Маладзёжны трэнд на Купалле

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

Аграгарадок Александрыя, што на Шклоўшчыне, збярэ сёлета сяброў 10 — 11 ліпеня. Падрыхтоўка да свята пачалася! Сярод заўсёдных удзельнікаў — артысты і калектывы Магілёўскай абласной філармоніі. Якія ж сюрпрызы яны рыхтуюць?

/i/content/pi/cult/848/18025/26.jpg— Адной з асаблівасцяў сёлетняга свята “Александрыя збірае сяброў” стане тое, што гала-канцэрт пройдзе ў суправаджэнні нашага славутага Аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Леаніда Іванова, — распавяла дырэктар Магілёўскай абласной філармоніі Святлана Ефімук. — Гэта вельмі ганарова і адначасова адказна, бо з аркестрам пад кіраўніцтвам Дзяніса Чэрты будуць спяваць не толькі нашы салісты і зоркі беларускай эстрады, але і запрошаныя замежныя госці. Калектыў з’яўляецца адным з вядучых на Магілёўшчыне. Цягам многіх гадоў ён удзельнічае ў Міжнародным музычным фестывалі “Залаты шлягер”, у іншых значных мерапрыемствах. Кіруючы аркестрам больш за 40 гадоў, Леанід Іваноў падрыхтаваў суцэльную плеяду выдатных музыкантаў, стаў настаўнікам для многіх маладых дырыжораў. У час ліпеньскага фестывалю можна будзе без цяжкасці пераканацца ў высокім майстэрстве гэтага калектыву. Але ж на свяце Купалля ў Александрыі ёсць і малая сцэна. Там мы будзем ладзіць караоке-канцэрт “Песні, якія нас яднаюць”: на экране будуць ісці тэксты вядомых песень, каб публіка падключалася ў гэткі інтэрактыў і спявала. Але галоўнае — на гэтай малой сцэне будзе пастаўлены аўтарскі мюзікл, прысвечаны купальскай тэме.

— Мюзікл называецца “Вянок на вадзе”, — гаворыць мастацкі кіраўнік філармоніі Алёна Беланожка. — Музыку стварае вядомы магілёўскі музыкант і кампазітар Сяргей Цямрук. Я напісала лібрэта і тэксты песень, а таксама буду рэжысёрам гэтага спектакля. Хочацца паказаць беларускае Купалле не толькі выключна з фальклорнага боку, як працяг старадаўніх традыцый, але і як штосьці блізкае сучаснай культуры, як нейкі маладзёжны трэнд, што стаў часткай нашага цяперашняга жыцця. Усе вельмі зацікаўлены ў гэтым праекце, праца ідзе — спадзяёмся, публіка ацэніць нашы высілкі. Па меншай меры, мы будзем прыкладаць максімальныя намаганні, каб усё здзейснілася як мага лепей.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"