Драўляны чалавечак у паласатым каўпачку

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

Ілюстрацыям Васіля Шаранговіча да казкі “Залаты ключык” — паўстагоддзя
У выдавецтве “Беларусь” выйшла перавыданне казачнай аповесці Аляксея Талстога “Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна” ў перакладзе на беларускую мову з акварэльнымі малюнкамі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. А 28 красавіка ў краме “Акадэмкніга” адбылася прэзентацыя выдання, дзе можна было сустрэцца з мастаком, а таксама атрымаць яго аўтарскі аўтограф.

/i/content/pi/cult/848/18016/9.jpgІлюстрацыі ў выкананні знакамітага беларускага графіка маюць ужо вельмі працяглую гісторыю. Жывыя, непасрэдныя, кранальныя вобразы Бураціна, чарапахі Тарцілы, Карабаса і Дурамара, Мальвіны, П’еро, пса Артамона ды іншых былі прыдуманы ім ажно 50 гадоў таму — у 1971 годзе. Менавіта ў гэты час у выдавецтве “Беларусь” выйшла кніга “Залаты ключык” з тэкстам казкі ў перакладзе на беларускую мову з 35-цю акварэльнымі малюнкамі Васіля Шаранговіча. Кніга імгненна разышлася, ды так хутка, што сам мастак нават не паспеў набыць некалькі экземпляраў і застаўся з адным, аўтарскім. І пры тым кнігу выпусцілі немалым тыражом — 50 тысяч! Дарэчы, Васіль Шаранговіч за гэта выданне неаднаразова станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных кніжных конкурсаў. За наступныя гады казка А.Талстога з ілюстрацыямі В.Шаранговіча шмат разоў перавыдавалася, у тым ліку на рускай мове, і велізарнымі тыражамі.

Свой творчы шлях у кніжнай графіцы Васіль Шаранговіч пачынаў менавіта з кніжак для падлеткаў. Яшчэ ў студэнцкія гады ён нямала зрабіў для афармлення беларускіх юнацкіх часопісаў, асабліва “Вясёлкі”. Але найбольш значным стаў для яго вобраз драўлянага свавольніка Бураціна.

“Ілюстрацыя ў перакладзе азначае “наглядная выява”. Пісьменнік, які прыдумаў свой персанаж, выразна прадстаўляе яго характар, а вось знешняе аблічча — часцей за ўсё ў агульных рысах. Мастак жа павінен ведаць аб сваім героі ўсё: які яго знешні выгляд, як ён апранаецца, усміхаецца ці злуецца. І гэтак жа выразна, згодна з задумай аўтара, яго намаляваць, каб і аўтар, і чытачы згадзіліся, што ён “трапляе” ў іх уяўленне”, распавядае Васіль Шаранговіч.

Падчас працы над малюнкамі да казкі мастаку дапамагалі яго жыццёвыя назіранні і замалёўкі з натуры, работа над ілюстрацыямі і вокладкамі дзіцячых часопісаў. Не варта забывацца, што ў маленькіх гледачоў часта складваюцца трывалыя ўяўленні аб узаемасувязі знешнасці і характара. Калі нос курносы — характар задзірысты і вясёлы, калі нос бульбай — добразычлівы, калі з гарбінкай — з гонарам. А вусны? Калі тоўстыя — чалавек любіць добра паесці, тонкія — мае злосны характар. Ствараючы вобразы персанажаў, мастак заўжды ўлічвае гэтыя акалічнасці. Асабліва асцярожна трэба ставіцца да адмоўных персанажаў. Калі Карабаса-Барабаса паказаць у поўную моц яго характара, дзеці пачнуць яго баяцца, разлюбяць і саму кніжку. Таму нават пры злосным выразе твару, уздзёртых бровах и выпучаных вачах мастак маляваў яго камічна тоўстым, падобным на смешнага жука. “Са смехам страх несумяшчальны”, гаварыў яшчэ Пушкін.

“Спачатку я ўважліва прачытваў тэкст, выбіраў тыя моманты, дзе герой эмацыянальна перажывае, здзяйсняе нейкія ўчынкі, трапляе ў крытычныя сітуацыі, — расказвае Васіль Пятровіч. — Менавіта ў сутыкненнях з Карабасам і Дурамарам, у спрэчках з татам Карлам або размовах з ляльками тэатра можна найбольш поўна паказаць сутнасць характара героя. У “Залатым ключыку” я звяртаўся да вобраза Бураціна шмат разоў. Гэты персанаж адчуваўся мне вельмі шчырым, гарэзлівым і непаседлівым. Я не мог яго ўявіць спакойна застылым за школьнай партай. Хутчэй больш натуральным ён выглядаў у тыя моманты, калі залазіў пад стол у харчэўні, закручваў бараду Карабаса-Барабаса вакол ствала дрэва або здымаў павука са свайго доўгага носа. Для мяне было нескладана ўявіць яго характар, бо драўляны хлопчык у казцы вельмі натуральна хітруе, сумуе, крыўдзіцца на Мальвіну, кпіць над Карабасам. З кожнай новай ілюстрацыяй я ўсё больш і больш зжываўся з гэтым персанажам, палюбіў яго.

/i/content/pi/cult/848/18016/8.jpgПад канец працы мне стала здавацца, што Бураціна жывы, і я з ім размаўляю. Самае цікавае, што праз некалькі гадоў у мяне нарадзіўся сын, Уладзіслаў, які як дзве кроплі вады быў падобны да Бураціна, здаецца, я яго прыдумаў загадзя ў сваіх малюнках да “Залатога ключыка”. Сапраўды, малы Уладзіслаў усмешлівым тварам, гарэзлівымі вочкамі нагадваў Бураціна з маёй кніжкі. Гэту казку ён вельмі любіў, і, калі быў маленькі, гуляў у прыгоды драўлянай лялькі. Я зрабіў яму з кардону доўгі нос, ён яго прычэпліваў — і атрымоўваўся рыхтык Бураціна, якога я намаляваў. Канешне, усё гэта выпадковасць, але, мажліва, і ёсць тут нейкая “сярмяжная праўда”.

Казка “Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна” выйшла ў “Детгизе” ў 1936 годзе. А. Талстой для афармлення кнігі запрасіў свайго сябра, мастака-сатырыка Браніслава Малахоўскага, які зрабіў чорна-белыя штрыхавыя малюнкі да кнігі. Так у ілюстрацыях з’явіўся драўляны хлопчык з доўгім носам нявызначанага ўзросту, якому няўтульна і нават страшна ў чорна-белым, калючым свеце, дзе вакол ашуканцы і бандыты.

Другім ілюстратарам казкі ў 1950 годзе стаў Амінадаў Канеўскі. І ў казачным свеце “Залатога ключыка” вызірнула сонца — мастак выкарыстаў для ілюстравання тэхніку яркай каляровай акварэлі. Ды і сам Бураціна “памаладзеў” і пераапрануўся ў драўляныя чаравікі, шаравары, карычневы жакет і вялікі белы капялюш з абавязковым пэндзлікам. Ён стаў па-дзіцячы вясёлым. У савецкі перыяд “Прыгоды Бураціна” выходзілі пераважна з ілюстрацыямі А.Канеўскага.

Яшчэ адным вядомым ілюстратарам (1956 год) быў мастак Леанід Уладзімірскі. Дарэчы, паласаты каўпачок галоўнаму герою “Залатога ключыка” намаляваў менавіта Л.Уладзімірскі. Яго героі ужо больш падобныя да звычайных дзетак, чым лялек, і нават адмоўныя героі не здаюцца такімі злоснымі.

Вобраз вясёлага хлопчыка ў каўпачку прыжыўся і ў ілюстрацыях Васіля Шаранговіча. Беларускі мастак унёс у жыццярадаснае аблічча Бураціна рысы дзіцячага даверу, наіўнасці і ў той жа час хітраватасці, гарэзлівасці. Зрабіў яго вобраз асабліва блізкім і зразумелым.

Ілюстрацыі Васіля Шаранговіча поўныя дынамізму. Здаецца, што ў нейкі момант усе яго героі, як у кіно, затанчаць, забегаюць, заскочуць і сарвуцца са старонкі кнігі. Гэтае ўражанне дасягаецца не толькі выразнымі кампазіцыйнымі рашэннямі, але і эмацыянальнасцю ў перадачы вобразаў, густоўным і яскравым колеравым рашэннем. Мастаку ўдалося знайсці ўласны стылёвы накірунак у афармленні кнігі.

Нездарма Васіль Шаранговіч заўжды зазначаў: “Для мяне пры рабоце над кнігай найбольш цікавым з’яўляецца стварэнне вобразаў літаратурных герояў. Мая задача вырашаецца, безумоўна, не толькі праз партрэт, але праз сукупнасць выяўленчых сродкаў, якімі валодае мастак у кнізе. Тут важна ўсё — ад выбара сюжэта, святочнай колеравай гамы да гузікаў на куртачцы. І калі вобраз удаецца, то пра такіх намаляваных персанажаў дзеці пішуць, што “яны, як жывыя”.

Так і героі “Залатога ключыка” ў выкананні Васіля Шаранговіча — вось ужо 50 гадоў жывуць і радуюць некалькі пакаленняў сваімі незвычайнымі прыгодамі.

Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца

Фота з архіва аўтара