“Сёстры Дастаеўскія” запрашаюць…

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

У Мінскім абласным драматычным тэатры, што ў Маладзечне, адбылася здача спектакля “Сёстры Дастаеўскія” мастацкаму савету і камісіі Міністэрства культуры Беларусі. Прэм’ерныя паказы пройдуць у верасні, на адкрыцці новага сезона.

/i/content/pi/cult/863/18314/014.jpgПа жанры гэта гістарычны дэтэктыў з элементамі меладрамы. Але займальная інтрыга, звязаная з пошукамі забойцы ўладальніка маёнтка — сужэнца адной з сёстраў Дастаеўскіх, — спалучаецца з адукацыйнасцю. Спектакль заснаваны на рэальных падзеях ХVII стагоддзя, па тэксце раскідана шмат дэталяў пазнавальнага характару, што складаюць больш поўную карціну жыцця ў адным з маёнткаў Мінскага ваяводства, судовай практыкі ў часы Рэчы Паспалітай. Прымеркаваны да 200-годдзя з дня народзінаў Фёдара Дастаеўскага, спектакль у чарговы раз засяроджвае грамадскую ўвагу на беларускіх каранях роду сусветна знакамітага пісьменніка.

У аснове — п’еса “Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы” беларускага пісьменніка, драматурга, сцэнарыста Ягора Конева. Напісаная ў 2015 годзе, сярод іншых твораў аўтара яна была адзначана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй. Паводле яе быў створаны радыёспектакль, прычым у дзвюх версіях — больш поўнай і скарочанай (рэжысёр — Алег Вінярскі). Але ж на тэатральную сцэну п’еса патрапіла ўпершыню: заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, рэжысёр Валерый Анісенка як мастацкі кіраўнік Мінскага абласнога драмтэатра прапанаваў яе пастаноўку гэтаму калектыву. Яго паплечнікамі сталі мастак Андрэй Жыгур, кампазітар Цімур Каліноўскі і, зразумела, артысты тэатра, што перажылі ўсю спякоту не толькі надвор’я, але і рэпетыцыйнага працэсу.

— Я даўно не бачыла спектакляў вашага тэатра, які мае багатую, хай і не такую працяглую, гісторыю, свой твар і рэпертуар, — сказала ў час абмеркавання доктар мастацтвазнаўства Вераніка Ярмалінская, загадчыца аддзела тэатральнага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — Было вельмі хвалююча ехаць на спектакль, што зацікавіў нас ужо сваім матэрыялам, абраным Валерыем Анісенкам — майстрам, якіх у нас амаль не засталося. Бо павінен быць не толькі тэатр авангарду, эксперыменту, але і тэатр глыбокіх пачуццяў і перажыванняў, якога прагне пэўная частка нашых гледачоў. Спектакль цікавы найперш закранутай гісторыяй, за якой сочыш з непрыхаванай цікавасцю. Заварожвае ўжо першая сцэна, дзе выходзіць Алег Чэчанеў і адразу дасылае ў залу сваю энергетыку. Увогуле, усе акцёрскія работы вельмі добрыя, прыцягваюць сваёй прафесійнасцю. Сцэнаграфія даволі сціплая, але функцыянальная. Іншай і не трэба, бо рэжысёр імкнуўся засяродзіць увагу на акцёрах. Сцэнічныя строі зроблены з вялікім густам. Спачатку здалося, што музыкі крыху малавата, але потым стала зразумела, што замнога яе быць не павінна: хапае тых яркіх кропляў, што маюцца цяпер. Спектакль атрымаўся вельмі ўдалы, ідзе на беларускай мове і павінен быць паказаны на VIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча, што адбудзецца сёлета ў Бабруйску.

— Такога задавальнення, што я сёння атрымала для сэрца і душы, я даўно ўжо ў тэатры не бачыла, — працягнула размову Вольга Сталярова, нядаўняя аспірантка, а цяпер педагог Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. — Апошнім часам распаўсюджана адна форма, адпаведна якой акцёры ілюструюць тэкст. А тут — сапраўдны псіхалагічны тэатр, жывое дзеянне. Такі спектакль павінен быць вылучаны на Нацыянальную тэатральную прэмію.

— Я прысутнічала на чытцы гэтага твора, яна мяне вельмі захапіла, — прызналася дырэктар тэатра Алена Сакалоўская. — Бо расказаная ў п’есе гісторыя літаральна паўставала на вачах. Калі ўбачыла спектакль цалкам, ён мне вельмі спадабаўся. Бо гэта штосьці новае, незвычайнае для нашага гледача. З’явілася нават ідэя замовіць драматургам п’есу пра гісторыю горада Маладзечна. З такім акцёрскім складам, дзе кожны артыст — індывідуальнасць, талент і рэжысёр імкнецца гэта разгледзець і паказаць гледачу, тэатр можа многага дасягнуць. Апошнія чатыры месяцы ўсе працавалі па 24 гадзіны на суткі, рабочы працэс не супыняўся ні на хвіліну. Мы маленькі тэатр, у нас няма мільярдаў на тую ці іншую пастаноўку. Але мы выжылі і, дзякуючы фантазіі і ўменню людзей, што тут працуюць, змаглі за невялікія грошы зрабіць такі спектакль. Гэта дарагога каштуе, бо сведчыць аб прафесіяналізме людзей, што працавалі ў гэтай камандзе. Хочацца, каб спектакль палюбіўся публіцы і прынёс нам не толькі магчымасць паўдзельнічаць у нейкім фестывалі, але і глядацкую цікавасць.

Вынік падвяла Лізавета Грэнкевіч, кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Беларусі: спектакль будзе ўключаны ў праграму VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.Дуніна-Марцінкевіча.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"