Выстава прысвечана не юбілею суполкі, а гадавіне з часу яе стварэння. Гэта прынцыповы момант, бо самой суполкі ўжо няма. Апошні раз агульную выставу сябры “Нямігі-17” ладзілі амаль дваццаць гадоў таму. І не абы-дзе, але ў славутай Траццякоўцы. Гэта была кульмінацыя гісторыі творчага аб’яднання. Больш “нямігаўцы” разам не збіраюццца. Працуюць паасобку, але ў творчасці кіруюцца прынцыпамі, якія калісь трымалі іх разам.
Зыходна суполка складалася з дзевяці чалавек, пазней пашырылася. Хтосьці з “нямігаўцаў” быў у суполцы ад пачатку да заканчэння яе гісторыі, хтосьці — больш-менш працяглы час. Але творчыя і чалавечыя кантакты “нямігаўскага” фармату дазволілі кожнаму акрэсліць свае погляды, прыярытэты, стыль, почырк.
“Няміга-17” гэта Альгерд Малішэўскі, Алег Маціевіч, Мікола Бушчык, Анатоль Кузняцоў, Леанід Хобатаў, Сяргей Кірушчанка, Тамара Сакалова, Аляксандр Мятліцкі, Алесь Цыркуноў, Галіна Гаравая. Гэта мастакі. А яшчэ мастацтвазнаўцы — Ірына Стальная і Валерый Буйвал. Усе імёны зорныя. Калі б справа датычылася музыкі, гэта называлася б “ансамбль салістаў” — то бок кожны з ансамбля лёгка мог бы зладзіць сольны канцэрт. У нашым выпадку — годную персанальную выставу.
Калі коратка сказаць пра ролю “Нямігі-17” у нашай культуры, дык сябры суполкі сваёй творчасцю перакнаўча давялі, што высокакласнае мастацтва можа быць і па-за межамі рэалізму, які квітнее на акадэмічным грунце. Яно нібыта і без іх вядома было, але чыста тэарэтычна — праз наша знаёмства з актуальным замежным мастацтвам і падзабытым нашым авангардам пачатку мінулага стагоддзя. А тут цэлай групай таленавітых мастакоў на практыцы было прадэманстравана, што абстрактная ці абстрагаваная форма можа быць эстэтычна не менш эфектнай і каштоўнай, чым наш улюбёны рэалізм “перасоўніцкага” кшталту.
Мой настаўнік па Тэатральна-мастацкім інстытуце Леў Іванавіч Талбузін вучыў студэнтаў, што замест таго каб разважаць, якой павінна быць тая ці іншая рэч, трэба зрабіць і паказаць. Будзе прадмет, матэрыяльны носьбіт ідэі, тады і будзе пра што разважаць. Менавіта гэты прынцып і быў, як я мяркую, рэалізаваны ў супольнай працы “Нямігі -17”.
Выстава, пра якую ідзе гаворка, рэтраспектыўная. На ёй прадстаўлена тое, што ўжо стала гісторыяй. Але асабіста я ўспрымаю пабачанае сучасным і надзвычай актуальным. Бо там ёсць той дух свабоды і набытае праз жыццёвы і творчы досвед пачуццё самадастковасці (не блытаць з самаўпэўненасцю — гэта розныя рэчы), якіх часам не стае маладзейшым калегам “нямігаўцаў”, хоць магчымасцяў для самарэалізацыі ў сённяшняй моладзі болей.
“Няміга-17” належыць вельмі канкрэтнаму гістарычнаму часу. Такая мастацкая з'ява не магла здарыцца раней і наўрацці мела б годны розгалас пазней, калі ў мастацтве і грамадстве зрухі рэвалюцыйнага характару сталі незваротнымі. Суполка паўстала ў тыя гады, калі шчыліны пайшлі ўжо па падмурку гмаху савецкай сістэмы, і тым, хто сілкаваўся з ідэалогіі, стала не да аздобы фасада. Але сябры “Нямігі-17” выключна сваёй творчай працай стварылі моцны задзел на будучыню, якая сёння магчыма яшчэ толькі пачынаецца.
Згаданы вышэй Валерый Буйвал так пісаў пра сваіх сяброў: “Наш саюз мы назвалі так не толькі таму, што большая частка майстэрань знаходзіцца на вуліцы Няміга ў Мінску, пра гэтыя мясціны пісаў яшчэ аўтар “Слова аб палку Ігаравым”. Імя рачулкі, загнанай пад зямлю — гэта сімвал, які нас хвалюе. Знішчэнне старой вуліцы Нямігі адбылося ўжо на нашай памяці ў 1970-я гады. Мы не хочам, каб падобнае паўтаралася. Нас аб’ядноўвае жаданне захаваць і данесці да людзей эстэтычныя каштоўнасці, пазбаўленыя хоць якой кан’юнктуры”.