“Пяць элеганцый” і два мора чараўніцтва

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

Днямі ў цыкле “Творчыя партрэты прафесараў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі” адбылася аўтарская вечарына Уладзіміра Каральчука. Многія ведаюць яго як прынцыповага і строгага дэкана факультэта народных інструментаў ВНУ. Ажно не — гэта быў музычны партрэт досыць нечаканага і чароўнага кампазітара.

/i/content/pi/cult/853/18118/021.jpgКанцэрт засяродзіў нашу ўвагу на чыста рамантычным баку творчай адоранасці Уладзіміра Каральчука. Гэтаму таксама спрыялі дакладна падабраныя радкі сусветнай паэзіі — у якасці “звязкі” паміж музычнымі нумарамі (вядучай выступіла студэнтка кафедры кампазіцыі Вікторыя Бараноўская). Гучала выключна камерная музыка, што справядліва лічыцца індыкатарам цывілізаванасці грамадства.

Тон задаў ужо першы твор, жанр якога ў нашай свядомасці назаўжды звязаны з эстэтыкай рамантызму — накцюрн. П’еса называлася “Мора” і ўспрымалася пяшчотнай, вытанчанай марынай, намаляванай чарадзейнымі фарбамі кларнета (Пётр Навуменка) і адцяняючага яго фартэпіяна (Наталля Каральчук).

Своеасаблівым сюрпрызам стаў той рэдкі выпадак, калі ў тым жа канцэрце прагучаў яшчэ адзін твор аўтара з той жа назвай “Мора”, але ўжо для трубы з фартэпіяна (Максім Шкулепа, Кацярына Ракуць). І гэта, на здзіўленне публікі, была зусім іншая карціна, ашаламляльна адрозная па настроі ад папярэдняй. П’еса выклікала ва ўяўленні слухача адчуванне магутнага дыхання загадкавай, непрадказальнай, буянай стыхіі, жывячай свежасці марскога ветру, зачаравальнай карціны гульні хваляў і россыпу вясёлкавых пырскаў ад іх.

Арыгінальнасць аднаго з твораў была адлюстравана ўжо ў яго назве — інструментальны цыкл “Пяць элеганцый”. Гэтую музыку для кларнета і фартэпіяна аўтар рэдагаваў некалькі разоў. Як кампазітару і аднаму з колішніх выкладчыкаў Уладзіміра Каральчука, мне гэта вельмі падабаецца! Мне даспадобы мастакі, якія НЕ прымаюць формулу-аксіёму: “няма мяжы дасканаласці”. Мне бліжэй тыя, хто ўспрымае гэтую фразу як тэарэму, даказваць якую трэба ўсё жыццё.

Уладзімір Каральчук менавіта такі Мастак. Ён не з тых, хто пакорліва прыміраецца са знішчальнай формулай Дастаеўскага, так добра прыдатнай да нашага часу: “усеагульны блытаны цынізм”. Абсалютна не імкнецца быць “модным”, “сучасным” (як прынята цяпер гаварыць, “кантэмпаральным”), дагаджаць нечым густам і быць адпаведным такой агіднай з’яве нашага часу, як трэнд ці мэйнстрым. Каральчук — кампазітар трывожны, расхваляваны, ён хварэе праблемамі сучаснасці. Ён гэтак жа, як нашы вялікія настаўнікі — і Шастаковіч, і наш шаноўны Дзмітрый Смольскі, у якога мы абодва з Каральчуком калісьці вучыліся — ніколі не дэкларуе свае пачуцці, думкі і настроі лапідарна, прамалінейна, “у лоб”, але заўсёды асэнсоўвае іх па-філасофску і псіхалагічна.

Зусім па-новаму, нечакана свежа была пачута мной неакласіцысцкая “Амадэй-саната” для флейты (Наталля Мурзіна) і фартэпіяна. У кантэксце ўсяго канцэрта яна, на шчасце, не ўспрымалася вядомай дэкларацыяй Альфрэда Шнітке — “супастаўляць стылі ў іх шокавым кантрасце”. Тут не было супастаўлення кантрастаў. Нягледзячы на адкрытыя алюзіі з моцартаўскай мовай (і нават цытатай з яго знакамітага Рэквіема), гэта быў твор менавіта Каральчука. Вельмі выразны “эфект няскончанасці” формы ў першай і другой частках (сімвал бясконцасці класікі як вечнага эталона) пакідаў адчуванне незадаволенасці, амаль прыкрасці ад незавершанасці формы — і тым самым рухаў, актывізаваў успрыняцце. А дакладна пралічанае (і бездакорна разлічанае) заканчэнне санатнага цыкла выклікала пачуццё абсалютнай задаволенасці, бо нябачныя шалі прыходзілі ў раўнавагу.

Крыху асабняком, як мне падалося, стаяў quasi-джазавы “Відарыс” для саксафона і фартэпіяна (Мікіта Пятроў, Наталля Кароціна). Рэзкія гармоніі джаза, салодкі голас альтовага саксафона зрабілі п’есу чароўна прывабнай для слухачоў.

Дзякуй выдатным выканаўцам — сапраўдным “правадырам” ад кампазітара да слухачоў. Без выканаўцаў наша музыка, захаваная хіба ў нотных знаках, заставалася б рэччу ў вялікай меры абстрактнай.

Вядома, хацелася б, каб зала на такіх выдатных прэзентацыях была бітком набітая аматарамі музыкі, як гэта здаралася ў нас раней. Але пры цяперашняй пандэміі вечарына ў сценах Акадэміі ладзілася толькі для выкладчыкаў, студэнтаў, супрацоўнікаў. Чаму б не паўтарыць канцэрт, як сітуацыя палепшыцца, для ўсіх жадаючых?

Галіна ГАРЭЛАВА,
заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар,
загадчыца кафедры кампазіцыі БДАМ