Над Прыпяццю
Перш, чым распавядзем пра сённяшніх гаспадароў палаца, а таксама пра тое, як ідзе праца па аднаўленні, мы па традыцыі пазнаёмім чытачоў з гісторыяй гэтай мясціны. І без звароту да публікацыі даследчыка Рамана Афтаназія, аўтара славутай шматтомнай працы па гісторыі маёнткаў, што знаходзяцца ў тым ліку і на тэрыторыі Беларусі, нам не абысціся. Бо для напісання артыкулаў ён звяртаўся да ўспамінаў былых гаспадароў сядзіб і палацаў. Ратуючы жыццё, у пачатку ХХ стагоддзя яны былі вымушаны выехаць за мяжу. Незаўсёды гэтыя ўспаміны падрабязныя, часам, вельмі сціплыя. Ад некаторых сядзіб нават і фота не засталося. Але гэтага не скажаш у дачыненні да Нароўлі. Ёсць і гісторыя маёнтка, і апісанне палаца звонку, і па кожнай залі ці пакойчыку. Ёсць і фота, якія ў будучыні дапамогуць сённяшнім гаспадарам у аднаўленні былой прыгажосці.
Андрэй Горват. Фота Анатоля СЦЕБУРАКІ
Гісторыя гэтага маёнтка не такая пакручастая, як, напрыклад, у Галошава, якое шматкроць мяняла гаспадароў. Згодна афіцыйнай версіі, да 1764 года Нароўля (мястэчка і навакольныя абшары) належалі каралям Рэчы Паспалітай Дзвюх Нацый. Але Андрэю Горвату ўдалося знайсці пісьмовую згадку Нароўлі — больш раннюю за афіцыйную на некалькі дзесяцігоддзяў. Па ёй Нароўля належала Лукашу Радзівілу. Ён жа валодаў Чарнобылем. У 1764 годзе на канвакацыйным сойме Нароўля, ваколічныя фальваркі былі прызнаны ўласнасцю мазырскага маршалка Рафала Аскеркі (1708 — 1767). Сын Рафала, польны літоўскі стражнік Ян Аскерка (1735 — 1796) падтрымаў паўстанне 1794 года пад кіраўніцтвам Якуба Ясінскага і Тадэвуша Касцюшкі. Таму маёнтак Аскеркі быў канфіскаваны тагачаснымі расійскімі ўладамі.
Палац Горватаў.
За савецкім і нашым часам
Пасля нацыяналізацыі ў сядзібе спачатку быў санаторый для рабочых, потым беларуская школа. Падчас Другой сусветнай вайны тут размесціўся нямецкі шпіталь, а пасля вайны ізноў была школа. Гэтым разам для дзетак з асаблівасцямі развіцця. Але ў 1986 годзе, адразу пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС, школу закрылі. Здарылася гэта з-за таго, што ў Нароўлю “прыйшла” сапраўдная бяда — радыяцыя. Да зоны адсялення сёння — рукой падаць, дастаткова пераплыць на той бераг Прыпяці. А былі ж часы, калі ў 1970 — 1980-х гадах на нараўлянскім пляжы было не пратаўкнуцца з-за вялікай колькасці прыехаўшых у адпачынак з усяго СССР.
З таго часу і пачалося паступовае руйнаванне палаца. Гадоў дзесяць таму на адным з муроў палаца з’явілася графіці “вы забілі гонар горада”. Графіці — не найлепшая рэч наогул, але ж, верагодна, надпіс быў крыкам душы і адрасаваўся тым, хто сваім “клопатам” давёў некалі шыкоўны палац да стану “прыгажэй у труну кладуць”.
“Чырвоная зала”.
Ад некалі велізарнага (каля 8 гектараў) парка (у 1930-х ён быў названы самым прыгожым паркам Беларусі), пранізанага рачулкай Нараўлянкай, таксама засталося не так шмат. Закладалі яго ў час будаўніцтва палаца, але не на пустым месцы. Былі там ужо і старыя дрэвы. Ды толькі падчас вайны, няблага прарэдзілі парк немцы, бо выкарыстоўвалі дрэва для ацяплення шпіталя, а таксама, нібыта, адпраўляючы самае каштоўнае, у Нямеччыну. Ад неагатычнай капліцы-пахавальні Горватаў, у якой таксама вяліся і набажэнствы, у наш час засталася толькі адна надмагільная пліта, ды і тая не саміх Горватаў. Але ўсё яшчэ “свеціць” альтанка-маяк, усталяваная на беразе Прыпяці. Ёй, у адрозненне ад старога фантана, пакуль нішто не пагражае. Фантан жа, пабудаваны на беразе, які ўвесь час падмывае рака, ужо часткова абрынуўся. Ад сходаў, якія вялі да яго ад прыстані, даўно ўжо не бачна і следу.
Пакуль што Прыпяць не пагражае гаспадарчым будынкам, пабудаваным у 1913 годзе Горватамі. Але гэтыя будынкі ў вельмі цяжкім стане і імкліва разбураюцца. Больш-менш у бяспецы толькі будынак старой фабрыкі, іншыя ж (а іх там многа), шанцаў выжыць амаль не маюць. Сёння яны знаходзяцца на тэрыторыі кандытарскай фабрыкі “Чырвоны мазыранін”.
Захавалася і ўяздная брама. А яшчэ былі ў пачатку ХХ стагоддзя прысады з італьянскай таполі, якія цягнуліся на паўтары кіламетры і былі адным з ўлюбёных месцаў шпацыраў гаспадароў і іх гасцей.
Вырашальны аўккцыён
Палац, які прастаяў закінуты каля 30 гадоў, мясцовыя ўлады не раз спрабавалі прадаць з аўкцыёна. Але жадаючых аддаць 254 000 рублёў за “даведзены да адчаю” будынак палаца не знайшлося. Праз нейкі час кошт быў паменшаны да 50 816 рублёў. І на чарговым аўкцыёне, які адбыўся 16 лістапада 2020 года, “родавае гняздо Горватаў” набыло ТАА “Над Прыпяццю”.
Неўзабаве высвятлілася, што за гэтай назвай стаялі тры чалавекі — пісьменнік Андрусь Горват (аўтар кнігі “Радзіва “Прудок” і зусім не сваяк гаспадароў палаца, як можна падумаць) і яго сябры — прадпрымальнік і кіраўнік мазырскай культурніцкай прасторы “Даліна Анёлаў” Аляксандр Баранаў і прадпрымальнік з Гомеля Пётр Кузняцоў.
Выгляд палацу напачатку XX стагоддзя.
Андрэй Горват, ідэйны надхняльнік праекта “Над Прыпяццю”, упершыню патрапіў у Нароўлю ў 2006 годзе. Ад таго часу паміж ім і палацам завязалася ўстойлівая эмацыйная сувязь. І назіраць за тым, як палац год ад года ўсё больш пераўтвараецца ў руіны, было даволі цяжка. Таму не раз спадар Горват спрабаваў дабіцца ад мясцовых уладаў рашэння перадаць яму палац за “адну базавую велічыню”. Але ўсе спробы былі дарэмныя.
І тады з’явілася ідэя заснаваць таварыства, якое б складалася з людзей неабыякавых да беларускай культуры і гісторыі, і якія б гатовы былі узяць на сабе адказнасць за будучыню палаца. І свой першы крок таварыства зрабіла.
Што сёння і што наперадзе?
Каб даведацца пра навіны праекта мы паразмаўлялі са спадаром Горватам.
Цяпер у палацы літаральна штодзень вядуцца працы. Пакуль што ідзе ачыстка паверхаў ад напластаванага за прамінулыя гады смецця і абваліўшыхся канструкцый. Здараюцца цікавыя знаходкі — кавалкі кафлі ад печаў, старыя жалезныя вырабы. Але, зразумела, што ўсё, што калісьці складала гонар палаца — каштоўныя творы мастацтва, шыкоўная бібліятэка, музей мясцовай фаўны, старая мэбля, усё гэта даўным-даўно знікла без следу.
Дапамагаюць у якасці валанцёраў і мясцовыя жыхары, і людзі, якія прыязджаюць з розных куткоў Беларусі. Напрыклад, некалькі дзён таму пабываў у Нароўлі і некалькі гадзін там “паваланцёрыў” сябра нашай газеты і аўтар здымкаў для гэтай публікацыі, мінскі гісторык Анатоль Сцебурака.
Дарэчы, пра гісторыкаў і архівы. Збор матэрыялаў, датычных гісторыі палаца, Андрэй Горват вядзе ўжо 15 гадоў. За гэты час назбіралася немалая калекцыя дакументаў, у тым ліку с замежных архіваў. Але ад дапамогі прафесійных архівістаў, маючых ключы ад усіх гістарычных таямніц, праект, вядома, не адмовіцца.
Пад блакітным небам.
Пасля завяршэння першага этапа завадатары праекта плануць узяцца за аднаўленне даху палаца. І вось тут ужо ад імя нашай газеты нам бы хацелася звярнуцца да кіраўніцтва Гомельскай вобласці з просьбай, па магчымасці, дапамагчы праекту “Над Прыпяццю” матэрыяламі, тэхнікай і спецыялістамі.
На астатняе хацелася б дадаць, што кожны з нас можа зрабіць свой унёсак у годную справу. Напрыклад, пералічыўшы сродкі на рахунак праекта, або беручы ўдзел у суботніках. Каб квітнела наша краіна, бо ў ёй ёсць што паказаць і чым ганарыцца.