Цырк — гэта сур’ёзна

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

28 ліпеня адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Беларусі “Аб ходзе рэалізацыі плана мерапрыемстваў па развіцці цыркавога мастацтва ў Рэспубліцы Беларусь”. Абмяркоўваліся праблемы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, падрыхтоўкі кадраў у гэтай галіне, а таксама некаторыя юрыдычна-прававыя пытанні.

У лепшым становішчы знаходзіцца Белдзяржцырк, які дэманструе высокія паказчыкі акупнасці. Наведвальнікам прапаноўваюцца такія дадатковыя паслугі, што прыносяць прыбытак, як аквагрым, катанне на поні і інш. Паказчыкі маглі б быць яшчэ лепей, калі быў бы атрыманы дазвол на поўную запаўняльнасць залы. Але ў перыяд пандэміі гэта пакуль немагчыма. На жаль, з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі пераносіцца запланаваны на восень ІІІ Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва. Затое нашы артысты здзейснілі турнэ па беларускіх гарадах, выступілі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

Горшае становішча ў Гомельскім дзяржаўным цырку, які заўжды арыентаваўся на гастролі замежных калектываў. Каб ладзіць уласныя праграмы, там няма найперш рэпетыцыйнай арэны, не хапае адпаведных кадраў. Увогуле, кадравая праблема аказалася самай балючай.

У рэспубліцы ажно 49 аматарскіх цыркавых калектываў, а вось адпаведных навучальных устаноў, якія рыхтавалі б артыстаў цырка, няма. Найбольш таленавітыя падлеткі, атрымаўшы добрую студыйную падрыхтоўку, з’язджаюць вучыцца ў Расію ці Украіну — і застаюцца там працаваць. Тым больш, што і заробкі ў нашых цырках далёка не завоблачныя. З наступнага года рэжысёраў цыркавых праграм і кіраўнікоў аматарскіх цыркавых калектываў пачне рыхтаваць БДУКМ. Пытанне ж падрыхтоўкі ўласных артыстаў патрабуе далейшай прапрацоўкі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"