Успаміны аб вайне — справа яго жыцця

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

Напярэдадні сумнай гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны мы зноў звяртаемся да біяграфій ветэранаў, якія аддалі доўгія гады свайго жыцця працы на ніве культуры. Гэтым разам мы сустрэліся з Аляксандрам Іосіфавічам Ульяновічам, які паспеў пазмагацца з ворагам як у небе, так і на зямлі, пакінуў свой аўтограф на сценах Рэйхстага, і яшчэ доўгія гады пасля Перамогі захоўваў памяць аб ёй, кіруючы галоўным беларускім музеем, прысвечаным гісторыі той вайны.

Аляксандр Ульяновіч нарадзіўся ў Капылі, што ў Мінскай вобласці, 3 кастрычніка 1921 года. Школу скончыў у 1936 годзе ў Жлобіне, а затым вучыўся ў Рэспубліканскай спартыўнай школе ў Мінску, пасля чаго ў 1940 годзе быў прызваны ў войска. У ваенкамаце Варашылаўскага раёна (цяпер ён называецца Савецкім) найбольш фізічна развітых і падрыхтаваных навабранцаў, якія паказвалі добрыя вынікі ў спорце, адабралі ў асобную групу — разам з Аляксандрам Ульяновічам туды трапіў, напрыклад, чэмпіён БССР па боксе 1937 года Уладзімір Коган (пасля вайны, у 1949-м, ён заваюе і тытул чэмпіёна СССР). Хлопцы прайшлі дадатковую праверку фізічнай формы, але куды іх накіроўваюць — ніхто не казаў.

/i/content/pi/cult/855/18155/4_1.jpg

Аляксандр Ульяновіч.

Урэшце па чыгунцы групу адправілі ў Омск, у 66-ю школу малодшых авіяспецыялістаў (ШМАС), дзе рыхтавалі кадры для далёкай бамбардзіровачнай авіяцыі: стралкоў, радыстаў, механікаў. Тут Аляксандр атрымаў навыкі работы на радыёстанцыі, засвоіў азбуку Морзэ, навучыўся страляць з авіяцыйнага хуткастрэльнага кулямёта. У чэрвені 1941 года, пасля здачы экзаменаў, яму надалі званне сяржанта. 22 чэрвеня ў Омску акурат адзначалі традыцыйнае казахскае нацыянальнае свята Сабантой, прымеркаванае да завяршэння вясновых палявых работ — з такой нагоды выпускнікі вучылішча атрымалі звальненне. Апоўдні, калі Аляксандр Ульяновіч з сябрамі гуляў па гарадскім садзе, па радыё раптам прагучаў загад усім вайскоўцам тэрмінова вярнуцца ў свае часткі. Хлопцы паімчаліся на трамваі ў вучылішча, дзе ім паведамілі аб нападзе гітлераўскай Германіі на СССР. Ветэран прыгадвае, што многія курсанты тады бедавалі — баяліся, што не паспеюць паваяваць, як ужо настане перамога, і вораг будзе разбіты на сваёй жа тэрыторыі. Рэчаіснасць, аднак, аказалася не такой бравурнай.

Шчаслівая памылка

Частку маладых сяржантаў-выпускнікоў з Омска накіравалі ў Іванава, працягваць навучанне ў Другой вышэйшай школе штурманаў. Тут яны адразу ж уключыліся ў баявыя дзеянні — з першых дзён вайны і да лістапада 1941 года Аляксандр Ульяновіч быў стралком-радыстам двухматорнага дальняга бамбардзіроўшчыка ДБ-3Ф (пазней гэтыя самалёты сталі называць Іл-4), на якім выканаў васямнаццаць баявых вылетаў. Самалёты былі вучэбныя, нават без брані — яе не паспелі навесіць да пачатку вайны. На першыя баявыя заданні накіраваліся ў ліпені — жніўні 1941 года пад Смаленск і Оршу, бамбілі нямецкія аўтакалоны і чыгуначныя вузлы, даводзілася адбівацца ад агню зенітак і варожых знішчальнікаў, часам самалёт Ульяновіча быў адзіным, які вяртаўся з задання.

Увосень 1942 года чарговы баявы вылет і для яго ледзь не скончыўся трагічна — снарад нямецкай зеніткі трапіў у рухавік, і самалёт загарэўся. Камандзір экіпажа даў каманду пакінуць машыну. Але да таго дня Аляксандр Ульяновіч... не ўмеў карыстацца парашутам — курсантаў проста не паспелі гэтаму навучыць, не кажучы аб адпаведных трэніроўках. Выскачыўшы з самалёта, баец інстынктыўна пацягнуў за кальцо раней, чым трэба — насамрэч, — неабходна было пэўны час правесці ў свабодным падзенні. Парашут раскрыўся, але адразу ж быў парэзаны вінтом самалёта. Гэтая памылка, як ні дзіўна, акурат уратавала Ульяновічу жыццё — тых, хто пры дэсантаванні адкрыў парашуты належным чынам, ветрам знесла на варожыя пазіцыі, і яны трапілі ў палон. Сам жа ён, хоць і няўдала ўпаў, але прызямліўся на сваёй тэрыторыі, і з большага не атрымаў значных пашкоджанняў.

Аўтограф ад пераможцы

Пасля выздараўлення Аляксандр Ульяновіч меркаваў вярнуцца ў авіяцыю, але ў выніку па стане здароўя яго перавялі ў наземныя войскі, у 62-гі асобны гвардзейскі батальён сувязі 28-га стралковага корпуса 8-й гвардзейскай арміі, на пасаду начальніка батальённай радыёстанцыі РБМ — гэтую трынаццацікілаграмовую прыладу даводзілася цягаць на сабе. На перадавую на беразе Дона радыстаў накіроўвалі на цэлы тыдзень — яны мусілі не толькі перадаваць адтуль разведаныя звесткі, карэктуючы агонь буйнакаліберных мінамётаў, але і трымаць абарону, прытым пайка, які ім выдавалі на заданне, ледзь ставала на два дні, далей даводзілася галадаць.

/i/content/pi/cult/855/18155/4_2.jpg

Курсант. 1941 год.

Пазней Ульяновіч удзельнічаў у вызваленні Харкава, Варшавы, штурме Зеелаўскіх вышыняў. Апошні эпізод ён называе самым небяспечным і кровапралітным. Гітлераўцы стварылі тут, за шэсцьдзясят кіламетраў ад Берліна, магутны вузел супраціву на геаграфічна спрыяльных для сябе пазіцыях, адкрытая прастора перад вышынямі прастрэльвалася скрыжаваным артылерыйскім і кулямётным агнём. Менавіта за штурм Зеелаўкіх вышыняў Аляксандр Ульяновіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі — але наперадзе яшчэ быў штурм Берліна. Да цэнтра нямецкай сталіцы іх батальён з вулічнымі баямі падыходзіў з боку Ціргартэна, і апоўдні 2 мая 1945 года спыніўся за трыста метраў ад лініі супрацьстаяння, калі стала вядома аб капітуляцыі берлінскага гарнізона і заканчэнні баявых дзеянняў. Трапіўшы да сцен Рэйхстага, Аляксандр пакінуў на іх хімічным алоўкам свой подпіс — каб было лепей відаць, распісваўся павышэй, залезшы на плечы баявых таварышаў. Ветэран падкрэслівае, што з гонарам адзначыў у аўтографе, адкуль прыйшоў: “Гвардыі старшына Ульяновіч, беларус”.

На абароне спадчыны

Пасля вайны ветэран працаваў на розных пасадах у народнай гаспадарцы. Быў ён старшынём Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, сакратаром Гродзенскага абкама Камуністычнай партыі Беларусі, першым намеснікам міністра культуры БССР, а з 1981 па 1994 год узначальваў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ужо ў мірны час за свае працоўныя здзяйсненні ён быў узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі “Знак Пашаны” і медалём “За працоўную доблесць”.

На пасадзе намесніка міністра культуры Аляксандру Ульяновічу часам даводзілася сутыкацца з нестандартнымі выклікамі і прымаць адказныя рашэнні. Так, калі падчас пабудовы Аўтазаводскай лініі мінскага метрапалітэна ў другой палове 1980-х тунэль прайшоў пад Святадухаўскім кафедральным саборам, яго фундамент даў расколіну, што пагражала разбурэннем помніка архітэктуры. Службы ў храме спыніліся, яго былі вымушаныя зачыніць, што выклікала незадавальненне вернікаў.

Пасля візіту мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта Аляксандр Ульяновіч даручыў, каб фундамент храма быў умацаваны. А ў выніку... падняўся скандал у духу ваяўнічага атэізму — нядобразычліўцы пачалі нагаворваць: маўляў, замест таго, каб рамантаваць клубы, сродкі накіроўваюцца на аднаўленне храма. Так намеснік міністра Ульяновіч атрымаў строгую вымову — але ж паступіў у адпаведнасці са сваім сумленнем і збярог помнік архітэктурнай спадчыны. З пасады яго не знялі — адстаялі сябры і добразычліўцы, а неўзабаве саюзнае кіраўніцтва прызнала гісторыка-культурную вартасць храма.

Канцэрт для добрай справы

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны некалі ствараўся як Музей партызанскай славы — ён быў заснаваны ажно ўвосень 1943 года, калі яшчэ толькі пачыналася вызваленне Беларусі ад гітлераўцаў. Першыя музейныя прадметы і дакументы збіралі ў партызанскіх злучэннях, якія дзейнічалі на акупаванай тэрыторыі. Партызанамі былі і тры першыя дырэктары музея — папярэднікі Аляксандра Ульяновіча.

/i/content/pi/cult/855/18155/4_3.jpg

З баявымі таварышамі напярэдадні штурму Зеелаўскіх вышыняў. Вясна 1945 года.

Але менавіта з яго ініцыятывы экспазіцыя музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў свой час была істотна пашыраная, у ёй было нададзена больш увагі не толькі партызанскаму руху на тэрыторыі Беларусі, але і баявым дзеянням Чырвонай Арміі, подзвігам франтавікоў. Перапрацоўка экспазіцыі вымагала істотных сродкаў, атрымаць якія на рэспубліканскім узроўні было немагчыма. Давялося звяртацца ў Міністэрства культуры СССР, а каб вылучэнне неабходнай сумы санкцыянавалі — зладзіць у Міністэрстве фінансаў канцэрт галоўных тагачасных беларускіх зорак — славутых “Песняроў”. У выніку справа была залагоджаная паспяхова.

У вершах і песнях

Нават пасля сыходу з пасады дырэктара музея Аляксандр Іосіфавіч не спыніў цікавіцца яго клопатамі, і выступаў у якасці кансультанта, дапамагаючы распрацоўваць тэматыка-экспазіцыйны план ды архітэктурна-мастацкае афармленне экспазіцыі ў новым будынку, адкрытым для наведвальнікаў у 2014 годзе. Неўзабаве пасля гэтага ветэран перадаў на захоўванне ў фонды музея радыёпрыёмнік, які атрымаў ад камандавання перад дэмабілізацыяй у Берліне ў 1946 годзе, а таксама нагрудны знак “Гатовы да працы і абароны” 2-й ступені, з якім прайшоў усю вайну.

У 2016 годзе, святкуючы сваё 95-годдзе, Аляксандр Ульяновіч выдаў паэтычны зборнік пад назвай “Памятное”, куды ўвайшлі найлепшыя з вершаў, якія ветэран пісаў на працягу ўсяго свайго жыцця — на рускай і беларускай мовах, аб сваім жыццёвым шляху, ваенным досведзе, прыгажосці роднай зямлі. Некаторыя творы Аляксандра Ульяновіча былі пакладзеныя на музыку кампазітарамі Леанідам Захлеўным ды Васілём Раінчыкам, і гучалі ў выкананні ансамбля “Верасы”.

Нягледзячы на свае гады, якія пакрысе падбіраюцца да сотні, ветэран мае выдатную памяць на ўласныя вершы і ўпэўнена ды артыстычна іх дэкламуе. Адчуваецца, што кожны радок тут на сваім месцы — не прыдуманы, а перажыты, прапушчаны праз сэрца. Зычым Аляксандру Іосіфавічу і надалей захоўваць творчы настрой і заставацца ў добрым здароўі ды гуморы, на радасць родным і блізкім.

Фота аўтара