Другое нараджэнне “Малыша”

№ 27 (1518) 03.07.2021 - 09.07.2021 г

У дні, калі мы чарговы раз прыгадваем аб вызваленні Беларусі ад гітлераўцаў, нельга яшчэ раз не звярнуцца да лёсаў тых, хто набліжаў Перамогу, як толькі мог. Ілля Іванавіч Гарбачэўскі — колішні сувязны падпольнай антыфашысцкай групы Леаніда Рубіна ў Смаленску, агентурны разведчык партызанскага атрада «Балтыец», кіраўнік агентурна-патрыятычнай групы ў Лідзе, узнагароджаны медалямі “За адвагу” і “Партызану Айчыннай вайны”, а таксама ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені. 3 ліпеня, Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь — для яго свята дужа асабістае. Рэч у тым, што гэтую дату ён небеспадстаўна лічыць сваім другім днём нараджэння.

/i/content/pi/cult/857/18207/028.jpgІлля Гарбачэўскі нарадзіўся 2 жніўня 1927 года ў Смаленску, яго родны дом стаяў ля самай чыгуначнай станцыі Арлоўская-Сартавальная, дзе працаваў яго бацька. У чэрвені 1941 года Ілля акурат скончыў школу-сямігодку — і тут пачалася вайна. Ветэран узгадвае, як аслупянеў, упершыню пабачыўшы нямецкія самалёты ў небе над Смаленскам, — яму да апошняга не верылася, што гітлераўцы прыйшлі і сюды.

Бацька, працуючы на чыгунцы, быў вымушаны да апошняга заставацца на працоўным месцы, адпраўляючы цягнікі ў эвакуацыю, і толькі калі сышоў апошні з іх, сям’я сваім ходам таксама пацягнулася на ўсход. Але было позна — ужо праз тры дзясяткі кіламетраў дарогу ім перарэзаў нямецкі дэсант. Давялося вяртацца дадому — пад акупацыю, якая прыйшла ў Смаленск у сярэдзіне ліпеня 1941 года. Першае ўражанне ад “новага парадку” надоўга ўрэзалася падлетку ў памяць: прыйшоўшы дахаты, ён пабачыў, што захопнікі дзеля пацехі перабілі ягоных галубоў. Гэтая бесцырымонная і бессэнсоўная жорсткасць таксама штурхала да барацьбы, да супраціўлення ворагу.

Ілля Іванавіч са смехам прыгадвае, што азам падпольнай барацьбы яго навучылі... немцы. Нацысцкая прапаганда яшчэ да прыходу гітлераўцаў у Смаленск распаўсюджвала на савецкай тэрыторыі ўлёткі, якія скідвалі з самалётаў. На гэтых аркушыках пералічваліся спосабы “як нашодзіць бальшавікам” — розныя формы сабатажу. Усе яны вельмі прыдаліся, калі гітлераўцы прыйшлі ў Смаленск — толькі ўжываць іх Ілля Гарбачэўскі пачаў не супраць “бальшавікоў”, а акурат супраць саміх акупантаў.

Непрызнаныя героі

Каля станцыі размясціўся будаўнічы лагер (“баўлагер”), куды немцы сагналі на працу ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Аднойчы Ілля Гарбачэўскі выпадкова дапамог нямецкаму афіцэру-ахоўніку, адрамантаваўшы гадзіннік — гэтаму рамяству яго некалі навучыў сусед. Такое майстэрства карысталася попытам у немцаў, і яны дазволілі хлопцу заходзіць на тэрыторыю лагера. Неўзабаве высветлілася, што сярод ваеннапалонных існуе падпольная арганізацыя пад кіраўніцтвам Леаніда Рубіна (Рубана), былога ваендоктара 3-га рангу, які паходзіў з Гомельшчыны. Неўзабаве Ілля пера-
даў падпольшчыкам шмат зброі і боепрыпасаў, якія з пачатку вайны збіраў і складваў у схованцы непадалёк ад дома. Таксама ўдзельнікі падполля збіралі звесткі аб ваенных эшалонах, што накіроўваліся на фронт, перадавалі іх савецкаму камандаванню. Група арганізавала і ўцёкі з лагера для трыццаці яго вязняў, якія ў выніку сышлі ў партызаны.

На жаль, у маі 1943 года нацысцкія контрразведчыкі з абвергрупы 307 натрапілі на след падпольшчыкаў і арыштавалі іх. Вязняў дапытвалі і збівалі гумовымі шлангамі, імкнуліся здабыць новыя звесткі аб падполлі. Але сястра Іллі Гарбачэўскага, Зіна, перадала немцу, які вёў дазнанне, кошык яек і залатыя завушніцы. За такі выкуп праз два тыдні хлопца выпусцілі, узяўшы распіску аб тым, што ён не будзе адлучацца з дому.

Трагедыя смаленскіх падпольшчыкаў з “баўлагера”, аднак, на гэтым не скончылася. Доўгі час у пасляваенныя гады іх групу афіцыйна не прызнавалі — не ставала патрэбных дакументаў, а сведчанні відавочцаў да ўвагі не прымаліся. Да таго ж сказвалася насцярожанае стаўленне да ўсіх, хто трапіў у палон — такіх людзей пэўны час пасля вайны лічылі па змоўчанні ледзь не здраднікамі. Наогул, з трох дзясяткаў падпольных груп, якія дзейнічалі ў акупаваным Смаленску, афіцыйна прызнанымі былі толькі дзесяць. Гэта таксама быў асабісты боль Іллі Гарбачэўскага — і толькі нядаўна яму ўдалося дамагчыся справядлівасці для сваіх палеглых таварышаў. Зрэшты — аб усім па парадку.

Прыгоды “Малыша”

У верасні 1943-га, уцякаючы са Смаленска перад наступам Чырвонай арміі, акупанты вывезлі сям’ю Гарбачэўскіх на захад — так яны апынуліся ў вёсцы Навапрудцы, што за тры кіламетры ад Ліды. Тут сям’я неўзабаве перабралася жыць на кватэру да мясцовага каваля Пятра Лобана. Прыгледзеўшыся да кватарантаў і даведаўшыся бліжэй пра іх настроі, гаспадар распавёў ім аб партызанах, якія дзейнічалі ў наваколлі. Неўзабаве праз сувязную Марыю Супрун камандзір партызанскага атрада “Балтыец” брыгады імя Кірава Іван Пралыгін, які паходзіў з Клімавіцкага раёна і быў перад вайной мараком Балтыйскага флоту, перадаў цыдулку з запрашэннем далучыцца да народных мсціўцаў.

Так Ілля Гарбачэўскі, які атрымаў мянушку “Малыш”, зноў уключыўся ў падпольную работу — удзельнікі іх групы ў Лідзе шукалі і рыхтавалі людзей для адпраўкі ў партызанскі атрад, вялі агітацыю сярод мясцовага насельніцтва, збіралі і перапраўлялі ў лес боепрыпасы, медыкаменты, фотаматэрыялы. З апошнім было асабліва цяжка — дастаць неабходныя рэчы ў Лідзе не было магчымасці, трэба было ехаць у Мінск. Але ж перамяшчацца па чыгунцы без дакументаў і дазволу таксама было немагчыма.

Тым не менш Ілля Гарбачэўскі знайшоў выхад з сітуацыі: у лагеры ваеннапалонных ён дастаў форму “добраахвотнага памочніка вермахта” і ў ёй выправіўся цягніком у Мінск. Неабходныя дакументы дапамагла падрабіць сястра Зіна, якая працавала прыбіральшчыцай у нямецкай установе. З дапамогай мінскіх падпольшчыкаў, сярод якіх была колішняя суседка Гарбачэўскіх са Смаленска, неабходныя медыкаменты і фотаматэрыялы ўдалося дастаць і прывезці ў Ліду.

Уцёкі ад смерці

Падпольная работа ў Лідзе, як і ў Смаленску, праводзілася і ў мясцовым лагеры ваеннапалонных. Але ўвесну 1944 года тут раптам з’явіліся два навічкі, якія выдавалі сябе за савецкіх лётчыкаў, якія трапілі ў палон, збітыя нямецкімі зеніткамі. Неў-
забаве стала вядома, што яны былі правакатарамі і працавалі на немцаў — але гэтыя звесткі прыйшлі запозна. 5 чэрвеня Іллю Гарбачэўскага з групай таварышаў зноў арыштавалі супрацоўнікі той самай абвергрупы 307, якая таксама перамясцілася ў Ліду са Смаленска, і змясцілі ў турму, якая знаходзілася ў Паўночным гарадку. Доўга дапытвалі, катавалі і марылі голадам — але ніхто не выдаў сваіх.

Увечары 3 ліпеня, пасля месяца ў зняволенні, іх пасадзілі ў грузавік, куды запхалі агулам трыццаць вязняў, і павезлі ў лес. Калі машына спынілася, навокал ужо стаялі аўтаматчыкі. Першымі расстралялі жанчын — і тут адзін з вязняў наважыўся ўцякаць і вырашыў паспрабаваць выратаваць іншых. Усе разам яны імгненна выскачылі з кузава і кінуліся на ахоўнікаў. Некага адразу ж застрэлілі, але частцы вязняў усё ж удалося ўцячы і ўратаваць сабе жыццё.

Ілля Гарбачэўскі ехаў у кузаве ў самым апошнім шэрагу, ля кабіны, і выскачыць ніяк не паспяваў — адзін з немцаў заўважыў яго і загадаў распранацца перад расстрэлам. Сцягваючы вопратку, хлопец наважыўся накінуць яе на галаву ахоўніку і таксама кінуўся ўцякаць, адразу скочыўшы ў найбліжэйшую траншэю, якая вяла ўбок. Ззаду ляцелі кулі і праклёны канваіраў, але ён здолеў выбрацца з лесу на жытняе поле і далей папоўз сярод жыта, каб не быць заўважаным. Каб зноў накінуць хоць якую вопратку на сябе, давялося распрануць агароднае пудзіла.

Так ён блукаў па лясах і дарогах, пакуль у адной з вёсак не сустрэў узброеных людзей. Гэта былі не немцы, але і не савецкія партызаны — а салдаты польскай Арміі Краёвай, якія таксама змагаліся супраць немцаў, і хоць і выступалі супраць вяртання савецкай улады, але на тым этапе вайны ў Беларусі часова супрацоўнічалі з савецкім камандаваннем. Камандзір атрада так і сказаў хлопцу, што цяпер усё адно, дзе ён будзе ваяваць, у савецкіх партызан ці ў польскіх, галоўнае зараз — выгнаць немцаў. У атрадзе Арміі Краёвай хлопец займаўся гаспадаркай — нарыхтоўваў прадукты і дровы, рамантаваў гадзіннікі. Прабыў тут зусім нядоўга — неўзабаве, калі да Лідчыны наблізіліся савецкія войскі, камандзір “акаўцаў” абвясціў, што тыя, хто не хоча ваяваць супраць савецкай улады, могуць пакінуць атрад. Так Ілля Гарбачэўскі вярнуўся ў вызваленую ад гітлераўцаў Ліду.

Абавязак перад тымі, хто загінуў

Спачатку ў Лідзе Ілля Гарбачэўскі быў прызначаны на працу ў аддзел сацыяльнага забеспячэння, потым скончыў Смаленскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум і Бежыцкі інстытут транспартнага машынабудавання, зрабіўся тэхнікам-будаўніком і інжынерам-механікам, працаваў прарабам аднаго з будаўнічых трэстаў Ленінграда, кіраўніком сектара канструктарскага аддзела на Днепрадзяржынскім машынабудаўнічым заводзе, вядучым канструктарам Мінскага аўтазавода, галоўным канструктарам у Міністэрстве гандлю і Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР.

Аб сваім змаганні з ворагам на беларускай зямлі ён распавёў у кнігах “Отряд назывался “Балтиец”, “Лидская партизанская зона” і “Крест — мой хранитель”, быў актыўным удзельнікам і лідарам у грамадскіх аб’яднаннях ветэранаў. У 2019 годзе Ілля Іванавіч здолеў давесці да ладу справу ўвекавечання сваіх палеглых таварышаў з лідскага падполля — яго дбаннем на іх магіле адкрылі новы абеліск, на якім пазначылі імёны пахаваных.

Сёлета ён спраўдзіў яшчэ адну сваю мару — дамогся ўсталявання ў Смаленску, на сцяне яго роднай школы, памятнага знака ў гонар удзельнікаў падпольнай арганізацыі ў “баўлагеры”. Але спыняцца на дасягнутым ветэран не збіраецца — цяпер ён плануе заняцца перавыданнем сваёй кнігі ўспамінаў, якую хоча істотна дапрацаваць, раскрыўшы многія трагічныя і загадкавыя старонкі дзейнасці падполля, якія раней з розных прычын замоўчваліся. Што ж — павіншуем і мы Іллю Іванавіча з днём другога нараджэння і будзем чакаць, каб як найхутчэй пазнаёміцца з яго новымі каштоўнымі сведчаннямі аб гісторыі антыгітлераўскай барацьбы на нашай зямлі.