Беларуская “Забава” — і свята, і конкурс

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

Міжнароднае свята мастацтваў, што называецца “Славянскім базарам у Віцебску”, — гэта не толькі песні з вялікіх сцэнаў, да якіх прыкута ўвага прэсы і гледачоў: традыцыйна гэта і свята народнага мастацтва, народных майстроў. Менавіта да фестывальных ліпеньскіх дзён ужо многа гадоў прымяркоўваюцца вялікія і значныя падзеі — агляды, святы, конкурсы беларускіх рамёстваў, што збіраюць лепшых творцаў з усёй Беларусі і што робяць значны ўнёсак у адраджэнне многіх і многіх забытых беларускіх традыцый. Так і сёлета ў Віцебску прайшло свята-конкурс майстроў народнай цацкі і лялькі “Забава-2021”, якое не проста ўпрыгожыла фестывальныя віцебскія вуліцы і завабіла гледачоў цікавымі вырабамі, але і вызначыла лепшых лялечных і цацачных майстроў ажно ў сямі намінацыях! Гран-пры конкурсу “Забава-2021” атрымала Наталля Петухова з Лепельскага Цэнтра рамёстваў.

/i/content/pi/cult/861/18284/025.jpgЦацка, лялька — быццам бы несур’ёзная, дзіцячая рэч. Але ў конкурсе “Забава”, які сёлета праходзіў ужо другі раз і праходзіў пад патранажам Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і іншых спецыялістаў у гэтай галіне, нічога несур’ёзнага і выпадковага не было. Хоць сонечнымі фестывальнымі днямі прыгожа апранутыя ў беларускія строі майстры разам са сваімі цацкамі і лялькамі на вуліцах Віцебска і выглядалі менавіта як элемент свята, але насамрэч за кожным вырабам стаяла і навукова абгрунтаваная праца — бо ўсё рабілася згодна з народнай традыцыяй. Больш за тое, шмат у чым гэта была дэманстрацыя адроджаных традыцый, якія ў нашым часе ўжо практычна зніклі. Натуральна, у мінулым цацкі і лялькі былі вельмі значнай часткай культуры, у іх быў не проста забаўляльны ці выхаваўчы сэнс, але часам і сакральны, рытуальны, яны мелі свае рэгіянальныя адметнасці і карані ў міфалогіі.

— Традыцыі ў гэтай галіне, на жаль, даўно забытыя, — кажа старшыня журы, знакаміты фалькларыст і этнолаг, мастацтвазнаўца, старшыня Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута. — Старадаўніх арыгіналаў, асабліва калі казаць пра тэкстыльную ляльку, практычна не захавалася — бо з-за ўласцівасці саміх матэрыялаў у іх быў не доўгі век. Трохі больш засталося гліняных цацак. Але ў асноўным усё толькі па памяці: самага апошняга “жывога” майстра са старэйшага пакалення я сустракаў недзе яшчэ ў 70-х гадах. Зараз на розных святах і кірмашах мы часта бачым лялек, але, на мой вялікі сум, гэта ўсё ідзе ад інтэрнэту і масавай культуры, нават калі і выдаецца за беларускую традыцыю. Таму і стаіць перад намі, навукоўцамі, задача — узняць гэты пласт народнай культуры з небыцця, далучыць маладое пакаленне майстроў да традыцыйных беларускіх лялек і цацак. Пераацаніць тое, што робіцца на Віцебшчыне па адраджэнні традыцый, проста немагчыма. І радуе, што, праводзячы ўжо другую “Забаву”, мы бачым вельмі прыкметную станоўчую дынаміку развіцця мастацтва цацкі і лялькі.

/i/content/pi/cult/861/18284/026.jpgЯўген Міхайлавіч увогуле не стамляецца захапляцца дасягненнямі мясцовых рупліўцаў на ніве народнай культуры, згадваючы, што яшчэ 20–30 гадоў таму на віцебскіх землях амаль нічога і нікога немагчыма было знайсці, у тым ліку не было і ніводнага цацачніка. А вось цяпер адзін за адным бліскуча адраджаюцца розныя рамёствы, а майстры, супрацоўнікі мясцовых Дамоў рамёстваў і Дамоў народнай творчасці, могуць пахваліцца высокім узроўнем сваіх вырабаў, сваёй, у многіх выпадках менавіта творчасцю. Летась якраз “цацачная” традыцыя Віцебшчыны атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці — гаворка пра гліняныя цацкі Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння.

У другім свяце-конкурсе “Забава” (першы праходзіў таксама ў межах фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” ў 2015 годзе) удзельнічала каля 70 майстроў з усёй Беларусі — афіцыйна гэты конкурс “адкрыты абласны”, і адкрыты ён нават замежнікам: праўда, з замежных гасцей сёлета здолеў пабываць толькі адзін юны майстар з Украіны. Затое былі прадстаўлены ўсе вобласці Беларусі. Перамогі ў большасці намінацый атрымалі ўсё ж мясцовыя майстры, але дыпломы за другое і трэцяе месцы трапілі ў рукі многіх прадстаўнікоў іншых рэгіёнаў Беларусі.

Паводле меркаванняў членаў надзвычай кампетэнтнага журы, яны ўбачылі вельмі добрых майстроў і парадаваліся іх высокаму ўзроўню. У ліку суддзяў былі яшчэ загадчык кафедры народных рамёстваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Рыгор Шаура, прафесар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Любоў Раманенка, дацэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава Галіна Бабровіч і Людміла Вакар. Якраз Людміла Вакар у якасці вядучага метадыста Віцебскага АМЦНТ на працягу многіх гадоў і рухала сярод іншых справу адраджэння народных рамёстваў. Журы падыходзіла да прадстаўленых работ з даволі жорсткімі крытэрыямі: адпаведнасць народным традыцыям — мясцовым ці агульнабеларускім, высокая тэхналагічная якасць выканання і, натуральна, творчы мастацкі дух, які асабліва цаніўся, напрыклад, у намінацыі “Аўтарская лялька”. У ёй перамогу атрымала Людміла Кавальчук з Віцебска, што вырабіла набор керамічных шахматных фігур на гістарычную тэматыку: Яўген Сахута ацаніў гэтыя шахматы як “унікальную аўтарскую работу”.

Увогуле, лепшыя вызначаліся ажно ў сямі намінацыях, а вось Гран-пры было ўручана па-за намінацыяй. Галоўную ўзнагароду атрымала Наталля Петухова з Лепельскага Цэнтра рамёстваў — яна так уразіла журы сваёй калекцыяй лялек у традыцыйных беларускіх строях з розных рэгіёнаў Беларусі, што рашэнне было адзінагалосным. Найбольш суддзі ацанілі, што кожны касцюм быў зроблены з неверагоднай дакладнасцю і адпаведнасцю традыцыі. Наталля Петухова не навічок у гэтай галіне, чалавек аўтарытэтны, адукаваны спецыяліст па ткацтве, але ўмее і многае іншае. Асабліва шмат прызоў на розных конкурсах яна атрымлівае за сваіх лялек. Па ўмовах спаборніцтва канкурсанты павінны былі вырабіць цацку ці ляльку проста там на вуліцы, публічна, у рэжыме рэальнага часу: Наталля Петухова і тут здолела адзначыцца сваім майстэрствам.

Цяпер пагаворым пра іншыя намінацыі і назавём хаця б пераможцаў, бо ўсіх лаўрэатаў і пералічыць немагчыма. Самая масавая намінацыя, прадстаўленая найбольшай колькасцю экспанатаў, — “Тэкстыльная лялька”. І гэта зразумела: такія лялькі самыя папулярныя і яскравыя. Пераможца — Галіна Ханяк з Бешанковіцкага Дома рамёстваў, якая прадставіла этнаграфічных лялек. Дарэчы, якраз у гэтай намінацыі адзін з некалькіх дыпломаў за трэцяе месца атрымаў 11-гадовы Багдан Перацятка з украінскага Івана-Франкоўска.

Асобная намінацыя — “Лепшая хатняя калекцыя”. Пераможца — Уладзімір Квашко з Сенненскага Дома рамёстваў з калекцыяй гліняных цацак, вырабленых адпаведна з мясцовымі традыцыямі. Якраз гэтыя цацкі з ліку тых, што яшчэ нядаўна былі практычна забытыя. “Народная гліняная цацка”: тут пераможцай стала Вольга Аляксеева з Дома рамёстваў у Дуброўне, якая прадставіла рэплікі традыцыйнай марачоўскай свістулькі — падняпроўскай цацкі.

Даволі незвычайнай можна назваць намінацыю “Традыцыйная механічная драўляная цацка”. У адрозненне ад іншых намінацый, у якіх пераважаюць майстры-жанчыны, тут пануюць мужчыны. Такія лялькі ў параўнанні з іншымі забытыя яшчэ мацней, калі можна так сказаць. Перамога — у Віктара Гарбачова з Докшыцкага Дома рамёстваў. Ён вырабіў цэлыя драўляныя кампазіцыі з традыцыйнымі сялянскімі сюжэтамі: можа, і адышоўшы трохі ад канонаў мінулага, але з сапраўдным творчым падыходам. Яго работы выклікалі вялікую цікавасць як у дзіцячай, так і ў дарослай публікі.

І яшчэ дзве адметныя намінацыі: “Тэатральная лялька” — першае месца за лялек з беларускай батлейкі ў майстрыцы з Іўя, што на Гродзеншчыне, Ірыны Дыдышка; “Цацка з прыродных і рэдкіх матэрыялаў” — перамогу атрымала Таццяна Гаварцова з Докшыцаў.

Другі конкурс “Забава” прайшоў праз шэсць гадоў пасля першага, але цяпер, мяркуецца, ён будзе адбывацца значна часцей, бо з’явілася вялікая колькасць вельмі добрых майстроў. А яшчэ ёсць пажаданне ад спецыялістаў і членаў журы, якое мае ўсе шансы стаць рэальнасцю, — каб “Забава” і афіцыйна атрымала статус рэспубліканскага конкурсу, якім яно па вялікім рахунку ўжо і з’яўляецца.