Як трапіць анлайн у Луўр, Эрмітаж і музей Заіра Азгура

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

Наведаць лепшыя музеі свету, на свае вочы пабачыць творы славутых мастакоў, пазнаёміцца з культурным багаццем самых аддаленных куткоў Зямлі… Які чалавек пра такое не марыць! Праўда, часта гэтая мара застаецца толькі “блакітнай”, бо ўсюды пабываць немагчыма, ахапіць усё — жыцця не хопіць. І тут на дапамогу прыходзяць інтэрнэт і новыя тэхналогіі. Дзесяць гадоў таму з’явілася анлайн-платформа Google Arts & Culture, якая дае доступ да выяваў твораў мастацтва ў высокай якасці і якая дазваляе амаль у літаральным сэнсе завітаць у карцінную галерэю ці музей, прайсціся па іх залах і ўважліва паразглядаць карціны, — ды так дэтальна, як, магчыма, не атрымалася б і ўжывую. Першым з Беларусі, хто далучыўся да платформы і прэзентаваў, такім чынам, сваю калекцыю ўсяму свету, стаў Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура.

Арт-праект Google Arts & Culture — гэта вынік унікальнага супрацоўніцтва Google і сусветных музеяў. Пачыналася ўсё з 17 партнёраў праекта, сярод якіх былі “Метраполітэн-музей” з Нью-Ёрка, галерэя Уфіцы, Версальскі палац, Траццякоўская галерэя, Лонданская нацыянальная галерэя, а толькі за першы год спіс папоўніўся яшчэ некалькімі сотнямі назваў. Цяпер жа там музеі, галерэі і палацы з усяго свету, і з Афрыкі з Аўстраліяй, і, нарэшце, з Беларусі.

18 мая на Міжнародны дзень музеяў сталічны Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура стаў афіцыйным партнёрам Google Arts & Culture — гэта значыць, што на сайце платформы з’явіліся якасныя выявы экспанатаў і віртуальныя эскурсіі па выставачных залах. Цяпер чалавек з любой краіны свету можа “зайсці” ў музейчык па вуліцы Азгура ў Мінску, можа па ім прайсціся, можа блізка-блізка і нетаропка паразглядаць скульптуры знакамітага майстра — а менавіта 50 твораў Заіра Азгура і шэраг фотаздымкаў самога творцы першымі з’явіліся на платформе. Канешне, гэта можа зрабіць і чалавек з Беларусі. Кожны экспанат, дарэчы, мае апісанне, а інфармацыя падаецца і на англійскай, і на рускай мовах — над выкарыстаннем беларускай Google пакуль працуе. Такім чынам, адукацыйную, культурную і ў прынцыпе гуманітарную ролю такога праекта складана пераацаніць. Бо разам з віртуальным наведваннем Музея Азгура можна зайсці і ў іншыя музеі, і пабачыць у высокай якасці самыя славутыя шэдэўры свету. А яшчэ можна скласці, тут жа на сайце, сваю калекцыю любімых твораў — стварыць, так бы мовіць, уласны плэй-ліст хітоў, каб звяртацца да іх зноў і зноў. І розныя іншыя актыўнасці, як прынята казаць сучаснай мовай, ёсць на сайце. Прычым, усё гэта для карыстальніка абсалютна бясплатна — гэтак жа як і для музеяў, што прэзентуюць сябе свету і анлайн-наведвальнікам на платформе.

/i/content/pi/cult/855/18158/7_1.jpg

— Мы заўсёды лічылі, што трэба працаваць не толькі з той публікай, што прыходзіць у наш музей, — кажа навуковы супрацоўнік, ініцыятар і куратар сумеснага праекта з Google Arts & Culture Дзмітрый Міхееў. — А мінулы “пандэмічны” год паказаў, наколькі актуальны і запатрабаваны інтэрнэт-акцыі, у анлайн у нас вялікая частка аўдыторыі.

У Музеі Азгура, які ў прынцыпе вызначаецца сваёй крэатыўнасцю, які заўсёды ў цэнтры новых і актуальных музейных трэндаў і які няспынна прыдумвае новыя ідэі для больш шчыльных стасункаў з наведвальнікамі, пра існаванне такой платформы ведалі даўно. І ўжо некалькі гадоў таму, нават яшчэ да пачатку пандэміі, пачалі рыхтавацца. А што трэба, каб далучыцца да Google Arts & Culture і “выставіцца” там? У першую чаргу, вельмі якасныя фотаздымкі экспанатаў, якія можна будзе максімальна наблізіць на экране і разглядзець малейшы кракелюр ці мазок пэндзля. Натуральна, патрэбныя інфармацыя пра сам музей і апісанне па звыклай музейнай схеме кожнага выстаўленага экспаната. Плюс — фотасферы, ці віртуальныя прагулкі па залах. Стварыць іх Музею Азгура дапамог мінскі фатограф Станіслаў Багдзевіч, сертыфікаваны на міжнародным узроўні спецыяліст па 3D-турах і панарамных фота.

— Два гады таму мы паўдзельнічалі ў конкурсе праекта Станіслава Багдзевіча atmasfera.by, — расказвае Дзмітрый Міхееў. — Па выніку амаль усім канкурсантам, што падалі заяўку, Станіслаў абсалютна бясплатна зрабіў фотасферы. І Музею Азгура дазволіў выкарыстаць іх для супрацы з Google Arts & Culture.

Калі матэрыялы падрыхтаваны, застаецца толькі падаць заяўку, падпісаць належныя дакументы і праз пэўны час вітаць на сваёй старонцы сайта гледачоў з усяго свету. Так падрабязна засяроджваю ўвагу на гэтым працэсе, каб заахвоціць і іншыя музейныя ўстановы Беларусі больш шырока прэзентаваць свае багацці, — дзеянні простыя і зразумелыя, і кожнаму пад сілу. Там можна праводзіць віртуальныя экскурсіі не толькі па пастаянных, але і па часовых экспазіцыях.

Старонка Музея Азгура на сайце Google Arts & Culture будзе папаўняцца і далей. Калі вы, ці вашы дзеці, ці вашы вучні і студэнты яшчэ не былі ў гэтым незвычайным музеі і пакуль не маеце магчымасці туды дабрацца — заходзьце на сайт і глядзіце. Не лішнім будзе заадно завітаць і ў Луўр ці пагуляць па тэатры “Ла Скала”, паразглядаць карціны Фрыды Кало ў музеі яе імя ў Мехіка ці багацці Эрмітажа ў Санкт-Пецярбургу. А ўсё гэта там ёсць.