Газета — рэгіёны — чытач

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г


— Пасля мінулага “Славянскага базару” супрацоўнікі культуры Віцебска не спыняюцца і рыхтуюць XXXIII фестываль сучаснай харэаграфіі. Адбудзецца мерапрыемства ў лістападзе. Але што запланавалі віцебчане, даведаемся ўжо сёння.

Марына Раманоўская, намеснік дырэктара КЗ “Віцебск” па спецыяльных праектах:

— У мінулым годзе фестываль сучаснай харэаграфіі ўпершыню не адбыўся па прычыне каранавіруснай пандэміі. Але засталіся пэўныя напрацоўкі, якія будзем здзяйсняць сёлета. Адзінае, штогод мы чаргуем тэматыку фестывалю з міжнароднай харэаграфіі на беларускую харэаграфію. У гэтым годзе, суадносна, мы пакажам беларускае майстэрства танца. Фестываль уключае гасцявую і конкурсную праграмы. Пра ўдзельнікаў казаць яшчэ рана, больш шчыльна мы зоймемся запрашэннем іх восенню. Адбудзецца падзея ў канцэртным зале “Віцебск”.

— Што зараз адбываецца ў мемарыяле “Брэсцкая крэпасць-герой”, ці павялічылася колькасць наведвальнікаў? Як аб’ект прыцягвае турыстаў?

Ларыса Бібік, намеснік дырэктара па навуковай рабоце мемарыяльнага комплекса “Брэсцкая крэпасць-герой”:

— Хаця перасячэнне мяжы ў нашу краіну абмежавана па прычыне каранавірусу, да нас усё роўна прыязджаюць турысты. Напрыклад, летась іх было 77 тысяч, а сёлета — амаль 231 тысяча. Гэта і турысты з Беларусі, і нашыя расійскія госці. Канечне, такая наведвальнасць звязана з 80-годдзем абароны крэпасці і чарговай гадавінай пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Мы актыўна працуем як над рэкламай нашага комплекса, так і над уладкаваннем новых экспазіцый. Вось са студзеня гэтага года ўведзены новы мемарыял “Форт №5”. Таксама, лічу, у нас выдатны сайт. Акрамя гэтага мы нядаўна скончылі праграму па абнаўленні і рэстаўрацыі мемарыялу, і чакаем новай праграмы па захаванні аб’ектаў і матэрыялаў крэпасці.

— Заўсёды актуальнае пытанне — абнаўленне бібліятэчных фондаў. Як гэтая справа праходзіць у Бялыніцкім раёне, дзе ў маі адбылася бібліятэчная калегія?

Рыта Гапеева, намеснік дырэктара ДКК “Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка”:

— Канечне, літаратурныя фонды абнаўляюцца, калі паступаюць бюджэтныя грошы. А адбываецца гэта паўсюдна ў Беларусі часцей за ўсё ў 3-4 квартале кожнага года, таму менавіта на гэты час выпадае асноўная работа па закупках кніг. У першую чаргу набываецца сацыяльна значная літаратура, якую адсочвае аддзел камплектавання і апрацоўкі бібліятэкі. Гэта значыць, што кожны запыт ад чытачоў мы запісваем і пасля купляем самае запатрабаванае. Таксама абнаўляем старыя і патрапаныя кнігі, якія спісваем па спецыяльнай схеме. Мяркую, сёння важна абнаўляць дзіцячыя кнігі, бо асабліва зараз, падчас летніх канікул, адчуваецца попыт на іх. Цікавяцца чытачы і навукова-папулярнай літаратурай — рознага кшталту энцыклапедыямі, і класікай, асабліва беларускай.