“Берагіня” паміж вечнай рэчкай жыцця

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

У палескай Рудабелцы, гарадскім пасёлку Акцябрскі, 24 ліпеня ў 11 раз прайшоў адметны яскравы Рэспубліканскі танцавальны фестываль “Берагіня”, які ладзіцца раз на два гады. Мерапрыемства гэта — сапраўдная перлінка ва ўсім беларускім культурным асяродку, бо яго задача паказаць не шоу, а сабраць калектывы, якія выконваюць аўтэнтычныя танцы пад спеўны і музычны акампанемент. І самае цікавае, што нават сярод дзяцей, падлеткаў і моладзі сёння хапае аматараў народнага мастацтва. Па падліках арганізатараў мерапрыемства, яно сабрала каля 300 чалавек, якія выступалі на канцэрце і ў рамках конкурсу. Галоўная місія падзеі — папулярызаваць, у прыватнасці, народны побытавы танец кожнага з рэгіёнаў краіны, якія шмат чым адрозніваюцца адзін ад аднаго, захаваць традыцыі нашых прашчураў, абмяняцца досведам работы з моладдзю.

/i/content/pi/cult/861/18271/04.jpg

Сонечнае надвор’е спрыяла святу. У парку Акцябрскага ўсталявалі сцэну і крэслы для публікі, а зусім побач размясціліся гандлёвыя рады, атракцыёны і падворкі майстроў. Вось, напрыклад, Петрыкаўскі дом рамёстваў паказваў роспісы па дрэве і саломцы, выцінанку. А традыцыі разьбы па дрэве дзятве ў гэтым горадзе перадае Аляксей Фёдаравіч Батан, які таксама быў тут. Ён з маленства вучыўся рукадзеллю ў мясцовым Доме піянераў, і вось цяпер сам настаўнічае. Аляксей Фёдаравіч можа пахваліцца вучнямі, якія працягнулі ўдасканальваць набытыя ад яго навыкі ў навучальных установах культуры. Наўогул на свяце было каля 20 падворкаў майстроў.

На адкрыцці фестывалю выступіў кансультант упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Іван Іванавіч Галабурда, які зачытаў прывітальнае слова ад міністра культуры Анатолія Маркевіча: “Выказваю ўдзячнасць усім, хто мае дачыненне да правядзення “Берагіні”, і кожнаму з гасцей фестывалю за адданасць фальклорнаму мастацтву, захаванне нацыянальнай культурнай спадчыны, вялікую працу па эстэтычным выхаванні моладзі Беларусі. Адметнасць сёлетняга фестываля ў тым што ёнпраходзіць у год, абвешчаны ў нашай краіне Годам народнага адзінства”.

/i/content/pi/cult/861/18271/05.jpgРаспачалася ўрачыстасць канцэртам калектыва Беларускай дзяржаўнай філармоніі “Свята”, на якім амаль ва ўсіх нумарах саліраваў музыка Аляксандр Святоха. Гэты 29-гадовы хлопец граў на беларускай дудзе і дудачках, спяваў, танчыў. Сам Аляксандр з вёскі Сцешыцы Вілейскага раёна. Яшчэ школьнікам ён наведваў музычную школу па класе акардэона ў суседняй вёсцы Далгінава, якая знаходзіцца на адлегласці ў 15 кіламетраў. Музыка зачаравала яго, таму ён працягнуў навучанне ў Мінскім каледжы мастацтваў, адкуль 4 гады таму патрапіў у прафесійны ансамбль “Свята”. Ва ўменні добра граць на духавых інструментах самым важным Аляксандр назваў жаданне ўдасканальвацца. Хлопец адзначыў, што і за паўгода пры належным хаценні можна навучыцца “страчыць” так, што і пальцаў не будзе бачна.

Неўзабаве пачалася і конкурсная праграма. Першым было спаборніцтва танцавальных пар “Лявоніха”. Тут удзельнікі, якія дзяліліся на 4 узроставыя групы, павінны былі паказаць чатыры народныя танцы: “Лявоніху”, “Мікіту”, “Аляксандру”, “Польку”. Лепшыя пары адбіраліся па крытэрыях дакладнасці тэхнікі і ўкладзеных эмоцыях. Шмат тут было выхаванцаў Мікалая Козенкі, які арганізаваў колісь першую “Берагіню”. Танцавальная пара Аліцыя і Станіслаў гавораць, што ім даспадобы займацца танцамі, таму што гэта дазваляе атрымліваць асалоду ад руху, эмоцый, энергетыкі танца.

Наступнымі намінацыямі былі “Жабка” і “Заяц”. У “Жабцы” выступалі хлопцы, якім трэба было паказаць танец, падобны да скокаў жабы. Што толькі не рабілася на сцэне! Тут моладзь скакала на манер “Гапака”, стаяла дагары нагамі, перакульвалася праз галаву. Адзін з канкурсантаў, Сяргей, нават пераскочыў праз іншага хлопца. Сяргею 37 гадоў. Па прафесіі ён фізік-тэхнолаг, але вось ужо 4 гады займаецца беларускімі народнымі танцамі разам з гуртом Мікалая Козенкі “Мілавіца”. Ды так захапіўся, што нават жонку сабе знайшоў сярод тамтэйшых дзяўчат. Танцы на яго думку ўплываюць і на фізічныя якасьці цела, і на работу мозга, бо трэба развучваць мноства элементаў.

А вось дзявочая намінацыя “Заяц” прайшла спакайней. Тут дзяўчаты на манер зайчыка скакалі праз складзеныя крыжом вілкі. Як у танцы “Мікіта”, толькі без партнера. Як заверыла адна з членаў журы Ірына Мазюк, старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, такі танец насамрэч існаваў. Дзяўчыны, працаваўшыя ў полі, каб размяць ногі, скакалі праз свае прылады працы. Пятнаццацігадовая ўдзельніца конкурсу Дзіяна, якая прыехала з Асіповічаў, займаецца танцамі з сямі гадоў і плануе пасля школы звязаць жыццё з культурай.

Апошні конкурс для калектываў называўся “з рога ўсяго многа”. Напэўна, лепшую праграму падрыхтаваў мясцовы акцябрскі ансамбль “Рудабельскія зорачкі”. Дзеці пелі, вадзілі харавод, гралі на гармоніках. З нядаўняга “Славянскага базара”, па словах мастацкага кіраўніка Вольгі Дульскай, калектыў прывёз дыплом 2 ступені ў намінацыі “Побытавыя танцы”. Працуе з творчай моладдзю Акцябрскага яна ўсё жыццё. І цяпер ёй радасна бачыць, як у ансамбль прыходзяць дзеці людзей, якія займаліся танцамі ў яе раней. Ёсць нават дзе праўнучкі носьбітаў мясцовага фальклора, у якіх Вольга Гаўрылаўна сама вучылася.

Спакойнымі і мернымі спевамі адрозніваўся гурт “Чобаты” з Ваўкавыска. Яго кіраўнік Жанна Шаракова казала, што ў іх фальклорны калектыў ходзяць у асноўным дзяўчаты, а вось хлопчыкаў у гурт не даклікацца. І вось чаму. Жанна Міхайлаўна, як музыка-скрыпач, заўважыла цікавы факт, што народныя беларускія песні пяюцца на актаве “ля”, а хлопчыкам з іх нізкімі галасамі цяжка яе выцягнуць. Як і іншыя гурты, “Чобаты” даюць дарогу ў будучыню для дзяцей, якія хочуць звязаць жыццё з культурай і паступаюць у адмысловыя ВНУ.

Хочацца адзначыць, што пасёлак Акцябрскі мае такія ж самыя ўстановы культуры, як і іншыя мястэчкі Беларусі, і нават больш. Тут, напрыклад, ёсць свой краязнаўчы музей у асобным будынку, дзе яшчэ змяшчаецца батлейка. Яна надзвычай папулярная ў мясцовых жыхароў. Раз на тыдзень праводзіцца паказ спектакляў, часта сюды прыводзяць дзяцей на ўрокі беларускай мовы, а пасля зацікаўленая малеча сама прыдумвае казкі і шые лялькі. У самім музеі - 6 залаў-экспазіцый: дарэвалюцыйны перыяд, з часоў рэвалюцыі па Вялікую Айчынную, сама вайна, яе артэфакты і героі, зала сялянскай хаты, зала пакоя ў стыле 80-ых, і, нарэшце, зала, прысвечаная мясцоваму культурнаму брэнду “Берагіне” і батлейцы.

Пад заканчэнне фестывалю адзін з членаў журы Сяргей Выскварка, фалькларыст і этнограф, загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Любанскага цэнтра культуры, сказаў, што вялікая колькасць моладзі танчыла, як і іх прашчуры, што з’яўляецца лепшай пахвалой. Менавіта гэта было адным з галоўных крытэрыяў конкурсу, каб тэхніка танца заставалася блізкай да старажытнай. Сяргей Георгіевіч добра ведае, якой яна павінна быць, бо сам з маладых гадоў ездзіў у этнаграфічныя экспедыцыі па родным Любанскім раёне і ў цэлым па краіне. Вядома, фальклорны танец можа развівацца, але дадаваць у яго элементы эстрады не варта. Сяргей Выскварка параўнаў эстрадную харэаграфію з чыста прыбраным паркам, а народную - з дрымучым лесам. Ён выказаў думку, што трэба аднавіць на беларускім тэлебачанні праграмму кшталту “Запрашаем на вячоркі”, дзе можна было б паглядзець народныя танцы, песні і строі кожнага рэгіёна краіны.

Падчас узнагарод членамі журы было прынята рашэнне надалей не абмінуць нікога дыпломамі. Іх і праўда раздалі многа за ўсе намінацыі конкурсу, розных ступеняў і ва ўсіх узроставых групах. А памятнай кнігай па беларускім фальклорным мастацтве за аўтарствам старшыні журы Івана Крука і яго жонкі адзначылі самага маленькага ўдзельніка свята, хлопчыка Аляксандра.

“Дык хто ж такая “Берагіня”, — падсумаваў Іван Іванавіч Крук. — Гэта хутчэй за ўсё маладая жанчына, якая нядаўна нарадзіла дзіця і клапоціцца пра яго. Такі твар і нашага фестывалю, толькі зараз мы робім усё магчымае, каб мерапрыемства працягвала сваё існаванне. Яшчэ адзін сэнс гэтай назвы — два берагі, стромкі — гэта старэйшае пакаленне з усім яго досведам і традыцыямі, і спадзісты — гэта малодшае пакаленне. А паміж імі вечная рака жыцця. Таму давайце захоўваць традыцыі нашага вялікага народа і надалей”.