Вясковая ўстанова культуры на сёння, гэта гняздэчка, куды хочацца вяртацца. Птушкі ўвогуле маюць уласцівасць надаваць тым мясцінам, дзе іх любяць, сакральны, нябесны сэнс. Птушкі не могуць без неба.
Сёння — зноў пра крылатых і любае беларускае неба.
Жыватворныя крыніцы творчасці Ашмяншчыны на фестывалі рэгіянальнага фальклору.
Ну скажыце, калі ласка, ці мог звычайны чалавек прыдумаць вось такую назву мерапрыемства — “Сонейка з далонькаў”? Звычайны — не, а наш работнік культуры мог і назваў, бо неба любіць, сонейка і дзяцей. Схіляю галаву. Бібліятэкар інтэграванай бібліятэкі аграгарадка Сянькоўшчына Слонімскага раёна Святлана Сідорык піша: “Летняе сонейка і ўсмешкі дзяцей. Ці бывае штосьці цяплей у жыцці? А ў нашай установе сонейка з’явілася ўласнае. Удзельнікі акцыі “Сонейка з далонькаў” пад кіраўніцтвам бібліятэкара стварылі сваімі рукамі сонца, уклалі ў яго цеплыню свайго сэрца і шчырыя пажаданні ўсім наведвальнікам бібліятэкі. Атрымаць часцінку сонечнага цяпла можаце і вы, калі наведаеце нашу ўстанову і пакарыстаецеся нашымі паслугамі”. Цудоўны прыклад таго, што праект не патрабуе ніякіх фінансавых укладанняў, між тым з’яўляецца максімальна эфектыўным па сіле маральнага ўплыву.
Навіна асаблівага ўрачыстага зместу. Вялікае свята з дня нараджэння адзначыла маленькая аддаленая вёсачка Якімавічы Слонімскага раёна. Споўнілася ёй 480 гадоў! Слонімскі раённы Цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў падрыхтаваўся загадзя. Падключыліся да справы і самадзейныя артысты з Вялікашылавіцкага Цэнтра культуры.
Жыватворныя крыніцы творчасці Ашмяншчыны на фестывалі рэгіянальнага фальклору.
Не можа чалавек быць нецікавым і кепскім, калі любіць катоў. Пра хвастатых любімцаў трошкі пазней, а пакуль гаворка — пра выставу інсітнага мастацтва, што дзейнічае ў Гродзенскім абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці. Экспазіцыя “Фарбы роднай старонкі” налічвае каля сотні палотнаў, прадстаўленых лепшымі “наіўнымі” мастакамі вобласці. “Дзевяць жывапісцаў дазволілі сабе праігнараваць законы перспектывы і адмовіцца ад строгіх правіл кампазіцыі, — распавядае рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Ала Бялькевіч. — У выніку атрымаліся жывыя пейзажы і нацюрморты, арыгінальныя эксперыменты з растэллю, керамікай і шоўкам”. А цяпер — і пра ката: “Своеасаблівым ахоўнікам выставы абраны “Кот у яблыневым садзе”, вобраз якога ўвасобіла Валянціна Шышпаронак з Бераставіцы. Дарэчы, мастачка цягам многіх гадоў працавала будаўніком. Гродзенскія Лідзія Шпектарава і Ганна Чуканава — на абутковай фабрыцы, Зоя Сярко — на вытворчым аб’яднанні “Азот”, Данута Цыбулька-Цвятніцкая — у гандлі, Сяргей Еўдакімаў — афарміцелем, Ларыса Касіцкая і сёння працуе кіраўніком дзіцячага гуртка ў Азёрах, а навагрудская Алена Піразева — у мясцовым клубе майстроў “Каляровая альтанка”, Анатоль Кардаш з пасёлка Наваельня Дзятлаўскага раёна — у аматарскім аб’яднанні “Эпатажны блюз”. Чаму блюз і чаму эпатажны “К” пісала некалькі разоў, таму не буду паўтарацца. Галоўнае, што ўсе пералічаныя інсітнікі маюць крылы. Як пісаў Генадзь Шпалікаў, крылы могуць быць у многіх, але толькі мастакі цудоўна ведаюць, як і для чаго яны прарастаюць. Вучыцеся лётаць пад сонейкам з далонькаў!
Лепшыя майстры ручнога сенакашэння сышліся ў Ліпнішках Іўеўскага раёна.
Не могуць беларусы без жартаў ды страшылак. Адзін з палескіх паляўнічых і рыбакоў доўга і з веданнем справы даводзіў мне, што русалкі — істоты несур’ёзныя і ганяў ён іх вяслом па Прыпяці. А вось духі вады Вадзянік і Баламуцень — нячысцікі надзвычай сур’ёзныя, апошні дык увогуле вялікі аматар жанчын. Пра гэта ж і Наталля Сакалянская з Карэлічаў піша. Маўляў, так, шмат разоў Баламуцень жанчын выкрадаў, але гэта не пашкодзіла стварыць у аграгарадку Краснае традыцыйнае свята “Начныя прыгоды з Баламутнем”. Тут можна паўдзельнічаць у конкурсах, палавіць рыбу рукамі, паспаборнічаць у яе прыгатаванні. Канцэртная праграма — абавязковы складнік мерапрыемства. Сёлета спявалі і танцавалі для ўдзельнікаў “Начных прыгод…” артысты Жухавіцкага Дома культуры. Колькі дзяўчат Баламуцень выкраў на гэты раз, Наталля Сакалянская чамусьці не піша.
Адна з нашых легендарных нацыянальных асоб — каваль Паўлюк Багрым, які не толькі жырандолі рабіў, але і вершы складаў, за справядлівасць змагаўся. На радзіме героя, у аграгарадку Крошына Баранавіцкага раёна, 19 — 20 чэрвеня рэй вяло свята кавальства “Крошынскі перазвон”. Сабраліся лепшыя кавалі краю. І не толькі. Доказ таму — конкурс прадзільшчыц “Круціся калаўрот, весялі народ”, выступленне народных музыкантаў, прыпевачніц, фальклорных гуртоў і ўдзельнікаў клуба гістарычнай рэканструкцыі “Шляхецкая застава” з Баранавічаў. Пакуль на Беларусі кавалі складаюць вершы, дык і нацыі нашай жыць у вяках.
На выставе інсітнага мастацтва ў Гродзенскім абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці.
Самы час косы ў рукі браць. Маю на ўвазе сенакос на сенажаці. Пад маімі вокнамі ў Мінску хлопцы ў чырвоных камізэльках рыхтуюцца ўжо да другога ўкосу. А ў аграгарадку Ліпнішкі Іўеўскага раёна ў чацвёрты раз прайшоў раённы конкурс ручнога сенакашэння. Вядучы метадыст па асноўных жанрах аддзела метадычнай работы Іўеўскага Цэнтра культуры і дасугу Святлана Лугіна распавядае: “12 лепшых касцоў сышліся — мацакі, волаты. А перамагла жанчына Ганна Сілюк!” Як паказвае гісторыя, жанчыны ў нас заўжды перамагаюць.
Вельмі сур’ёзны ліст даслала Валерыя Урбановіч — бібліятэкар сектара маркетынгу і сувязей з грамадскасцю Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага. “Гарадзенскі фестываль кнігі, — распавядае аўтарка, — у пяты раз збірае аматараў літаратуры і чытання. Але сёлета наша ўстанова вырашыла адысці ад звычайнага фармату мерапрыемства. Нават назва стала больш дынамічнай — “Гарадзенскі ЛітФэст”. Дый змест сёлетняй падзеі цалкам завязаны на сучасных тэхналогіях і нестандартных спосабах атрымання ведаў. Планшэты, віртуальная рэальнасць, канструктары і асабістая фантазія чытача стваралі цудоўную магчымасць для творчай самарэалізацыі”. Гродзенская абласная навуковая бібліятэка заўжды ўмела здзіўляць. На апошнім “…ЛітФэсце” добра было бачна, што мерапрыемства стала бліжэй да жыхароў. Замест сцэны — адкрыты мікрафон, замест кніжных выстаў — утульныя зоны для чытання нават з… падушкамі. Шаноўныя, вы ацанілі? З падушкамі! Кніжныя фэсты выгадна адрозніваюцца ад іншых тым, што канкрэтна скіраваны не на госця горада, а на яго жыхара.
Удзельнікі акцыі “Сонейка з далонькаў” аграгарадка Сянькоўшчына Слонімскага раёна.
12 чэрвеня фальклорныя калектывы Ашмяншчыны (інструментальны гурт з Гражышкаў і жаночы ансамбль “Скарбніца” з Кальчуноў) прадставілі раён на першым туры абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” які праходзіў у аграгарадку Жодзішкі Смаргонскага раёна.
Вельмі не хацеў, але гэта здарылася: агляд прыходзіцца завяршаць на сумнай ноце. Нечакана памёр ад кавіду 52-гадовы рыжскі пісьменнік Слава Сэ (Вячаслаў Салдаценка), шчыры, адкрыты, афарыстычны і іранічны, сантэхнік і музыкант з гомельскім радаводам. Напісаў шэсць бліскучых кніг. Шкада, але больш не будзе. Цяпер Слава на небе.
Беражыце сябе, даражэнькія.
Сустрэнемся праз тыдзень.