Тэрыторыя, якая не даруе памылак

№ 27 (1518) 03.07.2021 - 09.07.2021 г

Праекты зон аховы як кіраўніцтва да дзеяння
25 чэрвеня адбылася калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, прысвечаная пытанням захавання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў і іх навакольнага асяроддзя. Пра асноўныя пытанні, узнятыя падчас калегіі, мы ўжо каротка паведамлялі ў мінулым нумары. Сёння ж нашым чытачам мы прапануем вытрымкі з даклада начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталлі Хвір, у якім тэма, заяўленая на калегіі, пазначана больш аб’ёмна і падрабязна.

/i/content/pi/cult/857/18202/Kultura-27-page-4S.jpgАсновай унікальнасці гістарычных аб’ектаў, помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва, з’яўляецца іх узвядзенне па адзінай планіровачнай, кампазіцыйнай, архітэктурнай і высокамастацкай задуме. Падобнымі маштабнымі і гарманічнымі комплексамі і ансамблямі мы ганарымся, яны з’яўляюцца нашым брэндам.

Але зараз мы разглядаем прыклады негатыўнага будаўніцтва, калі парушаюцца праекты зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Зоны аховы, уласна, гэта рэгламенты па выкарыстанню гісторыка-культурных каштоўнасцяў і тэрыторый, што прылягаюць да іх. Праекты зон аховы дазваляюць вызначаць, што можна, а што нельга рабіць з гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а таксама выяўляюць патэнцыйна каштоўную забудову, што падлягае ахове.

Сёння пытанні як наяўнасці, так і адсутнасці зон аховы з’яўляюцца цяжкімі для ўсіх, хто з імі так ці інакш сутыкаецца. Праблемных пытанняў у разглядаемай тэме некалькі. Да іх адносяцца: адсутнасць зацверджаных праектаў зон аховы для аб’ектаў спадчыны, невыкананне рэжымаў утрымання і выкарыстання тэрыторый, устаноўленых праектамі зон аховы, нізкая якасць падрыхтоўкі матэрыялаў, у тым ліку грунтоўнай часткі праектаў зон аховы (перш за ўсё для помнікаў археалогіі).

Згодна з першай тэзай, у адпаведнасці з артыкулам 105 Кодэкса аб культуры, для захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў і навакольнага асяроддзя распрацоўваюцца праекты зон іх аховы. Распрацоўка горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, ажыццяўленне якой можа аказаць уздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці, без зон аховы забараняецца. Дадзеная норма з’явілася ў заканадаўстве ў 1992 годзе, у Законе аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь уключана 5350 нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. І распрацаваны толькі 385 праектаў аховы для 1602 аб’ектаў спадчыны, што складае 31% ад іх агульнай колькасці. Для значнай часткі помнікаў архітэктуры, археалогіі не ўсталяваныя ахоўныя рэжымы, а значыць, яны ніяк не абароненыя.

Суадносіны гісторыка-культурных каштоўнасцяў, на якія зацверджаны праекты зоны аховы, да іх агульнай колькасці ў кожнай вобласці: у Брэсцкай  — 158 з 738, у Віцебскай — 305 з 940, у Гомельскай — 208 з 866, у Гродзенскай — 249 з 697, у Магілёўскай — 214 з 1063, у Мінскай  — 165 з 664, у г. Мінску — 181 з 382.

Адсутнасць праектаў зон аховы прыводзіць да таго, што аб’екты знішчаюцца у прамым сэнсе гэтага слова, будынкі зносяцца. Напрыклад, пры адсутнасці распрацаванага ПЗА ў 2020 годзе знесены будынак стайні роду Святаполк-Мірскіх у в. Каменполле Міёрскага раёна, які ўваходзіць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці “Былая сядзіба”.

У 2020 годзе на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці “Фрагменты палацава-паркавага ансамбля “Радзівілімонты”: руіны палаца, парк” ў в. Чырвоная Зорка Клецкага раёна Мінскай вобласці без усталявання зон аховы высечана 52 дрэвы на тэрыторыі парку і знесены будынак канца XIX стагоддзя.

Па ўсіх пералічаных фактах, да рэакцыі Міністэрства культуры, ніхто не прыцягваўся да адказнасці на месцах!

На разгляд у Міністэрства культуры паступаюць розныя прапановы новага будаўніцтва на тэрыторыях гістарычнай забудовы. Пры гэтым Міністэрства вымушана выдаваць адмоўныя заключэнні (чым выклікана незадаволенасць мясцовых органаў улады і інвестараў) з-за неадпаведнасці праектных прапаноў патрабаванням заканадаўства ў сферы аховы спадчыны. Забудоўшчык-заказчык рэалізуе будаўніцтва аб’екта без праекта зон аховы, у выніку чаго мы атрымліваем парушэнне маштабу, візуальнае разбурэнне асноўных гарадскіх панарам, якія з улікам вышынных габарытаў гэтых аб’ектаў нейтралізацыі не падлягаюць. Мы атрымліваем будынкі, якія парушаюць асяроддзе гістарычнай тэрыторыі і пагаршаюць яе ўспрыманне. Характар гістарычнага асяроддзя візуальна распадаецца, застаюцца толькі асобныя гістарычныя будынкі, якія існуюць побач з “высотнымі дамамі”, падаўленыя аб’ёмамі і магутнымі плоскасцямі фасадаў новых будынкаў.

Недастатковае фінансаванне і нязначная ўвага да ажыццяўлення мерапрыемстваў па захаванні каштоўнасцяў і доступу да іх пры фарміраванні мясцовых бюджэтаў з’яўляюцца галоўнымі фактарамі адсутнасці праектаў зон аховы.

Варта адзначыць, што больш за 60 працэнтаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, гэта значыць рашэнне пытанняў фінансавання распрацоўкі праектаў зон аховы на такія аб’екты магчыма пры фарміраванні мяс-
цовых бюджэтаў і зацвярджэнні рэгіянальных комплексаў мера-
прыемстваў па ахове спадчыны. Фінансаванне расходаў за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў на распрацоўку праектаў зон аховы прадугледжана параграфам 237 бюджэтнай класіфікацыі. У адпаведнасці з артыкуламі 14, 75 Кодэкса аб культуры, артыкуламі 45, 46, 47 Бюджэтнага кодэкса мяс-
цовыя органы ўлады абавязаны забяспечваць захаванасць гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ў іх уласнасці, у тым ліку фінансаваць выдаткі па забеспячэнні іх захаванасці і доступу да іх.

У 2021 годзе са сродкаў мяс-
цовых бюджэтаў прадугледжана фінансаванне распрацоўкі ўсяго 16 праектаў зон аховы, у тым ліку: у Гродзенскай вобласці — на 3 гісторыка-культурныя каштоўнасці, у Мінскай  — на 4, у Магілёўскай — на 8, у г. Мінску — на 1. А вось у Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцях на гэтую пяцігодку на распрацоўку зон аховы нічога не запланавана!

Па другой тэзе, згодна з артыкулам 105 Кодэкса аб культуры, вызначана, што ўсе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў выконваюцца ў рамках патрабаванняў рэжымаў утрымання і выкарыстання гэтых зон аховы.

Праекты зон аховы фарміруюць менавіта такі горадабудаўнічы падыход, вызначаюць развіццё гарадскога асяроддзя з улікам захавання балансу паміж гістарычнай і новай архітэктурай і з’яўляюцца найважнейшымі тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі ў гэтай сферы. Мяс-
цовыя органы ўлады павінны прымаць усе магчымыя меры ў рамках заканадаўства па выкананні забудоўшчыкамі (інвестарамі) рэжымаў утрымання і выкарыстання зон аховы. Асаблівую ўвагу на выкананне рэгламентаў праектаў зон аховы варта на-
даваць пры выдзяленні зямельных участкаў, фарміраванні аўкцыёнаў.

Толькі своечасова і якасна распрацаваны праект зон аховы дазваляе бачыць усе абмежаванні па змесце і выкарыстанні зямельных участкаў, прылеглых да гісто-
рыка-культурнай каштоўнасці ці размешчаных на яе тэрыторыі.

Аналіз практыкі, якая склалася, паказвае, што асноўнымі распрацоўшчыкамі праектаў зон аховы з’яўляюцца: “БелНИИПградостроительства”, праектны філіял ААТ “Белреставрация”, “Институт истории Национальной академии наук Беларуси”.

Міністэрствам культуры ў перыяд з 1 студзеня 2020 г. па бягучы перыяд 2021 г. разгледжаны і вернуты на дапрацоўку 302 праекты зон аховы, з іх: 34 — на помнікі архітэктуры і гісторыі; 268 — на помнікі археалогіі. Прычыны — нізкі якасны ўзровень падрыхтоўкі тэкставага і графічнага матэрыялаў, адсутнасць абазначэння аб’ектаў, адсутнасць апісання відаў дзейнасці, забароненых альбо абмежаваных у межах зон аховы. Абавязковай умовай з’яўляецца апісанне ліній межаў тэрыторый гісторыка-культурных каштоўнасцяў і зон іх аховы на схемах з прывязкай да кропак з геаграфічнымі каардынатамі ў сістэме каардынатаў WGS 84.

На жаль, пры распрацоўцы праектаў зон аховы помнікаў археалогіі і пры распрацоўцы схем зон аховы да іх патрабаванне дадзенай нормы Кодэкса не выконваецца ў поўнай меры. Схемы зон аховы павінны быць выкананы на тапагеадэзічнай падаснове, актуальнай на момант распрацоўкі праекта зон аховы, з нанясеннем геаграфічных каардынатаў, якія адлюстроўваюць межы помніка археалогіі і зон яго аховы.

Распрацоўшчыкамі праектаў зон аховы павінны ўлічвацца заўвагі Міністэрства культуры, праекты павінны забяспечваць захаванне гістарычных будынкаў і гістарычнага асяроддзя і быць выкананымі ў належнай якасці.

Дзякуючы індывідуальнаму падыходу да развіцця і выкарыстання гістарычных тэрыторый, якія ўяўляюць найбольшую цікавасць у культурнай, эканамічнай і турыстычнай сферах, праектамі зон аховы прадугледжваецца будаўніцтва з улікам адаптацыі параметраў і архітэктуры новых будынкаў да гістарычнага кантэксту. Без усвядомленага супад-
парадкавання новай архітэктуры гістарычнаму асяроддзю фарміраванне паўнавартаснага і гарманічнага гарадскога краявіда немагчыма.

З гэтай мэтай мы плануем унясенне змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс.

У мэтах усталявання базавых памераў зон аховы помнікаў археалогіі ўключана норма аб неабходнасці забеспячэння адлегласці ў памеры 50 метраў ад знешніх межаў тэрыторыі помніка археалогіі. У дадзенай зоне неабходна будзе выконваць меры па ахове археалагічных аб’ектаў пры выкананні земляных, меліярацыйных і іншых відаў работ, якія могуць нанесці шкоду гісторыка-культурнай каштоўнасці, да распрацоўкі праектаў зон аховы.

Замацоўваюцца паўнамоцтвы Міністэрства культуры па вызначэнні складу і парадку распрацоўкі праектаў зон аховы, абавязковага для выканання ўсімі распрацоўшчыкамі такіх тэхнічных нарматыўных прававых актаў.

Артыкул 105 Кодэкса дапаўняецца нормай, згодна з якой Міністэрства культуры не пазней за 15 каляндарных дзён з дня афіцыйнага апублікавання пастановы аб зацвярджэнні адпаведнага праекта зон аховы даводзіць да ведама арганізацый, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Дзяржкаммаёмасці, упаўнаважаных ім на стварэнне і вядзенне зямельна-інфармацыйнай сістэмы.

Замацоўваецца кампетэнцыя мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па забеспячэнню выканання ўстаноўленых праектамі зон аховы рэжымаў утрымання і выкарыстання тэрыторый і зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Уводзіцца тэрмін "тэрыторыя нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў" з мэтай вызначэння характарыстык асноўных комплексных гісторыка-культурных каштоўнасцяў — гістарычных цэнтраў, ансамбляў, комплексаў, сядзібаў, паркаў, неад’емнай часткай якіх з’яўляецца гістарычная тэрыторыя.

Мясцовым органам улады па кампетэнцыі неабходна арганізоўваць інвестыцыйную дзейнасць, а таксама любую будаўнічую дзейнасць з безумоўным выкананнем рэжымаў ПЗА — ад падрыхтоўкі аўкцыёнаў, зыходна-дазвольнай дакументацыі, атрымання ўзгадненняў да рэалізацыі аб’ектаў. За парушэнні рэжымаў ПЗА павінны неадкладна прымяняцца меры па прыцягненні да адказнасці вінаватых у адпаведнасці з заканадаўствам.

Распрацоўшчыкі ПЗА ў гэтых праектах павінны прадугледзець усе неабходныя меры па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцяў і іх навакольнага асяроддзя. Праекты павінны быць якаснымі.

У выніку, калі горадабудаўнічая палітыка будзе весціся з захаваннем заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, многіх архітэктурна-горадабудаўнічых памылак магчыма пазбегнуць, што, як следства, паспрыяе гарманічнаму развіццю гістарычных цэнтраў гарадоў, ствараючы прывабны, “жывы” асяродак як для жыхароў Рэспублікі Беларусь, так і для турыстаў.