“Убачыць” карціну рукамі

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

Паэтычны інклюзіў жывапіснага мазка
Хтосьці можа сказаць, што ў жыхароў вялікіх гарадоў ёсць больш магчымасцяў скарыстацца культурна-дасугавымі паслугамі, напрыклад, пазнаёміцца з нейкім цікавым музейным праектам, адкрыць новае імя творцы. Можна зламаць стэрэатып думкі і паспрабаваць знайсці кантакт непасрэдна з мастаком, як зрабіла гэта дырэктар Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Таццяна Леванюк. На пачатку года з прафесіянальным інтарэсам яна наведалася ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Мінску і ўразілася незвычайнай выставачнай экспазіцыяй сталічнага мастака, члена Беларускага саюза мастакоў Васіля Зянька.

/i/content/pi/cult/854/18144/19.jpgВерсэт на палатне

Жаданне перанесці дзіўныя карціны ў сваю выставачную залу галерэі мастацтваў, філіяла гарадскога музея ў Бярозе, адкрыць землякам новае імя творцы падсілкавалася яшчэ аднім важным стымулам — удзелам у арт-праекце вядомага беларускага паэта Алеся Разанава, ураджэнца вёскі Сялец Бярозаўскага раёна. Дарэчы, у галерэі мастацтваў з 2019 года стала дзейнічае экспазіцыя “Вытокі літаратурнага мастацтва”, дзе адзін з 12-ці стэндаў прысвечаны творчасці таленавітага земляка, які ў сучаснай беларускай і еўрапейскай паэзіі займае асобнае месца як паэт-філосаф, творца новых слоў, вершаваных форм-версэтаў, квантэм, пункціраў. Паэт-наватар ахвотна адгукнуўся на наватарскую ідэю маладога мастака — стварэнне карцін, дзе злучаліся б жывапіс і літаратурныя тэксты, і каб іх змаглі “ўбачыць” людзі з дрэнным зрокам і сляпыя.

Менавіта радкі, глыбокія думкі і вобразы твораў Алеся Разанава і класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча разгарнулі прастору Васілю Зяньку для творчага пошуку і самавыяўлення. Ён, ураджэнец горада Стоўбцы, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, за апошнія гады рэалізаваў каля дваццаці персанальных арт-праектаў, адзін з іх, інклюзіўны, — экспазіцыя з трынаццаці тактыльных жывапісных твораў “Паэзія кропак…”, якая стваралася цягам года і раней прэзентавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі ў рамках сімпозіума “Інавацыйныя практыкі” ў 2018 годзе, як творчы праект Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. У рамках акцыі “Ноч музеяў — 2021” выстава перамясцілася ў прасторнай галерэі мастацтваў горада Бяроза, дзе яе адкрылі для наведвальнікаў сам мастак і загадчык навукова-асветніцкага аддзела сталічнага музея Юлія Мацук.

Плюс шрыфт Брайля

Васіль Зянько ахвотна і захапляльна расказаў аб сваёй рабоце над праектам, у якім скарыстаўся аўтарскай тэхнікай пісьма — фактурнай, рэльефнай, распрацаванай ім даўно. Розныя па колеры гарманічныя палотны падобныя ў адным: у верхнім левым кутку кожнага з іх выступаюць мазкі-кропкі з тэкстамі вершаў Алеся Разанава і Максіма Багдановіча, перакладзеныя сяброўкай мастака з Мінска Марыяй Рудко на шрыфт Брайля з захаваннем міжнародных стандартаў.

Чалавек з праблемамі зроку спачатку “прачытвае” кончыкамі пальцаў разанаўскія пункціры-мініацюры, паглыбляецца ў роздумы аб паэтычным вобразе, які адлюстраваны жывапісна, і праз нейкі час “бачыць”: квітнеючую вішню, калючы асот, з якім пасябравала пчала, спелую грушу, якую смакуе аса, бялюткага матылька, што сеў на куст квяцістага фіялетавага бэзу і сам стаў падобны на пяшчотную кветку. Ярка ажыве знаёмая нам летняя карцінка беларускага пейзажу, што ўмясцілася ў лаканічным паэтычным радку: “Ускрай маладога жыта сінія васількі — сінія буквіцы ў кнізе лета”.

Запомніцца карціна “Ластаўкі”, любімая самім аўтарам: на правады прыселі, адна да адной, шэрыя птушкі з белымі грудкамі, нібы ноты музычнага стана. Так мастак увёў у прастору шэра-блакітнага палатна наступны пункцір Алеся Разанава: “Датуль і адсюль: абселі сюітаю ластаўкі правады”.

Яшчэ для шасці сваіх карцін Васіль Зянько выбраў за літаратурную аснову ўрыўкі з вершаў Максіма Багдановіча (любімага паэта са школы): “Варона і Чыж”, “Калі паласа агнявая”, “Страцім-лебедзь”, “Па-над пухам вішняў”, “Гутарка з паненкамі”, “Дзесь у хмарах жывуць павукі”. Сярод рэльефных контураў, пераплеценых ліній, што ствараюць аб’ёмны арнамент, ажываюць паэтычныя вобразы сумнай каралеўны ў садзе, сэрца якой жадае любові, нахабнай Вароны і Чыжа-падхаліма, ахвярнага Страцім-лебедзя-моцнага, гордага птаха з трагічным лёсам, маленькай клапатлівай ластаўкі, якая для сваіх птушанят так па-майстэрску зляпіла “гняздзечка міленькае”, дзе яны пачуваюць сябе паненкамі. Мастаку-прафесіяналу, напэўна, нескладана намаляваць птушку, кветку, але ж, каб перадаць паэтычны вобраз, алегорыю, трэба любіць і ўмець чытаць і разумець паэзію, як робіць гэта таленавіты мастак.

Такцільная лірыка кропак…

Госць з задавальненнем пазнаёміўся з мясцовай літаратурнай экспазіцыяй, творчасцю іншых бярозаўскіх майстроў слова, зацікавіўся творамі Ніны Мацяш, яшчэ адной вядомай у Беларусі і за яе межамі паэткі з Бярозаўшчыны, лаўрэаткі Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. А паколькі ў назве праекта “Паэзія кропак…” стаіць шматкроп’е і мастак думае яго працягваць, то ёсць шанц убачыць у тым праекце і імя Мацяш.

Штогод бярозаўскія музейшчыкі рыхтуюць да 18-ці выстаў, у тым ліку, выязных, і ад чатырох да шасці — аўтарскіх, персанальных. Выстава тактыльных карцін, выкананых ва ўнікальнай тэхніцы ды адаптаваная для людзей з праблемамі зроку, сляпых, упершыню ладзіцца ў Бярозе. Яна дае магчымасць ім адчуць сябе паўнапраўнымі наведвальнікамі, “убачыць” яркія, рознакаляровыя карціны Васіля Зянька рукамі, а зачаравацца іх прыгажосцю і гармоніяй — відушчым сэрцам.

P.S. Працягам інклюзіўнага праекта бярозаўскіх музейшчыкаў стала адкрыццё выставы карцін юнага земляка, падлетка-ауціста Давіда Макарэвіча “За жыццё сваё дзякую табе, творца”, сюжэт якіх (пераважна праваслаўны) выкладзены алмазнай мазаікай.

Ала ДРАГАН, супрацоўнік Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея