Калі вада становіцца ільдом. Ці наадварот

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

Выстава “Каля нуля” працавала ў Палацы мастацтва адначасова з вялікай экспазіцыяй “Нямігі-17”. У ёй бралі ўдзел Кацярына Сумарава, Андрэй Басалыга, Святлана Бараноўская, Марына Бацюкова і іншыя. У экспазіцыі былі жывапіс, графіка, пластыка, тэкстыль, кераміка, фота.

/i/content/pi/cult/862/18296/013.jpgТая акалічнасць, што дзве групавыя выставы мастакоў розных пакаленняў сышліся ў адной экспазіцыйнай прасторы, стварыла магчымасць параўнаць, што мелі на ўвазе, гаворачы пра творчую супольнасць на мяжы 80-х і 90-х гадоў і сёння. У згаданыя часы, што ўжо сталі гісторыяй, у творчых саюзах адбываўся свайго роду “парад суверэнітэтаў”. У прыватнасці ў Саюзе мастакоў утвараліся творчыя суполкі, якія нават адваёўвалі сабе правы, роўныя правам секцый па спецыялізацыях, і, адпаведна, мелі прадстаўніцтва ў кіраўніцтве саюза. І пры гэтым цураліся хоць якой “генеральнай лініі”, неабходнай хаця б для захавання структуры саюза. Як кажуць, “і дома, і замужам”.

Потым неяк усё ўсталявалася на больш-менш прымальны для ўсіх лад. Некаторыя “рэлікты” тае пары, перажыўшы крызіс, існуюць і дагэтуль. А іншыя, адыграўшы ў цэлым станоўчую ролю на культурніцкай прасторы, самаліквідаваліся. Сябры гэтых суполак вярнуліся ў спецыялізаваныя секцыі.

Дык вось ужо сам склад тых творчых аб’яднанняў паводле творчых інтарэсаў і ідэйных арыенціраў быў падабенствам маніфеста і дэкларацыі аб намерах. Бо ўсе ведалі, чаго можна чакаць ад мастакоў, што згрупаваліся вакол Зоі Літвінавай, Фелікса Янушкевіча ці іншых асоб, чые імёны былі на слыху.

Калі такая суполка ладзіла выставу, не было патрэбы прыдумляць экспазіцыі кідкую назву, а ў прэс-рэлізе мудрагеліста тлумачыць мэты творчай акцыі. Пішаш “Няміга” альбо “Квадрат” — і ўсё і так зразумела.

Сёння сітуацыі іншая. Новыя аб’яднанні не паўстаюць, а толькі ладзяцца сумесныя выставачныя праекты, у межах якіх адбываецца сумоўе не ідэйнае, але, хутчэй, сітуацыйнае. Можна з гэтай нагоды казаць, што ў творчых асяродках паменела калектывізму, а дадалося прагматызму — што цалкам адпавядае сённяшняму стану нашага грамадства.

Выстава, пра якую ідзе гаворка, якраз з такога шэрагу. Паколькі ва ўдзельнікаў няма агульнага ідэйнага грунту, які сам па сабе ўжо ёсць элемент іміджу, па якім глядач вылучае творцу ці кола творцаў сярод іншых, даводзіцца больш дбаць пра рэкламу. Праекту даецца нязвыклая на слых, эфектная назва, вынаходзіцца для яго канцэпцыя, абавязкова арыгінальная. Прычым ні назва, ні канцэпцыя на справе можа не мець ніякага дачынення да таго, што ў экспазіцыі прадстаўлена.

Я выставу “Каля нуля” бачыў, і яна мне, у адрозненне ад яе назвы, спадабалася. Найперш таму, што на ёй шэраг цікавых твораў прадставілі мастакі, якія не надта часта выходзяць на кантакт з глядацкай аўдыторыяй. Няглядзячы на тое, што ім ёсць што сказаць, што абмеркаваць з зацікаўленаю грамадою. А вось наконт таго, якое дачыненне да ўсяго гэтага мае тэмпература, блізка якой замярзае вада і растае лёд (дарэчы, тут шмат нюансаў, ды і Кельвін, Фарэнгейт, Цэльсій бачаць сітуацыю па-рознаму), я магу толькі здагадвацца.

Зноў жа варты ўвагі досвед пабудовы гарманічнай кампазіцыі з чыннікаў, якія звычайна не стасуюцца. Прынамсі, не стасуюцца проста. І ў рэшце рэшт я заўсёды шаную творчую працу як такую.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"