Вандроўка з навагрудскай гараджанкай

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

Карысць Шчорсаўскіх чытанняў
“Нам вельмі прыемна, што ў Гродзенскі рэгіён, на Наваградскую зямлю, прыехалі калегі з іншых абласцей, падзяліліся сваім вопытам і абмеркавалі, якія падыходы і новыя формы работы можна выкарыстоўваць для таго, каб чытачам было цікава наведваць бібліятэку,

Кворум

10 — 11 чэрвеня ў Навагрудку і аграгарадку Шчорсы адбыліся юбілейныя V Шчорсаўскія чытанні. Арганізатарамі канферэнцыі выступілі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, аддзел культуры Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта і Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Яўхіма Карскага. Гасцей прымала Навагрудская раённая бібліятэка. У гэтым адукацыйна-навуковым праекце прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, рэлігійных канфесій, супрацоўнікі музеяў, навукоўцы, гісторыкі, краязнаўцы і, вядома, бібліятэкары. Усе яны былі з розных куткоў Беларусі і з розных устаноў, у прыватнасці, прысутнічалі спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, анлайн — прадстаўнікі Прэзідэнтскай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскай і Гомельскай абласных, а таксама дырэктары і бібліятэкары раённых (гарадскіх цэнтральных) бібліятэк Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей.

Шчорсы — не выпадковасць

На Беларусі не так ужо шмат куткоў настолькі багатых на гісторыю і таленты, якім з’яўляецца Навагрудчына. Таму і прыцягвае яна да сябе навукоўцаў, гісторыкаў, краязнаўцаў дый увогуле простых людзей. Адны толькі сусветна вядомыя імёны Адама Міцкевіча і Іахіма Літавора Храптовіча чаго каштуюць! І абодва звязаны з кнігай. Адзін праз паэзію, другі — праз бібліятэку.

Менавіта тут, у Шчорсаўскім маёнтку, на працягу другой паловы XVIII — першай паловы XIX стагоддзяў была сабрана вядомая ўсім бібліятэка Іахіма Храптовіча. Напэўна, гэты факт стаў апошняй вызначальнай кропкай на карысць Шчорсаўскіх чытанняў. Сапраўды, лепшага месца масавых зносін па гістарычных пытаннях, чым Шчорсы, не знайсці.

/i/content/pi/cult/856/18186/12_1.jpg

Крыху гісторыі

І вось у 2012 годзе горад Навагрудак і аграгарадок Шчорсы былі абраны месцам правядзення навуковай канферэнцыі, якая атрымала назву Шчорсаўскія чытанні, з таго часу гэтае мерапрыемтва праводзіцца адзін раз у два гады, адпаведна ў 2014, 2016, 2018 гадах. Пятыя Шчорсаўскія чытанні меліся адбыцца ў мінулым годзе, але з-за пандэміі каранавіруса былі адкладзены на год.

Менавіта таму гэты навуковы форум сабраўся сёлета — не праз два, а праз тры гады. Госці ехалі сюды праз сотні кіламетраў, нягледзячы на пагрозу хваробы, якая за год пакуль што не знікла, каб пачарпнуць веды, набыць для сябе нейкі практычны вопыт па пытаннях культуры, бібліятэказнаўства, кнігазнаўства, гісторыі. У гэтым сэнсе наша гістарычная Наваградская, і, у прыватнасці, Шчорсаўская зямля, у чарговы раз дзялілася ўсім, што мае.

Стратэгія

Праграма чытанняў была настолькі насычанай, што іх удзельнікам заставалася толькі паспяваць слухаць, глядзець, занатоўваць і асэнсоўваць матэрыял, які прапаноўваўся спецыялістамі. Працавалі дзве секцыі — першая разглядала “Актуальныя пытанні бібліятэчнай справы: стратэгічныя накірункі дзейнасці” (яна засядала ў Навагрудскай раённай бібліятэцы), на другой ішла размова пра “Кніжныя помнікі Гродзеншчыны” (працавала ў Доме-музеі Адама Міцкевіча).

На першай секцыі былі заслуханы даклады бібліятэкараў, якія адлюстроўвалі стан і перспектывы работы публічных бібліятэк Гродзеншчыны (Марына Ігнатовіч, дырэктар абласной бібліятэкі), актуальныя пытанні бібліятэчнай і краязнаўчай справы (Ірына Царук, дырэктар Навагрудскай раённай бібліятэкі). Госці дзяліліся вопытам работы бібліятэчных устаноў Гомельскай вобласці ў сучасных умовах (Марына Рафеева, дырэктар абласной бібліятэкі), прыярытэтнымі накірункамі ў рабоце публічных бібліятэк Барысаўскага раёна (Алена Капыток, дырэктар раённай бібліятэкі) і сеткавым інтэрнэт-праектам па папулярызацыі ўстаноў бібліятэчнага тыпу сярод карыстальнікаў Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці (Вікторыя Бусел, дырэктар раённай бібліятэкі).

Турызм бывае і рэлігійным

У выступленнях навукоўцаў, краязнаўцаў і святароў, што прымалі ўдзел у рабоце другой секцыі, гучала тэма даследаванняў беларускіх кніжных помнікаў, таксама ішла размова пра культурна-пазнавальны і рэлігійны турызм. Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша распавёў пра Шчорсаўскую бібліятэку Храптовічаў і шляхі яе вяртання на Радзіму. З вялікай цікавасцю была ўспрынята інфармацыя Таццяны Сапегі (супрацоўніцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі) пра кнігі, выдадзеныя ў Навагрудку ў першай палове ХХ стагоддзя. Змястоўнымі былі даклады пра кніжныя помнікі Рэспублікі Беларусь (Таццяны Карнілавай, супрацоўніцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі) і пра рэдкія выданні пра Гродзеншчыну (Святланы Паўлавіцкай і Алены Пагоскай, супрацоўніц Прэзідэнтскай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь).

Кітабы і хамаілы

Па ініцыятыве арганізатараў форуму ўвазе ўдзельнікаў была прадстаўлена рукапісная спадчына татараў, якую прадставіла Разалія Александровіч, супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі. Гэты стэнд размяшчаўся ў Доме-музеі Адама Міцкевіча побач з рэлігійнымі скарбамі цэркваў Навагрудскай епархіі і шматлікімі выданнямі твораў Адама Міцкевіча ў перакладзе на розныя мовы. На стэндзе былі прадстаўлены мугір, Кур’ан і хамаілы, а таксама грунтоўнае даследванне духоўнай рукапіснай спадчыны татараў Міхаіла Тарэлкі “Тафсіры, кітабы і хамаілы: з прыватных кнігазбораў Беларусі”.

У кожнага з экспанатаў свая гісторыя. Мугір — як помнік народнага мастацтва. Хамаілы разам з Кур’анамі адносяцца да найбольш распаўсюджаных рукапісаў. Кожны з іх мае сваю адметнасць і разам яны складаюць суцэльную карціну духоўнага жыцця татараў-мусульман. Каштоўныя як самыя рукапісы, так і асобныя лісточкі-ўкладкі. А ў адзін з хамаілаў укладзены фотаздымак для дакумента — імя ўладальніцы пакуль невядомае.

Крэатыўны ксёндз

Удзельнікі другой секцыі былі вельмі ўражаны выступленнем ксяндза Віталія Цыбульскага, настаяцеля парафіі касцёла святога Казіміра ў аграгарадку Уселюб, аднаго з самых старажытных касцёлаў Беларусі. Ксёндз шмат робіць для евангелізацыі насельніцтва не толькі ў межах сваёй парафіі, але і праз арганізацыю рэлігійнага турызму. Якраз у гэтым і ёсць яго крэатыўнасць, дарэчы гэтую ягоную рысу ўбачыла і так назвала мадэратар другой секцыі. Святар мае масу прапаноў як для аднасяльчан, так і для пілігрымаў. Пры касцёле арганізаваны і на належным ўзроўні забяспечаны рэлігійны і пазнавальны адпачынак, таму зараз сюды з цікаўнасцю і задавальненнем едуць вандроўнікі з розных куткоў Беларуі, і не толькі. Ксёндз Віталій мае мару — “стварыць ва Уселюбе духоўна-турыстычны комплекс, каб людзі з усяго свету даведаліся аб нашым выдатным месцы, касцёле, святынях і гісторыі тутэйшых месц”. Касцёл знаходзіцца ў 13 кіламетрах ад Навагрудка ў Іўеўскім напрамку, і ксёндз Віталій запрасіў прысутных наведаць яго парафію. Да месца будзе сказаць, што 21 жніўня тут адбудзецца фестываль-рэкалекцыя Novafest.

Экскурсія ў манастыры

Ёсць яшчэ адна рэлігійная славутасць на Навагрудчыне, якая заслугоўвае ўвагі і якую наведалі ўдзельнікі Шчорсаўскіх чытанняў — гэта Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, які ў XIII стагоддзі быў цэнтрам летапісання ў Беларусі. Каля 1329 года тут было напісана рукапіснае Евангелле — помнік беларускага кнігапісання, якое цяпер захоўваецца ў бібліятэцы Чартарыйскіх ў Кракаве. У XVI стагоддзі пры манастыры дзейнічала школа, мелася багатая бібліятэка. Манастыр знаходзіцца па-суседстве са Шчорсамі, таму, зразумела, удзельнікі чытанняў наведалі яго. Экскурсію правёў іераманах Аляксей Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра.

/i/content/pi/cult/856/18186/12_2.jpg

Экслібрыс Храптовіча?

Арганізатары Шчорсаўскіх чытанняў не маглі прамінуць яшчэ адзін аб’ект у гістарычна знакамітых Шчорсах — гэта сядзіба Іахіма Літавора Храптовіча. Калісьці гэта быў палацавы комплекс з багатай бібліятэкай і карціннай галерэяй, вялікім паркам, каскаднымі сажалкамі і гаспадарчым дваром, які з’яўляўся сапраўдным агракамбінатам. На працягу некалькіх стагоддзяў маёнтак належаў роду Храптовічаў, але асабліва праславіў магнацкую рэзідэнцыю Іахім Літавор Храптовіч, апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага. Сёння ад былой велічы магнацкай рэзідэнцыі Храптовічаў мала што засталося. У гады Першай сусветнай вайны палац згарэў і не быў адноўлены. Маёнтак разам з паркам паступова прыйшоў у заняпад. Захаваліся толькі фрагменты сядзібы: двухпавярховы дом упраўляючага, будынак, дзе жыла прыслуга, вяндлярня, рэшткі гаспадарчага двара і стайняў, напаўразбураныя падвалы на месцы палаца.

Рэстаўрацыя палацава-паркавага комплексу дагэтуль не праводзілася, але пэўныя меры па захаванні гістарычна-культурнай спадчыны ўсё ж прымаюцца. Акрамя таго, у 2017 годзе адкрыты дабрачынны фонд “Шчорсы і Храптовічы”, які вядзе актыўную валанцёрскую дзейнасць. Вось усе гэтыя аб’екты і наведалі ўдзельнікі навуковай канферэнцыі. А яшчэ яны зазірнулі ў аграсядзібу “Шчорсы”, якая зараз знаходзіцца на тэрыторыі парка былога маёнтка Храптовічаў, сёння тут можна спыніцца для адпачынку невялікай групе падарожнікаў. Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі тут асабліва зацікавіліся кніжнымі экспанатамі, якія дэманструюцца ў сядзібе, нават паспрачаліся наконт дакладнасці храптовіцкага экслібрыса на адной з кніг.

Па іншых адрасах

У Навагрудскай раённай бібліятэцы для ўдзельнікаў чытанняў былі арганізаваны адкрытыя прагляды літаратуры “Добрыя кнігі яднаюць нас”, “Наваградскія цікавосткі”, “Кніга — элексір здароўя”. Шчорсаўская сельская бібліятэка прадставіла адкрыты прагляд літаратуры “Шчорсаўскія скарбы” і інтэрактыўную пляцоўку “Нёманскія прасторы — Навагрудскі край”. У Шчорсаўскім сельскім Доме культуры ўвагу публікі прыцягнула літаратурна-музычная кампазіцыя “Гістарычныя постаці мінулага” і шматлікія выставы, на якіх былі прадстаўлены кнігі, лялькі, ваўняныя вырабы, аптэчны посуд і многае іншае. Сярод адрасоў Шчорсаўскіх чытанняў таксама Дом-музей Адама Міцкевіча.

Фішка пятых чытанняў

Цікавай атрымалася экскурсія па Навагрудскай раённай бібліятэцы, падчас якой адбылося знаёмства гасцей з міні-музеем макетаў “Страчаная спадчына” (арганізаваны ў 2017 годзе) і рэтра-фотаатэлье, якое, між іншым, вельмі ўразіла ўдзельнікаў мерапрыемства.

Рэтра-фотаатэлье пры Навагрудскай раённай бібліятэцы адчынена 6 студзеня 2021 года на грант Прэзідэнта 2020 года ў галіне навукі, адукацыі, аховы здароўя і культуры. Для гэтага адзін з пакояў міні-музея быў абсталяваны і стылізаваны пад рэтра-фотаатэлье 20 — 30-х гадоў ХХ стагоддзя. З інтэр’ера тут — крэсла, этажэрка, падстаўка пад вазоны, сафа, на сценах — фотаздымкі старога Навагрудка. З аксесуараў — клатч для ледзі, каўнерыкі, капялюшыкі, вееры і вуалеткі, вязаныя сурвэткі, карункавы парасон і іншае. З адзення, якое, дарэчы, цалкам адпавядае першай палове ХХ стагоддзя, — пашыты на заказ касцюм гараджанкі і форма гімназісткі (“Матроска” — менавіта так гэты касцюм называлі на Навагрудчыне). Але галоўнае — фотабокс з імгненным друкаваным фота.

Праз некалькі месяцаў на базе рэтра-фотаатэлье была створана анімацыйна-забаўляльная інтэрактыўная праграма “Вандроўка з навагрудскай гараджанкай”, якая шматлікімі гісторыямі з жыцця гараджан пачынаецца ў міні-музеі “Страчаная спадчына”, потым гараджанка суправаджае групу па плошчу горада і распавядае пра будынкі, вуліцы, скверы. У пэўны момант перад удзельнікамі з’яўляецца гараджанін, апрануты па модзе пачатку ХХ стагоддзя і прапаноўвае паўдзельнічаць у віктарыне “Што было ў гэтым будынку”. У завяршэнні праграмы з дапамогай фотабокса прапануецца зрабіць адзін агульны фотаздымак.

Вось у гэтую вандроўку на завяршэнне першага дня і адправіліся ўдзельнікі Шчорсаўскіх чытанняў, у ходзе якой адбылося іх запамінальнае знаёмства з жыццём даваеннага Навагрудка і яго гараджанамі, захаванымі архітэктурнымі аб’ектамі гістарычнага цэнтра горада, яшчэ яны пабылі на Навагрудскім замку, падняліся на курган Міцкевіча, а таксама паўдзельнічалі ў інтэрактыўных заданнях.

Звычайна, пасля таго, як што-небудзь ужо зроблена, як здзейснілася нейкая падзея, людзі абменьваюцца сваімі думкамі і ўражаннямі. Па гэтых рэфлексіях можна з высокай доляй праўды ацаніць значнасць таго ці іншага мерапрыемства. Тым больш, калі інфармацыя чэрпаецца з сацыяльных сетак, дзе чалавек незалежны ад кіраўніцтва, арганізатараў і гаспадароў мерапрыемства. Прыводжу вам, паважаныя чытачы, вытрымкі з каментарыяў V Шчорсаўскіх чытанняў з Фэйсбуку:

Алена Капыток: “Выдатныя і насычаныя два дні ў Навагрудку падарылі і радасць ад сустрэчы з калегамі, і выдатныя ўражанні ад старажытнага горада са сваёй гісторыяй. Дзякую ад усёй душы за магчымасць расказаць пра досвед праектнай дзейнасці Барысаўскай бібліятэкі для ўдзельнікаў Пятых Шчорсаўскага чытанняў… і за гасціннасць”.

Марына Рафеева: “Вялiкi дзякуй... за вашу гасцiннасць i шчодрасць душы i сэрца!”

Алесь Суша: “Нізкі паклон за арганізацыю і правядзенне чытанняў, але найперш — за цеплыню і спагаду, з якой вы сустрэлі нас”.

Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, метадыст Навагрудскай раённай бібліятэкі

Фота з архіва бібліятэкі