Сябры з Іярданіі

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

Замежныя студэнты ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — далёка не навіна. Зусім не рэдкасць і шчырыя словы падзякі за добразычлівасць і набытыя веды. Але цяперашні выпадак — асаблівы. Дарас Набіль з Іярданіі наведаў сваю альма-матэр праз 36 гадоў з прапановай далейшага творчага супрацоўніцтва.

/i/content/pi/cult/861/18270/03.jpgСёння Дарас Набіль — галоўны рэдактар прэстыжнага навуковага часопіса “Форум арабскай музыкі”, адначасова выкладае, чытае лекцыі. А ў далёкім 1985-м быў выпускніком нашай у тае часы Кансерваторыі — па класе кантрабаса. Пасля працягваў адукацыю ў Алма-Аты і Ташкенце, у 1990-м вярнуўся дадому ў Іярданію. Дый не адзін, а разам з жонкай - піяністкай Аленай Савінай, таксама выпускніцай БДАМ, а дагэтуль — выхаванкай Лідскага музычнага каледжа.

Імправізаваную экскурсію праводзіла прарэктар па навуковай рабоце Нэлі Мацагерыдзе. Дарас радасна пазнаваў знаёмыя месцы: лесвіцу, дзе ўпершыню ўбачыў Алену, кантрабасовы клас (цяпер ён змяшчаецца ў другім корпусе), калідор, дзе займаўся на інструменце (класаў заўжды не хапала). Сустрэў тых, з кім вучыўся: прафесара Уладзіміра Дулава, Алену Кузаўкову, занятую ў прыёмнай камісіі, прарэктара па выхаваўчай рабоце, дацэнта Пятра Дударэнку. Убачыўшы партрэтную галерэю ўсіх рэктараў, здзівіўся фотаздымку Аляксандра Рашчупкіна “О, мы з ім у адным пакоі інтэрната жылі”.

У розныя гады нашу Акадэмію музыкі скончылі трое прадстаўнікоў Іярданіі. Усе вярнуліся на Радзіму з беларускімі жонкамі і зрабілі там добрую кар’еру.

— Я лятучая птушка, — прызнаўся Дарас Набіль. - Шмат паездзіўшы па свеце, разумею, што былая савецкая сістэма музычнай адукацыі — па-праўдзе лепшая. Наша асноўная праблема (як, дарэчы, і ў многіх іншых краінах) — адсутнасць такой добрай ранняй музычнай падрыхтоўкі як у вас. Але мару адкрыць яшчэ адну спецыялізацыю — менеджмента ў галіне музыкі.

Што ж да супрацоўніцтва з Беларуссю, дык яно ўжо дало свой плён. Да свята Вялікай Перамогі суполка беларусаў у Іярданіі праводзіла ан-лайн конкурс на лепшае чытанне вершаў беларускіх паэтаў. Выйгралі школьнікі з Клічава, і ў час цяперашняй вандроўкі Дарас з жонкай наведалі гэты горад, каб асабіста ўручыць прызы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"