– На аўтарскай выставе Ганны Іванаўны пад назвай “Магічныя травы” дэкаратыўна-прыкладное мастацтва прадстаўлена ў двух кірунках: вышыўка ў тэхніцы крыжа і фларыстыка ў плоскасці, — распавядае малодшы навуковы супрацоўнік Марына Савіцкая. — Галоўная задумка экспазіцыі — паказ прыгажосці прыроды...
А ўсё пачалося ў Ганны Іванаўны з ранняга дзяцінства. Галоўным наватарам ідэй і натхняльнікам для яе была маці, а першым інструментам у працы стала іголка. “Мама сядзела за кроснамі, а я вышывала”, — згадвала майстрыха. Цяжка пералічыць, колькі сарочак, сурвэтак ды ручнікоў упрыгожаны яе рукамі.
Вельмі плённым для Ганны Іванаўны быў час захаплення роспісам па шкле. Ён быў распаўсюджаны пад уплывам еўрапейскай моды на тэрыторыі Беларусі ў 50-я гг. мінулага стагоддзя. Найбольш папулярнымі матывамі служылі букеты кветак, ідэалістычныя сцэнкі з выявамі людзей і жывёл, закаханых пар, радзей — біблейскіх сюжэтаў. На гатовы роспіс накладалася каляровая фольга, таму паверхня зіхацела і перадавала празрыстасць шкла.
– Час роспісу для мяне прыйшоўся на 60-я гады. Спрыяла хваля запатрабаванасці ў нашай мясцовасці. Аднавяскоўцы набывалі і ўпрыгожвалі хатні інтэр’ер такімі карцінамі. Асабліва ўрачыста выглядаў роспіс акладаў у праваслаўных іконах, калі яны віселі групай, пакрытыя набожнікамі, — працягвае свой аповед Ганна Іванаўна. — Мне хацелася маляваць такія аклады на сваіх каталіцкіх. Пачытаць, як гэта зрабіць, і павучыцца не было ў каго. Купіла пяро, асадку, туш, “Ленинградские” фарбы і праз памылкі самастойна дабілася выніку…
Ганна Іванаўна на практычным занятку з удзельнікамі клуба “Вытокі” дала майстар-клас роспісу па шкле, падзяліўшыся асноўнымі сакрэтамі майстэрства. З хатняй калекцыі мастачка прадставіла гледачам некалькі работ з выявамі кветак, варыянты акладаў на іконах.
Шмат пытанняў атрымала Ганна Іванаўна пра фларыстыку. Гэта вельмі старажытны род заняткаў. Ён патрабуе навыкаў назірання за навакольным светам, ведаў па зборы і захаванні зёлак, ведання асноў колеразнаўства і кампазіцыі.
– У мяне тут шматгадовы вопыт. Зёлкі можна нарыхтоўваць у любую пару года, а вялікая колькасць казурак ляжыць на ўзбочынах дарог, якія гінуць, трапляючы на шкло сустрэчных машын. Правільна засушаныя матылькі і казуркі гарманічна дапаўняюць і ажыўляюць кветкавыя нацюрморты. Пісьменна складзеныя кампазіцыі захоўваюць колер да шасці гадоў! Насычанасць будзе павольна затухаць, калі работы аддаліць ад прамых сонечных прамянёў, — працягвае гаворку аўтар.
Дарэчы, фларыстычныя работы Ганны Іванаўны знаходзяцца ва ўласных калекцыях знатакоў мастацтва Беларусі, Расіі, США, В’етнама і іншых дзяржаў.
У жыцці здараецца так, што людзі, атрымаўшы мастацкую адукацыю, не маюць прафесійнага росту. У выпадку з нашай гераіняй усё наадварот. Не маючы мастацкай адукацыі, але пастаянна займаючыся самаадукацыяй, жанчына сама сябе падняла на высокі прафесійны ўзровень. На пытанне, чым з’яўляецца для яе мастацтва: хобі ці работай, адказ быў упэўнены і кароткі: “Хобі для мяне — рыбалка, а заняткі творчасцю — неабходнасць майго існавання!”
Ірына ДЫДЫШКА,
метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтр культуры
і народнай творчасці.