Сланечнікі ад беларусаў Неапаля

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

“Мы шчыра і даступна расказваем пра Беларусь” — галоўная справа, якой прысвячае свой час і сілы Культурная асацыяцыя BELLARUS у Італіі

Культурная асацыяцыя BELLARUS нарадзілася ў 2010 годзе, спачатку было не вельмі проста аб’яднаць беларусаў, але потым людзі паверылі нам. Цяпер у нас у арганізацыі афіцыйна 300 чалавек, але, зразумела, нават у нашым рэгіёне, а гэта Неапаль і яго раёны, беларусаў значна больш. У самой жа Італіі нашых землякоў досыць шмат. Вядома, калі ўзнікае неабходнасць, беларусы звяртаюцца да нас з усёй Італіі.

/i/content/pi/cult/856/18176/3_1.jpg

Штогадовы наш праект — Дзіцячы беларускі ранішнік. Падчас яго мы навучаем нашых дзяцей рабіць розныя беларускія рэчы, напрыклад, выцінанку. Дарэчы, не так даўно Гомельскі тэатр лялек прыязджаў да нас на адзін з ранішнікаў. Карыстаючыся выпадкам, хацела б падзякаваць праз вашу газету яго кіраўніку — Дзмітрыю Гарэліку — цікаваму і таленавітаму творцу. На гэтае свята да нас прыйшлі дзеці самых розных нацыянальнасцяў, у тым ліку і італьянцы, і хоць не ўсе яны разумелі беларускую мову, але было відаць, што ім цікава глядзець наша тэатральнае прадстаўленне і мець зносіны з беларускімі аднагодкамі.

Ужо ўвайшло ў традыцыю, якую, на жаль, часова перапыніў кавід, правядзенне Беларускай восені ў Неапалі. Мы праводзім гэта мерапрыемства сумесна з Цэнтрам нацыянальных культур, які дапамагае падабраць беларускія калектывы для прэзентацыі і прасоўвання тут, у Неапалі, беларускай культуры.

Вядома ж, штогод мы ездзім у Монтэ-Касіна — тут былі пахаваныя 250 беларусаў, якія змагаліся з нацысцкімі захопнікамі, і мы аддаем даніну памяці нашым землякам-героям штогод 9 траўня.

Зразумела, наведалі мы гэты мемарыял і ў гэтым годзе. Перед тым як ехаць туды, я зайшла ў магазін, дзе гандлююць кветкамі. Прадавец пацікавіўся, навошта мне столькі кветак. Я адказала: “Салдатам ў Монтэ-Касіна, для ўскладання кветак на магілы загінуўшых беларускіх салдат”. У нас завязалася гутарка, гандляр запытаўся, дзе знаходзіцца Беларусь і якім чынам беларускія салдаты апынуліся ў Італіі. Гэты просты італьянец настолькі прасякнуўся маім расказам, што акрамя вянка і кветак ён падарыў нам яшчэ і 5 букетаў сланечнікаў для ўскладання. Мне здаецца, у гэтым і складаецца галоўная справа, якой мы прысвячаем свой час і сілы. Мы шчыра і даступна расказваем пра беларусаў і Беларусь у Італіі.

Мы праводзім і невялікія мерапрыемствы лакальнага маштабу, якія гуртуюць і збліжаюць беларусаў Італіі: творчыя вечары паэтаў і музыкаў, некаторых беларускіх пісьменнікаў, Дзень беларускага пісьменства, Дзень маці і Дзень памяці Хатыні. Для нас заўсёды значная падзея — выстава музея Якуба Коласа.

Якая падтрымка нам прыходзіць з нашай гістарычнай радзімы? Як правіла, мы атрымліваем яе па двух напрамках: ад Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, прадстаўнікі якога дапамагаюць нам у набыцці нацыянальных касцюмаў, каштоўных кніг, матэрыялаў для выстаў — ручнікоў, абрусаў, паясоў, строяў. Акрамя гэтага хору “Спадчына” пры нашай арганізацыі перадаюць нотны матэрыял для беларускіх песень, праводзяць курсы павышэння кваліфікацыі. На іх мы больш глыбока знаёмімся з беларускімі песнямі і танцамі, рознымі відамі рукадзелля, вытанчанай беларускай кухняй. Пры гэтым адкрываецца шмат магчымасцяў. За ўсё гэта мы шчыра ўдзячныя кіраўніку Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур — Вользе Антоненка.

Яшчэ адзін напрамак, па якім мы атрымліваем дапамогу, звязаны з Праграмай “Беларусы замежжа” Міністэрства замежных спраў. У прыватнасці, пры наведванні Монтэ-Касіна міністэрства нам часткова дапамагала ў вырашэнні фінансавых пытанняў, якія датычыліся пераезда ад Неапаля да Монтэ-Касіна. Часам нам дапамагае Ганаровае консульства Беларусі ў Неапалі.

Госці з Беларусі ў нас бываюць, на жаль, не вельмі часта, бо да Неапаля не так і проста дабрацца. Але раз у год да нас прыязджаюць, а шэсць гадоў таму мы сталі сведкамі сапраўднага свята, якое для нас падрыхтавала група беларускіх артыстаў розных нацыянальнасцяў разам з Аляксандрам Сасновічам. Мы больш поўна даведаліся пра традыцыі народаў, якія жывуць у Беларусі, і яшчэ раз пераканаліся, наколькі паважліва ставяцца да прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў на нашай гістарычнай радзіме.

Прыязджаў да нас і ансамбль “Світанак”, яго ўдзельнікі праводзілі ў 8-гадовай італьянскай школе майстар-класы, прысвечаныя беларускім танцам і ігры на беларускіх інструментах. І вучняў школы, і дырэктара гэта вельмі ўразіла. Беларускае прадпрыемства народных промыслаў “Скарбніца” сумесна з прадстаўніком апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў арганізавала ў нас у Неапалі дэфіле беларускіх строяў. Вельмі б хацелася, каб госці з нашай роднай Беларусі прыязджалі да нас як мага часцей.

Зразумела, мы вельмі паважліва ставімся да такога пытання, як пераемнасць пакаленняў. Тым больш, што мінулае нашых краін істотна адрозніваецца. Беларусь — краіна, у якой дагэтуль элементы сацыялізму вельмі развіты, у Італіі — капіталізм. Тут усё залежыць ад эканамічных выгод і карысці. Людзі, якія прыязджаюць сюды, перабудоўваюцца, мяняюць менталітэт. Адным словам, беларусы, якія жывуць тут даўно, хочуць, каб іх дзеці разумелі, што яны звязаны з Беларуссю — з краінай, якая мае багатую гісторыю, традыцыі, таленавітых і добрых людзей.

У сувязі з гэтым мы стварылі своеасаблівую нядзельную школу, у якой праводзілі заняткі з дзецьмі, займаліся беларускай мовай, творчасцю і музыкай. У нас былі сфарміраваны групы па ўзросту (дзеці ад 5 да 7 гадоў, з 8 да 10 гадоў і з 10 да 12 гадоў). Дзеці прыходзілі ў нашу школу з вялікай радасцю. На жаль, кавід перашкодзіў нам збірацца, хоць мы ўжо працавалі тры гады. Будзем спадзявацца, што ў гэтым верасні нашы дзеці да нас вернуцца.

На маю думку, беларуская суполка павінна не толькі аб’ядноўваць людзей, але і папулярызаваць культуру Беларусі. 10 гадоў таму, калі мы толькі браліся за арганізацыю суполкі, мы бачылі, што людзі амаль нічога не ведалі пра сучасную Беларусь, хіба што пэўную інфармацыю давалі дзеці, якія прыязджалі да нас у Італію на аздараўленне.

А ў выніку сёння я магу з гонарам сказаць, што наша праца тут вельмі запатрабаваная ў італьянскіх беларусаў, нашу арганізацыю ўжо добра ведаюць: і ў адміністрацыі горада Неапаля, і ў раёне, і нават у іншых кутках Італіі. Нашы мерапрыемствы выклікаюць фурор. Не так даўно мы арганізавалі беларускі кірмаш на цэнтральнай плошчы Неапаля. Мы выставілі тут беларускія ручнікі, вырабы з гліны, самі былі апрануты ў нацыянальныя строі, грала наша родная музыка. Людзі гарталі беларускія кнігі, некаторыя з іх не заўсёды верылі, што Беларусь ужо асобная краіна, а не частка Расіі. Так што праца, якую мы тут праводзім, неабходная. Я ўжо не кажу пра тое, што ў наш хор “Спадчына” прыйшлі нават італьянцы, якіх зачаравала наша музыка і культура.

Вядома, у нашай працы нам вельмі дапамагае Інтэрнэт, сучасныя сродкі сувязі. Беларускае МЗС стварыла Кансультатыўны савет, і гэта нічога акрамя падзякі не выклікае. Таму што дзякуючы гэтаму, я пазнаёмілася з беларусамі з усіх частак нашага свету, і зараз мы можам мець зносіны, не зважаючы на межы. Такія зносіны дазваляюць падзяліцца адно з адным ідэямі, праектамі, якія мы сумесна ажыццяўляем на карысць нашай Беларусі. У прыватнасці, мы прымалі ўдзел у фестывалі малюнкаў з эстонскімі беларусамі, у фестывалі беларускай культуры — з расейцамі з Самары. У праекце, прысвечаным Вялікай Айчыннай вайне — з беларусамі Іарданіі. Так што Інтэрнэт насамрэч вельмі дапамагае мець карысныя зносіны. На нашай старонцы ў фэйсбуку, якая называецца “Асацыяцыя” BELLARUS, мы выкладваем нашы праекты.

Несумненна, культура спрыяе прасоўванню нашай краіны за мяжой, праз абмен культурнай тэматыкай пашыраюцца і эканамічныя кантакты, растуць узаемныя інтарэсы ў беларускага і італьянскага бізнэсаў. На мой погляд, для гэтага неабходна і надалей больш выпускаць фільмаў, ролікаў пра Беларусь, падкрэсліваючы яе вартасці. Так, калі мы рыхтаваліся да Другіх Еўрапейскіх гульняў, мы паказвалі ролікі аб прыгажосці Мінска, іншых беларускіх гарадоў, нашай прыроды.

Папяровая версія газеты “Культура” да нас, на жаль, даходзіць не заўсёды, аднак на сайт Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” мы заходзім пастаянна. Так што будзем падтрымліваць сувязі і сумесна рабіць усё магчымае для таго, каб нашу краіну ўспрымалі ў свеце з павагай і любоўю.

Таццяна ПУМПУЛЕВА, старшыня Культурнай асацыяцыі BELLARUS
Італія, Неапаль