Вырашэнне праблем напярэдадні новага паўгоддзя

№ 27 (1518) 03.07.2021 - 09.07.2021 г

28 чэрвеня адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. З дапамогай сродкаў відэасувязі ўдзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

/i/content/pi/cult/857/18204/025.jpgГалоўным блокам пытанняў на нарадзе стаў насычаны на ўрачыстасці канец чэрвеня — пачатак ліпеня, асаблівая ўвага была нададзена правядзенню мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці. Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што чакаецца прысутнасць Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі на цырымоніі ўскладання вянкоў на Кургане Славы.

Таксама на нарадзе гаварылася пра тое, што патрэбна больш актыўна праводзіць конкурсы сярод маладых рэжысёраў, вучыць іх і перадаваць вопыт, каб у далейшым яны маглі на высокім узроўні ўключыцца ў працу па падрыхтоўцы афіцыйных святочных мерапрыемстваў. Акрамя гэтага міністр загадаў больш пільна падысці да падрыхтоўкі дырыжораў і наладчыкаў музычных інструментаў.

Падняў падчас нарады міністр і пытанне, звязанае з правядзеннем у Брэсце міжнароднага фестывалю “Белая вежа”, які мусіць адбыцца ў верасні.

Узнімаліся і праблемы рэстаўрацыйна-будаўнічага комплексу Нацыянальнага мастацкага музея.

Не задаволіў міністра і рамонт віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. “Паўгода ў нікуды! Дах не адрамантаваны. Калдобіны і ямы на тэрыторыі тэатра!”

Разглядалася і марудная сітуацыя, якая не першы год цягнецца вакол рэстаўрацыі Палацава-паркавага комплексу ў вёсцы Свяцк Гродненскай вобласці.

“Сёння 4 гады, як доўжацца рэстаўрацыйна-рамонтныя работы на дадзеным аб’екце. У нас не было ніколі ніводнай такой сітуацыі, — сказаў міністр. — Прадстаўнікі Белрэстаўрацыі не лепшым чынам працуюць, на жаль, і ў Палацава-паркавым комплексе Пуслоўскіх у Косаве”.

Падчас нарады абмяркоўваўся і продаж білетаў на “Славянскі базар”. Адзначалася, што ў пэўныя дні квіткі будуць прадавацца са зніжкай у 30%.

***

30 чэрвеня ў Міністэрстве культуры пад кіраўніцтвам міністра Анатолія Маркевіча адбылася калегія па тэме “Вынікі рэалізацыі ў 2016 – 2020 гадах дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” і пра задачы на 2021 год”.

З дакладам па дадзенаму пытанню выступіла начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Марына Юркевіч.

Падрабязней пра вынікі дадзенай калегіі ў наступных нумарах “К”.