (1964 г.) увайшоў у спіс ЮНЕСКА “100 лепшых фільмаў пра вайну”. “Альпійская балада” (1965 г.) Барыса Сцяпанава стала адной з галоўных з’яў савецкага кінематографа таго часу. Самыя першыя песні Уладзіміра Высоцкага пра вайну былі напісаныя для знакавай карціны яго сябра Віктара Турава “Я родам з дзяцінства” (1966 г.). Славутымі сталі фільмы такіх рэжысёраў, як Ігар Дабралюбаў, Валерый Рыбараў, Віталь Чацверыкоў і многіх іншых. Асобна варта вылучыць ваенную драму рэжысёра Элема Клімава “Ідзі і глядзі” паводле сцэнарыя Алеся Адамовіча, знятую сумесна кінастудыямі “Беларусьфільм” і “Масфільм” у 1985 годзе: стужка атрымала нямала прызоў на кінафестывалях, а цяпер у свеце яе часта называюць у пяцёрцы найлепшых фільмаў пра вайну. Згаданы раней фільм Міхаіла Пташука “У жніўні 44-га…” вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў не страчвае сваю заслужаную папулярнасць у гледачоў.
І ў наш час кінастудыя “Беларусьфільм” лічыць ваенную тэму адной з галоўных для сябе. З кінастужак ужо новага стагоддзя можна ўспомніць фільмы “Брэсцкая крэпасць” (2010 г.), “Дняпроўскі рубеж” (2009 г.), “Чаклун і Румба” (2007 г.), “Снайпер” (2009 г.).
У першай палове 50-х гадоў экранізаваліся тэатральныя пастаноўкі: “Паўлінка”, “Спяваюць жаўрукі”, “Хто смяецца апошнім”. З 1960-х гадоў пачалі з’яўляцца фільмы пра гісторыю Беларусі, экранізацыі твораў беларускіх пісьменнікаў, фільмы пра сучаснасць, пра каханне… Хто не ведае трагікамедыю “Белыя росы” рэжысёра Ігара Дабралюбава, якую ў 1984 годзе паглядзела больш за 36 мільёнаў кінагледачоў! Яе рэкорд для беларускага кіно праз шэсць гадоў пабіў іншы лідар кінапракату тых часоў — фільм Валерыя Рыбарава “Мяне клічуць Арлекіна”.
Беларускае кіно для дзяцей і юнацтва вартае асобнай увагі. Гэтыя фільмы ведала кожнае дзіця не толькі ў тыя гады, калі карціны выходзілі на экран: яны і цяпер не састарэлі, яны і цяпер — у топе кінапраглядаў, кажучы сучаснай мовай. Канешне, у першую чаргу трэба ўспомніць музычныя казкі рэжысёра Леаніда Нячаева — “Прыгоды Бураціна” (1975 г.) і “Пра Чырвоную шапачку” (1977 г.), а таксама “Па сакрэце ўсяму свету” (1977 г.) рэжысёра Ігара Дабралюбава, “Корцік”(1973 г.) і “Бронзавую птушку”(1974 г.) рэжысёра Мікалая Калініна, “Апошняе лета дзяцінства”(1974 г.) і “Вянок санетаў” (1977 г.) рэжысёра Валерыя Рубінчыка.
Падзеяй для савецкага тэлебачання 80-х гадоў стаў беларускі гісторыка-прыгодніцкі серыял “Дзяржаўная граніца”, які выходзіў на працягу васьмі гадоў.
За апошнія дзесяцігоддзі беларускае кіно папоўнілася цікавымі работамі, зробленымі на незалежных кінастудыях, і сумеснымі работамі ў супрацоўніцтве Беларусі і іншых краін. Цяпер ідуць здымкі двух серыялаў, прысвечаных знакамітым беларусам: “Першая КінаВідэаКампанія” пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і сумесна з расійскімі партнёрамі здымае фільмы пра музыканта, кіраўніка ВІА “Песняры” Уладзіміра Мулявіна (“За паўгадзіны да вясны”) і пра трохразовага алімпійскага чэмпіёна па вольнай барацьбе Аляксандра Мядзведзя (“Дзесяць жыццяў Мядзведзя”). Творы беларускіх рэжысёраў і аўтараў намінуюцца на самыя разнастайныя прэміі і атрымліваюць прызы на кінафестывалях.
Беларускае анімацыйнае кіно сёлета адзначае 50-гадовы юбілей. Анімацыяй Беларусь магла ганарыцца і раней, ганарыцца і сёння: не мінае і тыдня, каб не прыйшла вестка пра чарговую ўзнагароду таго ці іншага кінафестывалю. Гэты год адзначыўся выхадам на экраны першага для Беларусі поўнаметражнага анімацыйнага мюзікла “Зоркі сёмага неба” рэжысёра Алены Туравай.
У свеце кіно Беларусь вядомая не толькі сваімі фільмамі, але і Мінскім міжнародным кінафестывалем “Лістапад”, які гэтай восенню пройдзе ўжо 27-ы раз.