“Меліярацыя” на замку ў Наваградку

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г

Славуты замак “караля Мендога” не раз і не два станавіўся аб’ектам нашай цікавасці. А ўсё праз сваю важнасць для нашай гісторыі і культуры. Усё ж шмат кім ён лічыцца першай сталіцай ВКЛ. У адной з публікацый (“К” №46, 2017) мы распавядалі аб тым, як вялася папраўдзе скандальная бульдозерная меліярацыя замкавага рову. Не так даўно замак ізноў станавіўся аб’ектам цікавасці, бо з боку Фары Вітаўта праводзіліся працы па ўмацаванні ўсходняга схіла замкавай гары пры дапамозе буранабіўных свай. І вось чарговы “этап”. У Сеціве з’явіліся фотаздымкі ужо самой замкавай пляцоўкі, над якой нібы папрацавалі ўсе беларускія краты. У прамінулыя выхадныя, маючы вольны час, мы вырашылі наведацца ў Навагрудак, каб на ўласныя вочы пабачыць, што за працы і кім сёлета праводзяцца на замку.

/i/content/pi/cult/860/18259/20.jpgУсходні схіл

Падымаўся на замчышча я з боку ўсім вядомай крыніцы, якую месцічы даўно паставілі на службу сваім патрэбам, зрабіўшы да яе зручны падыход і накіраваўшы струмень у вадасцёк. І таму быў час агледзець і замкавы роў, пацярпелы ў 2017 годзе ад нашэсця экскаватараў, і вынік працы па ўстаноўцы буранабіўных свай у падэшвы замкавай гары з усходняга боку. Сляды ранейшых прац у рове амаль сцёрліся, бо драўляныя шчыты падгнілі і падзасыпаны зямлёй і зараслі ўсепранікальнай травой. А “буранабіўныя” працы нядаўнія яшчэ “свецяць” сваёй бетоннай навізной, цудоўна гарманіруючы з металёвымі канструкцыямі Касцёльнай вежы. Усё, быццам бы, дзеля “лепшай цвёрдасці” і перамогі, але ўбачанае чамусьці прымушала задумвацца аб недасканаласці сусвету.

Зусім збоку ад крыніцы, схіл замкавай гары аказаўся прарэзаны траншэяй, у якой нейкімі волатамі, праз роўную адлегласць, былі ўсталяваны тры студні (бетонныя і пластыкавыя кольцы, якія ўваходзілі ў схіл на нявысветленую глыбіню. Такі магутны пачатак “экскурсіі” паказаў, што сапраўды, бой з замчышчам распачаты не жартоўны, і што на версе гары мяне чакаюць іншыя цікавосткі.

/i/content/pi/cult/860/18259/21.jpgДзядзінец

Узняўшыся з вялікай цяжкасцю на гару, я адразу пашкадаваў, што не маю крылаў, ці, у горшым выпадку, квадракоптара. Бо з вышыні рэшткаў замкавых муроў немагчыма было ахапіць усю карціну прац, якія вядуцца з сакавіка. Першае, што ўразіла, дык колькасць цікавых да роднай гісторыі беларусаў, месцічах і гасцей, якія невялічкімі групкамі хадзілі па дзядзінцу замка. Дзеці бегалі па валах, а некаторыя дарослыя паважна і пільна ўглядваліся ў сінія далі, стоячы на ўрвішчы ля вежы Шчытоўкі. Усё як звычайна. Акрамя аднаго. Замчышча было перакапана ўздоўж і ўшыркі. Там-сям з-пад зямлі вытыркаліся ўжо “добра знаёмыя” бетонныя студні (некаторыя яшчэ не мелі завершага выгляду і яміны былі прыкрыты металёвай сеткай), ляжалі белыя пластыкавыя трубы. Адчуваўся ў гэтым сапраўдны, гаспадарчы размах. Выходзячы праз браму замка ў горад, я нарэшце, даведаўся, з якой мэтай і кім праводзяцца працы. На вялікім кідкім зялёным шчыце было напісана наступнае: “Рэканструкцыя з кансервацыяй і прыстасаваннем гісторыка-культурнай каштоўнасці Навагрудскага замка. 4-ы пускавы комплекс — першачарговыя супрацьаварыйныя работы па

выкананні арганізаванага водаадводу з тэрыторыі “дзядзінца” без выкарыстоўвання цвёрдых пакрыццяў і пашкоджання культурных пластоў, вертыкальная планіроўка і ўстройства газонаў”. Замоўцам гэтага этапа прац (пачатак 26 сакавіка, тэрмін 3 месяцы) выступіў ДАУП “УКБ Гродзенскага аблвыканкама”, праект падрыхтаваў праектны філіял ААА “Белрэстаўрацыя”. Самі ж працы выконвае субпадрадчык “Навагрудскае ПМС”.

Там жа быў замацаваны план дзядзінца з пазначанымі на ім студнямі (каля дзесяці на замку, і тры на схіле) і каналамі цэнтралізаванага вадаадвода. А таксама, дзве таблічкі з надпісам “Праход і праезд забаронены! Вядуцца земляныя працы”, якія маглі спыніць толькі тых, хто збіраўся прайсці або праехаць у замак з боку горада. Астатнія маглі, падняўшыся і спусціўшыся з боку рову, нават і не даведацца пра катэгарычную забарону. Таму, думаецца, варта было б атачыць такімі таблічкамі ўвесь перыметр, дадаўшы адпаведную стужку, як гэта звычайна робіцца на важных і небяспечных аб’ектах.

Каментар археолага

Фатаздымкі с замка, апублікаваныя ў Сеціве, у чарговы раз выклікалі пэўную хвалю эмоцый. Вядома ж, замак даўно чакае паўнавартаснай археалагічнай экспедыцыі, аб чым ужо не раз пісалася. Па-другое, аскепкі керамічнага посуду і кафлі, костак, якія былі заўважаны на паверхні ля адной са студняў, нібы самі патрабавалі атрымаць каментар кампетэнтнай асобы. Таму мы звярнуліся па каментар да спадарыні Настассі Касцюкевіч, загадчыка аддзела захавання і выкарыстання археалагiчнай спадчыны Інстытута археалогіі АН РБ, кандыдата гістарычных навук.

Па словах спадарыні Касцюкевіч, працы на Навагрудскім замку, завяршыліся 16 ліпеня. Археалагічны нагляд праводзіўся цягам месяца, з 26 мая. Усе працы былі ўзгоднены з Міністэрствам культуры, таксама меліся два дазволы на правядзенне прац пры дапамозе цяжкай тэхнікі (гусенічнай і колавай). Падчас прац былі зманціраваны некалькі студняў для адводу грунтовых вод і пракладзены дрэны. Такая адзіная сістэма вадазбору мае на мэце скід вады ў той самы крынічны ручай, пра які ўжо вялася гаворка вышэй. Дрэны пракладаліся на глыбіні 0,5-0,6 метра на месцы раскопаў, якія праводзіліся ў 1920-х гадах польскімі даследчыкамі. Да таго ж, на замку існуе масіўная земляная падсыпка таўшчынёй больш за тры метры. Перад закладкай траншэй спадарыня Касцюкевіч правяла дыягнастычную шурфоўку да праектнай адзнакі, якая паказала, што культурнага слою у гэтых траншэях няма. Хоць і была выяўлена вялікая колькасць фрагментаў керамікі, як бытавой, так і будаўнічай. На сённяшні момант каля дзесяці кілаграмаў найбольш важных і цікавых фрагментаў апісаны, зашыфраваны і перададзены на захаванне ў Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей. Рэшта, пасля падліку і апісання, закопваецца на месцы.

“Былі праведзены даследаванні траншэй і пры дапамозе металадэтэктара, якія далі дзве цікавыя знаходкі — наканечнік стралы гнездаўскага тыпу і паясной спражкі. Пасля рэстаўрацыі яны будуць перададзены ў Навагрудскі музей.

Рэшта знаходак — сучасныя цвікі, кансервныя банкі, коркі ад спіртных напояў, якія былі перамешаны з фрагментамі керамікі XII — XVIII стагоддзяў, бітай цэглай і кафляй, што пацвярджае, што падсыпка дзядзінца складаецца з баласту і ні аб якім культурным слаі на глыбіні 0,6 метра не можа весціся размовы”.

Што ж да тых некалькіх фрагментаў керамікі, убачаных мной, то у гэтым няма нічога надзвычайнага. “На падобных аб’ектах гэта норма — немагчыма і не мае сэнсу збіраць увесь масавы матэрыял”.

У сваім каментары спадарыня Касцюкевіч падкрэсліла, што на аб’екце былі выкарыстаны знакі, якія забараняюць праход і праезд на замчышча (але толькі з боку галоўнага ўваходу — заўв. З. Ю.). А самавольны праход і праезд пераследуюцца заканадаўствам нашай краіны!

Замест пасляслоў’я

Зразумела, вельмі шкада, што пра актыўныя працы на замку мы даведаліся нядаўна. Чаму і не змаглі пабываць на аб’екце ў самы цікавы час, калі там, на месцы, можна было б ўбачыць на ўласныя вочы аскепкі былой прыгажосці, якія падымаліся археолагамі з глыбіняў зямлі. Ну што рабіць. Можа, іншым разам, даведаўшыся загадзя, мы нават зможам паваланцёрыць на праўдзівых, а не ратаўнічых археалагічных раскопках. І хацелася б, каб гэты час прыйшоў як мага хутчэй!

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар