Мелодыі краіны і дажджу

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

Учора на Алеі славы Усходніх могілак адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця помніка народнаму артысту Беларусі і СССР, кампазітару Ігару Лучанку. Дата была абрана невыпадкова: 6 жніўня споўнілася 83 гады з дня народзінаў знакамітага творцы, што пайшоў з жыцця ў лістападзе 2018-га.

/i/content/pi/cult/862/18288/03.jpgЗ прамовамі, што падкрэслівалі значнасць асобы кампазітара, успамінамі пра яго выступілі міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч, удава Лучанка — Аляксандра Рыгораўна, пісьменнік Уладзімір Ліпскі — аўтар грунтоўнай дакументальнай аповесці пра Лучанка “Басанож па зорках”, старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, заслужаны артыст Беларусі Уладзіслаў Місевіч, што быў у складзе “Песняроў” Уладзіміра Мулявіна, і інш.

Унёсак І.Лучанка ў скарбніцу нацыянальнай культуры пераацаніць немагчыма: ягоныя песні сталі сімвалам эпохі, яе пазнакальнымі знакамі. Невыпадкова фрагмент мелодыі яго “Песні пра Мінск” — неад’емная частка гукавай аўры сталічнай прасторы: менавіта гэты музычны матыў усталяваны на гадзінніку гарадской ратушы. Песня “Жураўлі на Палессе ляцяць” адразу выклікае ў памяці беларускія краявіды. А Дзень Перамогі ўжо больш як 35 гадоў асацыюецца з лучанкоўскім “Майскім вальсам” на словы паэта-франтавіка Міхаіла Ясеня.

Выява Ігара Лучанка таксама атрымалася надзвычай музычнай. Бы крылы кампазітара, застылыя ў паветры, “лётаюць” ноты яго песні “Мой родны кут”, дзе ўваспеты радкі Якуба Коласа. Дый сам пастамент нагадвае абрысы раяля: гэты інструмент стаяў і ў хатнім кабінеце творцы, і ў працоўным — у Беларускім саюзе кампазітараў, які Лучанок узначальваў цягам 38 гадоў, з 1980-га і да сваёй смерці.

Музычным было і адкрыццё помніка: творы кампазітара выканалі Харавы ансамбль Concertino (мастацкі кіраўнік — Аляксей Снітко), што існуе пры Беларускім саюзе кампазітараў, саліст Маладзёжнага тэатра эстрады Аляксандр Саванец.

Помнік зроблены і ўсталяваны пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі, якое папярэдне праводзіла творчы конкурс праектаў на стварэнне гэтага мемарыялу. Аўтарамі з’яўляюцца скульптары Іван Міско, Аляксандр Фінскі і архітэктар Віктар Крамарэнка.

— Ігар Лучанок часта заходзіў у маю майстэрню, — узгадвае народны мастак Беларусі Іван Міско. — Яна знаходзіцца непадалёк ад Саюза кампазітараў, і ён завітваў гарбаты папіць, пагаварыць. А калі выкладаў у кансерваторыі і быў яе рэктарам, дык прыводзіў сюды нават кітайскіх студэнтаў, каб бліжэй пазнаёміліся з нашай культурай. Вядома, я скарыстоўваў тыя моманты: рабіў накіды з пластыліну, шматлікія эскізы ягонага партрэта, якія вельмі прыдаліся ў час працы над помнікам. Юрый Іваноў часцяком фатаграфаваў усё гэта, а я запісваў на відэакамеру. Ігар не звяртаў на яе ўвагі, думаў, што выключана, таму паводзіў сябе натуральна — як ёсць. Ён увогуле заўжды быў паглыблены ў свае мысленчыя працэсы: думаю, музыка не пакідала яго ні на хвіліну. Нават на рыбалцы сядзеў з паперамі, нешта пісаў, увесь сыходзіў у працу — мелодыі яго папросту пераследавалі, пэўна, ён і ўва сне музыку пісаў. Неяк прызнаўся мне, што, калі быў дэпутатам, часу на пасяджэннях не марнаваў: сядзеў з разумным відам — і сачыняў. Таму і ўзнікла ў мяне ідэя ягонага бюсту з нотамі над галавой. Я зрабіў яго за два гады да яго смерці. Ён паглядзеў і сказаў: “Міско мяне вывеў з рогамі, але ж “рогі” ў мяне музычныя”.

Доўга марыў зрабіць прыжыццёвы злепак з ягонага твару. Усё шукаў падыходы, як яго ўгаварыць. Але давялося зрабіць злепак з рукі. Аднойчы бачу, ён у добрым настроі, кажу: “Якая ў цябе рука прыгожая! Давай злепак зробім”. А ён: “Навошта?” — “Ну як навошта? Для гісторыі. Ва ўсіх знакамітых людзей злепкі робяць. Дык з якой лепей — з правай, левай?” — “Давай тады правую: яна ў мяне працоўная”. Хуценька развёў гіпс, змазаў руку вазілінам — вядома, здымаў усё на відэа, фота. Зрабіў адліў, і Лучанок напісаў на ім ноты. Гэта ўжо музейны экспанат. А яшчэ Лучанок пакінуў аўтографы на дзвярах маёй майстэрні — таксама калісьці будзе для музея. Пакуль хіба майку выпусцілі з яго аўтографам і нотамі — “Мой родны кут, як ты мне мілы”.

А вы звярнулі ўвагу? Дзень яго народзінаў, адкрываем помнік — ідзе дождж, якога доўгі час не было. Ды гэта не дождж — гэта надвор’е плача. І плач той не толькі жалобны, але і музычны, бо кроплі падаюць нотамі, быццам на нашых вачах складаюць усё новыя і новыя мелодыі.

Пагадзіцеся, аднаго нашага помніка для ўвекавечвання памяці Ігара Лучанка недастаткова. Гэты творца варты куды большага. Яго іменем трэба было б назваць сквер, усталяваць там яго бюст. Я звяртаўся з гэтай і іншымі ідэямі ў гарвыканкам, мне адказалі, маўляў, фармулюйце прапановы, а мы будзем іх разглядаць. Варыянтаў можа быць безліч! Усім зацікаўленым асобам было б няблага неяк сабрацца, спакойна абмеркаваць гэтае пытанне. Памятаю, калі ў 1960-х да нас прыязджала Надзя Лежэ, дык хадзіла паўсюль са сваім дыктафонам. Мы глядзелі на тую “цуда-тэхніку” са здзіўленнем, а яна казала: “Ніводнага слова на вецер! Усё павінна быць запісана”. Залатыя словы! Бо час сцірае, змывае многія дэталі, і яго трэба берагчы, занатоўваць для нашчадкаў імгненні, што так хутка сыходзяць і больш не вяртаюцца.

Сапраўды, лепей за ўсё гэта вядома тым, хто звязаны з выяўленчым мастацтвам. І цяперашні помнік Ігару Лучанку — чарговая спроба спыніць чароўнае імгненне, пакінуць яго ў гісторыі і чалавечай памяці.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"