Легендарная “дыверсія Крыловіча” як сюжэт для кіно

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

У цэнтры Асіповічаў на чыгуначнай станцыі можна ўбачыць бюст Фёдара Крыловіча, героя-падпольшчыка, які ў часы вайны здзейсніў самую буйную ў сусветнай ваеннай гісторыі наземную транспартную дыверсію — летам 1943 года на асіповіцкім чыгуначным узле знішчыў 5 паравозаў і 4 эшалоны з боепрыпасамі, сярод якіх былі і танкі “Тыгр” і “Пантэра”. Імем Крыловіча названыя вуліцы ў Мінску і Асіповічах. Легендарная дыверсія, не маючая аналагаў, і лёс беларускага героя, чый подзвіг доўгія гады не быў адзначаны належна, пакладзены ў аснову сюжэта новай стужкі “Лёс дыверсанта” сумеснай вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і расійскай студыі “Алена”. Рэспубліканская прэм’ера фільма адбылася 29 красавіка, “Лёс дыверсанта” — у кінапракаце па Беларусі.

/i/content/pi/cult/848/18026/_opt.jpegКарціна доўга ішла да вялікага экрана, здымкі пачаліся тры гады таму, а гучная прэм’ера планавалася да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Пандэмія каранавірусу парушыла планы. Пры гэтым “Лёс дыверсанта” мінулай восенню быў паказаны на адкрыцці Чэбаксарскага міжнароднага кінафестывалю, дзе рэжысёр фільма Дзмітрый Астрахан узначальваў журы. Беларуская ж прэм’ера адбылася толькі днямі. З 29 красавіка “Лёс дыверсанта” ідзе ў кінатэатрах па ўсёй краіне, а паказ у сталіцы пачнецца 5 мая — у кінатэатрах “Салют”, “Берасце”, “Кіеў”, “Масква”, “Аўрора”, “Беларусь”… Пры гэтым вырашана, што кошт квіткоў будзе максімальна нізкім, каб фільм убачыла як мага болей людзей. Напрыклад, на сеансы 29 красавіка ў віцебскіх Доме кіно і кінатэатры “Мір” квіткі каштавалі каля 6 рублёў, у столінскім кінатэатры “Экран” — 5 рублёў, 5 мая ў мінскім кінатэатры “Салют” будзе 3 рублі, і г. д.

Гісторыяй Фёдара Крыловіча зацікавіўся расійскі рэжысёр Дзмітрый Астрахан, які даўно і многа працуе ў Беларусі. Аўтарам сцэнарыя стаў барысаўскі журналіст Павел Магілін, раней вядомы ў якасці сцэнарыста шэрагу дакументальных стужак, знятых на студыі “Летапіс” і на Беларускім тэлебачанні. У свой час ён некалькі разоў падаваў заяўку на сцэнарый дакументальнага фільма пра партызана і падпольшчыка Фёдара Крыловіча, у чыім жыцці і подзвігу бачыць некаторыя супадзенні з лёсам вядомага падводніка Аляксандра Марынэска, — аднак у адрозненне ад Марынэска беларус ні пры жыцці, ні пасмяротна так і не быў уганараваны званнем Героя Савецкага Саюза. Беларускія рэжысёры-дакументалісты тэмай не зацікавіліся, а Дзмітрый Астрахан прапанаваў Паўлу Магіліну напісаць сцэнарый для мастацкага фільма, каб зняць яго на “Беларусьфільме” сумесна з расійскімі партнёрамі. Наша нацыянальная кінастудыя ідэяй зацікавілася, бо, паводле слоў генеральнага дырэктара студыі Уладзіміра Карачэўскага, у адрозненне ад іншых тэм, якім “Беларусьфільм” неаднойчы ўжо прысвячаў свае работы — мінскае падполле, Брэсцкая крэпасць, абарона Мінска, партызанскі рух і многае іншае, — гэты подзвіг Крыловіча дасюль не меў ніякага адлюстравання на экране.

Тым не менш ні сцэнарый, ні фільм “Лёс дыверсанта” нельга назваць біяграфічнымі, таму і імя ў персанажа іншае, і нават Асіповічы ў стужцы праходзяць пад прыдуманай назвай Астапковічы. І хоць сама дыверсія была сапраўднай і бліскучай — электраманцёр чыгуначнай станцыі, прадумаўшы ўсе дэталі, усяго дзвюма мінамі ўзарваў чатыры эшалоны з найкаштоўнейшым для гітлераўцаў на той момант узбраеннем, знішчыў каля паўсотні ворагаў — у стужцы многа мастацкага вымыслу. Рэжысёр Дзмітрый Астрахан кажа, што яму было цікава разабрацца з тым, як сфарміраваліся такія гераічныя людзі, адкуль у іх была любоў да Радзімы, самаахвярная адвага і здольнасць на подзвігі, ён хацеў расказаць гісторыю гераічнай асобы — чалавека, што змагаўся за Радзіму, а не за ордэны.

Як і сам Фёдар Крыловіч, галоўны герой фільма Алесь Арловіч чалавек няпросты, смелы, нават свавольны. Гэта не батальная стужка — сродкамі драмы, меладрамы, трагедыі фільм расказвае менавіта пра людзей і пра час: пра тых, хто жыў у акупацыі, пра яўрэяў, трапіўшых у гета, пра хлопцаў, што ішлі на фронт, пра падпольшчыкаў, што змагаліся з ворагам самааддана і вынаходліва — як Фёдар Крыловіч.

Досыць нечакана было ў сувязі з работай, прысвечанай ваенным падзеям, убачыць прозвішча менавіта Дзмітрыя Астрахана — гэты рэжысёр знакаміты найперш меладрамамі, псіхалагічнымі драмамі, многа працуе ў так званым камерцыйным кіно. Але пра вынік і ўражанні ад фільма будзем меркаваць пазней. Як кажа Уладзімір Карачэўскі, “Лёс дыверсанта” закранае тэмы, што хвалююць чалавека ў любыя часы, і зроблены так, каб, нягледзячы на трагедыю, стужка была жыццесцвярджальнай і лёгкай для ўспрыняцця шырокай публікай. У любым выпадку, з’яўленне такога кінафільма, нават калі пра яго мастацкія якасці і давядзецца паспрачацца, узбудзіць хвалю цікавасці да асобы Фёдара Крыловіча і да таго, што ён здзейсніў. А рэальная гісторыя багатая на сюжэты, не ўсе моманты высветлены, да канца не прагаворана, якім чынам пасля вайны герой заставаўся амаль невядомым і хто карыстаўся яго славай.

Асноўныя ролі ў фільме выканалі расійскія акцёры. Выбар выканаўцы на ролю Алеся Арловіча быў даволі нечаканым — для Аляксея Сурэнскага з галівудскай усмешкай гэтая карціна стала дэбютам у поўным метры, раней ён здымаўся ў серыялах — “Маладзёжка”, “Заручальны пярсцёнак”, “Атэль Элеон” і іншых. Папулярны расійскі акцёр Андрэй Смалякоў чарговы раз сыграў адмоўнага персанажа — здрадніка, Аляксандр Семчаў — таксама вядомы шырокай публіцы, як правіла ў камічнай іпастасі — выканаў ролю нямецкага афіцэра. На экране можна пабачыць і беларускіх акцёраў, напрыклад Віктара Васільева, Аляксандра Ткачонка, Наталлю Халадовіч і іншых.

Фільм здымаўся толькі на дзве камеры, меў даволі сціплы бюджэт, у ім амаль не выкарыстоўваецца камп’ютарная графіка. Здымкі адбываліся менавіта ў Беларусі — у Мінску і на натурпляцоўцы “Беларусьфільма” ў Смалявіцкім раёне. Саму аперацыю — “дыверсію Крыловіча”, як яна вядомая ў гісторыі — здымалі на чыгуначнай станцыі Багатырова паблізу Мінска, а сам станцыйны будынак знайшлі ў Парэччы, бо выгляд станцыі Багатырова занадта сучасны. Працягласць мастацкага поўнаметражнага фільма “Лёс дыверсанта” — 1 гадзіна 57 хвілін, але ёсць яшчэ і 4-серыйная тэлеверсія, якая меркавана будзе паказаная не толькі ў беларускіх, але і ў расійскіх эфірах.

Акрамя прэм’еры “Лёса дыверсанта” да Дня Перамогі “Беларусьфільм” рыхтуе прэм’еру ўнікальнага анімацыйнага праекта сумеснай вытворчасці Беларусі, Расіі і Ізраіля — стужку “263 ночы” можна будзе ўбачыць 7 мая ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пасля яна пойдзе ў кінатэатрах. Менавіта ў маі выйдзе адрэстаўраваная стужка Элема Клімава і Алеся Адамовіча “Ідзі і глядзі”, а да 3 ліпеня плануецца паказ у новай добрай якасці фільма 1949 года “Канстанцін Заслонаў”. Таксама нацыянальная кінастудыя рыхтуе шэраг тэматычных кінапаказаў, прымеркаваных да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.