Курган Славы як клічнік Гісторыі

№ 27 (1518) 03.07.2021 - 09.07.2021 г

Гэты архітэктурна-скульптурны мемарыял пад назвай “Курган Славы” па сваёй гістарычнай значнасці і прафесійнай якасці вось ужо амаль паўстагоддзя, нароўні з мемарыяламі ў Хатыні і Брэсце, лічыцца найвыдатнейшым творам беларускага манументальнага мастацтва. Размешчаны ён у Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці на 21-м кіламетры магістралі, якая вядзе ад сталіцы ў Нацыянальны аэрапорт “Мінск-2”. Менавіта ў гэтых месцах у ліпені 1944-га ў час найбуйнейшай наступальнай аперацыі “Баграціён” трапіла ў акружэнне, у так званы “Мінскі кацёл”, 150-тысячная групоўка фашысцкіх войск. Гэтая, мабыць, адна з самых грандыёзных аперацый Другой сусветнай вайны, якая праводзілася арміямі 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў разам з партызанамі, пачалася 23 чэрвеня 1944 года і завяршылася 29 жніўня поўным вызваленнем Беларусі. Потым ужо вялікая бітва з фашызмам пракацілася практычна па ўсёй Усходняй Еўропе...

/i/content/pi/cult/857/18192/06.jpg...Прыкладна вясной 1966 года я, малады супрацоўнік Міністэрства культуры, пазнаёміўся з народным мастаком БССР Андрэем Ануфрыевічам Бембелем. Ён запрасіў мяне ў сваю майстэрню на Беламорскую, 42 і ў кантэксце гаворкі пра мастацтва між іншым сказаў, што зараз распрацоўваецца ў Мінскім абкаме КПБ праект пастановы пра стварэнне манументальнай скульптурнай кампазіцыі ў Мінскім раёне ў гонар перамаганоснага завяршэння Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”. Дадаў, што гэтая прапанова павінна быць зацверджана на бюро ЦК КПБ. Я тады зразумеў, што Бембель як скульптар зацікавіўся гэтай тэмай — інакш навошта яму было паведамляць пра тую ідэю менавіта мне, тады яшчэ зялёнаму мастацтвазнаўцу.

Прайшоў нейкі час. З Бембелем у мяне ўсталяваліся вельмі добрыя чалавечыя адносіны, і я быў у курсе практычна ўсіх яго творчых і педагагічных спраў: ён узначальваў кафедру скульптуры БДТМІ, дзе даводзіў да розуму такіх таленавітых вучняў, як А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, І.Міско, А.Арцімовіч, У.Слабодчыкаў і шмат іншых. Праз некалькі гадоў лёс склаўся такім чынам, што мы нават працавалі поплеч у штаце Саюза мастакоў: Андрэй Ануфрыевіч у якасці старшыні саюза, я — спачатку тады кіраваў творчымі секцыямі, потым быў выбраны аргсакратаром.

Але гэта было пазней. А пакуль, здаецца, у жніўні таго ж 1966 года прапанова Мінскага абкама партыі была зацверджана першым сакратаром ЦК КПБ Пятром Машэравым, а ўжо праз пару месяцаў на месцы будучага Кургана Славы заклалі памятную пліту і правялі маштабны грамадскі мітынг з удзелам прадстаўнікоў усіх гарадоў-герояў СССР.

Я быў на гэтай акцыі разам з самім Андрэем Ануфрыевічам і яго дачкой Кларай. Бачыў, як удзельнікі мітынгу прынялі Наказ будучым пакаленням не забываць подзвіг савецкага народа ў час Вялікай Айчыннай. Тэкст Наказу быў замураваны ў спецыяльнай капсуле ля падножжа будучага Кургана. У гэты ж дзень узвядзенне мемарыяла пачалося з таго, што тысячы людзей сталі яго проста на вачах фарміраваць — насіць сюды жменямі зямлю, прывезеную імі з розных памятных месцаў мінулай вайны... Яны неслі зямлю прыгаршчамі, у вёдрах, фуражках, рукзаках, ручніках. Так маленькі холмік стаў ператварацца ў прыкметную з усіх бакоў горку. І Курган пачаў паступова расці. Гэта быў нейкі сімвалічны акт ушанавання памяці тых, хто не вярнуўся з бою і хто прынёс канчатковую Перамогу. А галоўны ўклад з тэхнічнага пункту погляду ў нараджэнне велічна-строгага і ў той жа час эмацыянальна-ўзвышанага Кургана, канешне ж, зрабілі перадавыя тэхналогіі таго часу і будаўніча-інжынерная думка.

А пачыналася ўсё не так проста. Мала хто ведае, але, як мне расказваў Бембель, у самым пачатку праектавання “наверсе” задумвалася стварыць не вялізную архітэктурна-скульптурную кампазіцыю, а проста пасадзіць чатыры дубы на халме, якія маглі б сімвалізаваць чатыры франты. Калі не памыляюся, гэта была першая праектная заява тагачаснага галоўнага архітэктара Мінска Аляксея Наканечнага. Сваю прапанову ён накіраваў партыйнаму лідару абкама Івану Палякову. А творчая група ўжо была сфарміравана: у яе ўвайшлі на чале з Бембелем яго вучань скульптар Анатоль Арцімовіч і архітэктар Алег Стаховіч. Трошкі пазней — інжынер Валерый Лапцэвіч і архітэктар Леў Міцкевіч. Канешне, ідэя чатырох дубоў на насыпным кургане была катэгарычна адхілена: не той маштаб для такой сусветна-гістарычнай падзеі, як вызваленне Беларусі. У бембелеўскага калектыву першапачатковы намер наконт Кургана быў зусім іншым. Спачатку Анатоль Арцімовіч і Алег Стаховіч прапанавалі працяты чатырма штыкамі нацысцкі імперскі арол — герб III Рэйха і ўмоўнае абрамленне накшталт кальца-вянка. Прыйшлі да Бембеля, на Беламорскую, 42. Паказалі свой эскіз. Андрэй Ануфрыевіч тут жа яго адхіліў. І прапанаваў зрабіць падмурак скульптурнай кампазіцыі кшталту каманднага пункта: амбразуру і байніцу разам са спаянымі штыкамі на ўзгорку-кургане. З дзіцячага белага пластыліна вылепілі тады гэты эскіз-ідэю. Але калі з амбразуры сталі даставаць пластылін, яе “столь”-прыкрыццё звалілася. І нечаканна для ўсіх “на руінах” з’явілася штосьці вельмі цікавае, падобнае да Вянца Славы. Заставалася толькі дадаць на ім выявы сімвалічных радоў войск, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. Сапраўды, і ў мастацтве валадарыць Яго Вялікасць Выпадак...

/i/content/pi/cult/857/18192/07.jpg...6 ліпеня 1969 года пры грандыёзнай колькасці народу адбылося адкрыццё мемарыяла. У сувязі з гэтым не магу не прывесці фрагмент з цікавых успамінаў Вольгі Дзядок, першай жонкі Андрэя Бембеля: “У час акупацыі я марыла дажыць да вызвалення, выжыць, захаваць блізкіх і пражыць яшчэ гадоў дзесяць без бамбёжак, без гестапа, мець вобмаль хлеба. Прайшло дваццаць пяць гадоў. Быў не толькі хлеб, а багацце прадуктаў. Сям’я сабралася. Трэба радавацца. І я радавалася. Асабліва 3 і 6 ліпеня. А вось у гэтым годзе (гаворка пра 1969 год — Б.К.) Дзень вызвалення быў поўны журботы. Усе перадачы, усе выступленні былі напалову прысвечаны загінуўшым. Вясёлай была толькі перадача пра адкрыццё Кургана Славы. І мне глядзець яе было радасна, бо гэта твор Бембеля. Два гады ён працаваў над ім са сваімі архітэктарамі. Два гады тут было шумна, весела, ішлі бурныя спрэчкі. І ні адпачынку, ні часу. Летам выехаў адпачываць (у мінулым годзе) і два разы яго выклікалі ў Мінск тэлеграмамі.

І нарэшце работа завершана, зманціравана ў складаных умовах. Ішлі дажджы, цэмент вільготны, фарба змывалася. Андрэй гаворыць: “Вялізныя краны падымаюць кальцо, а яму патрэбна было б яшчэ сохнуць дзён сем. І вось думаю: ацалее ці абрынецца? І стаю пад ім, кальцом, разважаю, ужо ўсё роўна: упадзе, дык прама на маю галаву”. Але ўсё абышлося. Другога ліпеня Андрэй узяў мяне паглядзець гатовы Курган. Так, ён цудоўны! Я бачыла праект з дня яго нараджэння, усё ўяўляла, якім ён будзе ў выніку... Але тое, што ўбачыла, пераўзышло ўсе мае чаканні. Мяне “агаломшыла”, як бы сказаў наш сын Алік. Цудоўна выбрана месца, холм пануе над мясцовасцю, гарманічна ўпісаны ў пейзаж, прапорцыі прадуманы вельмі добра, Курган увесь зялёны, велічны...”

Я не буду падрабязна апісваць Курган Славы: гэты мемарыял даўно ўвайшоў у гісторыю савецкага манументальнага мастацтва. Толькі нагадаю некаторыя, магчыма, сухія паўзабытыя факты. Ён узвышаецца над зямлёй на вышыні больш за 70 метраў. Сам узгорак мае вышыню ў 35 метраў. Ад падножжа ўвысь ідуць дзве ўнікальныя вінтавыя лесвіцы з бетону — кожная па 241 прыступцы. Гэтыя лесвіцы спраектаваў інжынер Валерый Лапцэвіч, які для кожнай прыступкі прыдумаў асобнае ўмацаванне. На ўзгорку размешчана скульптурная кампазіцыя: абліцаваныя тытанам, як і на штыку Брэсцкага мемарыяла, 35-мятровыя чатыры штыкі — сімвалы адпаведных чатырох франтоў. Штыкі атачае кальцо, на якім — барэльефныя выявы сямі вобразаў-партрэтаў пераможцаў: профілі дзяўчыны-партызанкі, старога партызана, лётчыка, матроса, танкіста, маладога і пажылога пехацінцаў. Падмурак абеліска ўпрыгожаны выявамі ордэнаў Славы і Айчыннай вайны. На ўнутраным баку кальца — мазаічны надпіс: “Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы — слава!”

Незадоўга да смерці Бембеля я спытаў маэстра разца, якія тры свае творы ён асабіста лічыць самымі ўдалымі, творы, якімі ён можа ганарыцца? І ён сказаў: “Партрэт Мікалая Гастэлы, гарэльеф “9 мая 1945 года” на помніку Перамогі на плошчы Перамогі ў Мінску і Курган Славы”. І я яго разумеў. Канешне, у кожным сапраўдным творы мастацтва павінна быць свая мелодыя, свая музыка. Гэта не проста прыём пластыкі. Гэта асаблівасць творчага мыслення. Тут і рытм, і лінія, і рух, і прастора, і тонкае адчуванне перспектывы, асабліва важнае ў манументальным мастацтве, і непаўторнасць часу… Такім быў увесь Бембель. У яго лепшых працах гэтая мелодыя пэўная, яе заўсёды пазнаеш. Мелодыя мужнай праўды Часу. Мелодыя, непадуладная капрызлівай хуткаплыннай модзе. Менавіта такая мелодыя гучыць і ў Кургане Славы...

Дзякуй яму і яго сааўтарам-аднадумцам за гэты твор — твор па-сапраўднаму народны ў сваёй каранёвай аснове.

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"