Вайна ў памяці асобнай сям’і

№ 27 (1518) 03.07.2021 - 09.07.2021 г

Цяпер, чытаючы падручнікі гісторыі, мы можам аднавіць ваенныя падзеі цалкам. Але для сваіх сучаснікаў, тое ліхалецце — рэч асабістая, са сваім адметным тварам… У нашай сям’і надаюць вялікае значэнне святам Перамогі, бо жывыя ўзгадкі родных, каму давялося перанесці турботы вайны, і ўспаміны пра тых, хто сам ваяваў. Таму для мяне важна і надалей захаваць тагачасную памяць аб маіх прашчурах.

/i/content/pi/cult/857/18194/011.jpgФота з сямейнага архіва

Маёй бабуле Тамары Салаўёвай зараз 86 гадоў. Пачатак вайны яна памятае добра. Па іх вёсцы Альхоўка, што ў Бярэзінскім раёне, спачатку прайшоў гоман, а потым побач пачалася бамбёжка. Неўзабаве прыехалі нямецкія салдаты на трохколавых матацыклах, а ў навакольных лясах з’явіліся партызаны.

Неяк бацьку бабулі Аляксандра Смычка ілжыва абвінавацілі ў сувязі з акупантамі. Зводзіць з ім рахункі прыйшлі два партызаны. Але бабулін брат Лёня, расчуліўшы плачам незнаёмцаў, не даў вывесці тату за парог, дзе таго чакала б смерць.

Надта лютавалі немцы, забіралі хатнюю жывёлу, пагражалі растрэламі. Выйсце для вяскоўцаў было адно — уцякаць у лясы. Сям’я Смычок таксама стала выгнаннікамі. З сабой прадбачліва ўзялі карову, якая выратоўвала ад голаду, каня з возам. Нават бралі коўдры з падушкамі. Такая падушка неяк выратавала бабуле жыццё. У лесе былі пастаянныя перастрэлкі партызан з немцамі. І ляцеўшая “шалёная” куля трапіла ў пер’е пад Тамарынай галавой, калі тая ляжала на падушцы, не прычыніўшы шкоды ёй самой.

Аднойчы ў блуканнях, дзесці каля ракі, назвы якой бабуля ўжо не памятае, яна ўбачыла цяжка параненага немца, які стагнаў і паказываў, што хоча піць. Дзяўчынка прынесла яму вады, але той не паспеў зрабіць і глытка: памёр у яе на руках.

Ужо пры адступленні немцаў, сям’і патрэбна было далучацца да калоны бежанцаў. Але перашкодай на іх шляху стаў напаўразвалены мост. Узгадвае Тамара, як са слязьмі маліліся яе матуля і бабуля з адным толькі жаданнем — перайсці. Бацька пасадзіў усіх на воз і хутка пагнаў каня. Урэшце, з Божай дапамогай, яны пераадолелі перашкоду.

У 1944 годзе, яшчэ да вызвалення раёна, менінгіт забраў жыццё бабулінага брата, таго самага Лёні. Ды, тым не менш, сям’і, у якой засталося трое дзяцей, было радасна, што скончылася вайна. Вёска Альхоўка была напалову спаленая, але дом Смычкоў заставаўся цэлым. Аляксандр Сямёнавіч вырашыў аддаць яго сям’і брата, а сам набыў зруб і перавёз яго ў Беразіно. Але бярвенні яшчэ трэба было скласці. Бацька бабулі быў настаўнікам, і атрымоўваў штомесяц карткі, па якіх на тыдзень выходзіў бохан хлеба-цаглінкі. Гэты хлеб рэзалі на дзесяць роўных частак і пасылалі Тамару гандляваць ім па 10 рублёў за кавалак. У выніку дом аднавілі, і ён дагэтуль стаіць на адной з вуліц горада.

Бабуля расказвае, як начавалі ў халоднай недабудаванай хаце, а з раніцы яны з братам сядзелі, прыхіліўшыся да прызбаў і чакалі, пакуль абагрэе сонца. Памятае і смешны выпадак: неяк трэба было расплаціцца пудам пшаніцы з работнікамі, якія клалі падлогу ў хаце. Тамару пасадзілі пільнаваць мяшок, але яна заснула, а калі прачнулася зерня ўжо не было.

Далей бабуля вывучылася і працавала зубным тэхнікам, спачатку на размеркаванні ў вёсцы Валосава Талачынскага раёна. Там пазнаёмілася з маім дзядулям Аляксандрам Паўлавічам Салаўёвым. Затым новаспечаная сям’я пераехала ў Беразіно. Выхавалі трох сыноў, малодшага з якіх назвалі Лёней…

***

Яшчэ адна гісторыя пра майго дзеда Васіля, бацьку матулі, ветэрана. Я не ведаў яго, а збіраў інфармацыю ў родных па частках, таму расповед будзе сціслы. Нарадзіўся Васіль Парфёнавіч Андрэеў у весцы Вішанька Рагачоўскага раёна ў 1917 годзе ў звычайнай сялянскай сям’і. Скончыў бухгалтарскія курсы, пасля ў 21 год быў прызваны ў армію, у войскі паветранай абароны. Вайна пачалася, калі яму быў тэрмін дэмабілізоўвацца, таму Васіль адправіўся не дамоў, а працягнуў служыць сяржантам у 52-м зенітна-пражэктарным батальёне 6-га пражэктарнага палка. Яго задача была супрацьстаяць налётам варожай авіацыі, славутаму “Люфт Ваффе”, карэктыраваць агонь адмысловых пушак.

Па ўзгадках родных, ён прайшоў усю вайну са сваім палком без адзінага ранення, хоць і браў удзел у абароне Масквы, а затым ліквідаваў фашысцкі “кацёл” ва Усходне-Памеранскай аперацыі. Быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчынный вайны, медалём “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”, шматлікімі юбілейнымі ме-
далямі, якія захоўваюцца ў нашай сям’і, а таксама медалём “За абарону Масквы”, з якім яго хавалі. Завяршыў вайну малодшым лейтынантам.

Вось, ва ўласнасці, і ўсе сведкі пра дзядулю Васіля. Аб яго службе ёсць інфармацыя і ў шматлікіх ваенных інтэрнэт-архівах. Ён вельмі мала гаварыў пра вайну, а імкнуўся жыць і радавацца кожнаму дню. Працаваў доўгі тэрмін кіраўніком аддзела забеспячэння і збыта на Рагачоўскім вінным заводзе. Пабудаваў дом у гэтым горадзе, ажаніўся, выхаваў і даў адукацыю траім дзецям.

Ведаючы пра такія выпрабаванні сваіх родных, як можна не надаваць увагі святу вызвалення Беларусі? Паглыбляючыся ў памяць пакаленняў можна адназначна сказаць — вайна непрымальная з’ява. І хочацца верыць, што наша зямля і наш народ болей не зазнаюць часоў ліхалецця.