— Вядома, юбілей фестывалю не мог не адбіцца на канцэпцыі, — расказаў напярэдадні рэжысёр гала-канцэрта адкрыцця Аляксандр Вавілаў. — Мы згадваем не толькі найбольш значныя фестывальныя старонкі, але і тых яго ўдзельнікаў, хто сышоў ад нас за гэты час: Валянціна Гафта, Людмілу Гурчанка, іншых знакамітых дзеячаў культуры, якія заўсёды высока ацэньвалі фестываль такога ўзроўню і маштабаў. Вельмі прыемна, што нягледзячы на складаныя эпідэміялагічныя абставіны, ніхто з тых, каго мы запрашалі, не адмовіўся. Але, на жаль, днямі захварэў на кавід адзін з удзельнікаў гурта Dabro, і гэты дуэт братоў Засідкевічаў з Казані, што імгненна набыў папулярнасць, мы ў Віцебску сёлета не ўбачым. Як ніколі багата будзе прадстаўлена творчая моладзь — і айчынная, і з іншых краін. Увогуле, гала-канцэрт адкрыцця — гэта заўжды яшчэ і адкрыццё ў шырокім сэнсе слова. Бо гледачы, што сабраліся ў Летнім амфітэатры і ля тэлеэкранаў, уся культурная грамадскасць адкрываюць для сябе падрыхтаваныя арганізатарамі і артыстамі спецыяльныя канцэртныя нумары, сюрпрызы, падарункі.
Дададзім, што адным з герояў сёлетняга фестывалю стане былы пераможца Міжнароднага конкурсу эстрадных выканаўцаў на “Славянскім базары ў Віцебску”, сусветна знакаміты спявак з Казахстана Дзімаш Кудайберген. Можна толькі ганарыцца тым, якіх зорак адкрывае свету наш фестываль. І не проста адкрывае, а працягвае з імі супрацоўнічаць і надалей: сёлета Дзімаш Кудайберген прадстаўлены не толькі ў фестывальных праграмах і, у прыватнасці, у канцэрце адкрыцця, але і ўваходзіць у склад конкурснага журы, тым самым забяспечваючы пераемнасць традыцый.
— “Славянскі базар у Віцебску”, — працягвае нашу размову Аляксандр Дзмітрыевіч, — збірае не проста “Усе кветкі ліпеня”, як спяваецца ў вядомай песні Леаніда Захлеўнага на словы Алега Жукава, што стала адным з сімвалаў фестывалю, а менавіта лепшыя музычныя кветкі Беларусі і ўсяго свету.