Зоя_БЕЛАХВОСЦІК: “Кожны з нас чыёйсьці матулі дзіця...”

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

14 кастрычніка, акурат на Пакровы, беларусы адзначылі Дзень маці. З гэтым светлым святам шчыра павіншаваў жанчын Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Наша сённяшняя субяседніца — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь і Аўтаномнай Рэспублікі Крым, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Зоя БЕЛАХВОСЦІК — і “дзіця” тэатральнай дынастыі Глебавых-Белахвосцікаў, і сама маці-прадаўжальніца слынных традыцый. Дачка актрысы Валянціна Гарцуева скончыла не так даўно Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і арганічна ўлілася ў трупу Купалаўскага тэатра. Якраз пра маці і мацярынства на сцэне ды і ў жыцці мы гутарым з Зояй Валянцінаўнай.

 /i/content/pi/cult/180/1801/Zoya.jpg

— Зоя Валянцінаўна, Дзень маці адзначаецца ў нашай краіне не так даўно. Свята гэтае — вельмі значнае для кожнага і адметнае для ўсяго грамадства…

— Я думаю, што гэта вельмі правільна і наогул выдатна. Нельга ставіцца да Дня маці як да нейкага афіцыйнага свята. Гэта — цудоўны падарунак усім людзям: кожнага з нас некалі нарадзіла маці, і ўсе мы — нечыя дзеці. А мама ў жыцці кожнага — бадай, самы галоўны чалавек, без яе вельмі дрэнна ў любым узросце. І Дзень маці — гэта унікальная магчымасць успомніць пра матулю, сказаць ёй добрыя словы, якіх часам можа не хапаць ад дзяцей, занятых будзённымі справамі. Так, жыццё ў сучаснага чалавека складанае, але гэты дзень натуральным чынам падштурхоўвае і “мабілізуе” для таго, каб яшчэ раз выказаць сваю шчырую ўдзячнасць і любоў матулям.

— Якія ў вас самыя яркія ўражанні, звязаныя са стасункамі з мамай?

— Для мяне мама была самым-самым галоўным чалавекам у жыцці. І самым галоўным маім аўтарытэтам ва ўсім, нават пры выбары прафесіі. Потым праз усё жыццё, пакуль яна была жывая, назірала за мной, дапамагала, падтрымлівала. Дарэчы, усе самыя дакладныя і жорсткія заўвагі мне давала заўсёды мамачка. І толькі зараз, праз некаторы час, я ў поўнай ступені магу ацаніць, як яна нас — і мяне, і сястру Надзю — “разгружала” ў многіх пытаннях, прычым без аніякага акцэнтавання на гэтым. Яна была побач і дапамагала ва ўсім: і ў радасцях, і ў бедах, і нават у дробных, нібыта зусім незаўважных, рэчах. Старалася радаваць нас, уладкоўваючы побыт: пірагі, торцікі… Здаецца, што гэта дробязі, але на самой справе менавіта з гэткіх “дробязей” і складваецца самае галоўнае — цеплыня і ўтульнасць нашага сямейнага ачага. І гэта так важна — штодзённы адданы клопат пра блізкіх і шчырая любоў да іх.

— Але ж вы сказалі, што і самыя жорсткія заўвагі атрымлівалі ад маці. Не крыўдна было, калі гучалі яны менавіта з маміных вуснаў?

— Часам сапраўды было. Але ж самі ейныя заўвагі не былі ні крыўдлівыя, ні абразлівыя. Яна ў мяне была вельмі далікатным і інтэлігентным чалавекам, заўсёды знаходзіла такую форму, каб сказаць усё вельмі трапна, але вельмі акуратна. І гэта было надзвычай важна. І, дзякуючы таму, што яна заўсёды трапляла “ў яблычак”, менавіта яе словы прымушалі мяне сур’ёзна задумацца.

— Што ў выхаванні дачкі вы ўзялі ад сваёй маці?

— Ад матулі ў мяне — вялікая павага да асобы. Таму што гэта вельмі складана — разабрацца ў тым, хто нарадзіўся і побач з табою жыве, сталее. Бо дзеці — гэта людзі, іх трэба паважаць з самага маленства. І лічыцца з імі з гэтага ж узросту. Выхоўваць дзяцей складана, і я думаю, што ў мяне ад мамы трывалае перакананне: у дзіцяці можна зарабіць, заваяваць аўтарытэт выключна ўласным прыкладам. Як ты сябе паводзіш, хлусіш ці не, цярплівы ты, удумлівы, працалюбівы — гэтая навука нашмат больш дзейсная. І калі ў каго-небудзь узнікае жаданне насварыцца на дзіця з нейкай прычыны, то я лічу, што лепей паказаць, як трэба сябе паводзіць,— гэта ўздзейнічае нашмат мацней.

— Ну вось, Валянціна, вырасла і прыйшла працаваць у Купалаўскі тэатр. Вы працягваеце заставацца для яе ў тэатральным закуліссі мамай ці імкняцеся прыняць пазіцыю калегі па працы?

— Не, у нашай сям’і ўвогуле не прынята пераносіць на прафесійныя адносіны хатнія стасункі. І ў рабоце ніхто нікому нічога не раіць, нікога не вучыць і ні над кім не “вісіць”..

— Але ж яна, пэўна, прыходзіць да вас часам і пытаецца: “Мама, паглядзі, калі ласка, і скажы, што ты пра гэта думаеш?”…

— Так, безумоўна. Але ж, як правіла, пытаецца яна ў мяне пра гэта ў самы апошні момант, калі ўжо значны аб’ём працы зроблены і можна нешта ўбачыць. А за “фармальнымі” парадамі звяртаецца вельмі рэдка. І толькі калі яна сапраўды сама пра гэта пытаецца, я бяру на сябе права штосьці ёй параіць. На маю думку, гэта знак павагі адна да адной. А без гэтага нельга.

— Дарэчы, і ў тэатры вы з роляў маладых дзяўчат пераходзіце на гераінь больш сталага веку. Сярод вашых тэатральных работ ёсць нават спектакль з назвай “Маці”. Як ваш асабісты жыццёвы досвед рэалізуецца на сцэне і якіх маці ў тэатры вам як актрысе іграць асабліва цікава?

— Я думаю, што сыграць у тэатры маці — само па сабе вельмі цікава. І я рада, што падышла да гэтых роляў. Ужо і да бабуль магу падбірацца (смяецца). Для мяне гэтыя ролі — значныя, бо адпавядаюць майму чалавечаму стану, унутранаму досведу. У тэатры маці могуць быць розныя. Але вось для мяне асобны прафесійныінтарэс складаюць не лагодныя, памяркоўныя гераіні, а жахлівыя, у нечым нават пачварныя. Мне вельмі цікава разабрацца ў прыродзе гэткага іх стану. Вось узяць маю Клаўдзію ў спектаклі “Дзеці Ванюшына”. З п’есы мы даведваемся, што яна — мама, і я гэтую тэму праводжу праз увесь спектакль. Так, няхай сама па сабе яна — чалавек дастаткова жорсткі і нават страшны, але ж як мама яна вельмі добрая!
Што ж да п’есы “Маці” Карэла Чапека, дык з ёю ў мяне ўвогуле унікальная і дзіўная гісторыя: з гэтай роляй я выпускалася з тэатральнага інстытута — дыпломны спектакль ставіла мастацкі кіраўнік нашага курса Зінаіда Браварская. І я гэтую гераіню сыграла ўжо ў дваццаць гадоў. Калі я зараз узгадваю, як я тады іграла і разумела сваю гераіню, і як я яе іграю цяпер — неба і зямля! Тым не менш, нешта ж у тым спектаклі было?.. І калі Ягор Лёгкін прапанаваў мне сыграць у гэтай, як я зараз бачу, не вельмі дасканалай п’есе, з шэрагам праблем, далёка не ўсе з якіх нам удалося ў спектаклі вырашыць, мяне па-добраму здзівіла і парадавала тое, што маладога 24-гадовага чалавека цікавіць гэтая праблема. Зрэшты, і да сваёй мамы Ягор адносіцца вельмі цёпла, трапятліва, паважае яе і любіць. І за час працы над спектаклем я столькі ўсяго пра яе даведалася, напэўна, больш, чым пра самога  Ягора…
Сёння, амаль праз трыццаць гадоў, я, канешне, іграю ўсё абсалютна паіншаму. Складана, але адначасова ў гэтым ёсць і свой прафесійны творчы інтарэс. Бо калі займацца не застылымі калонамі, а сапраўдным “жывым” тэатрам, падобныя ролі— якраз тое, што патрэбна акцёрам. Не магу казаць пра сам спектакль — я яго “збоку” не бачыла, але “знутры” мне ў ім добра: я разумею, пра што ён і пра што мы размаўляем з нашымі гледачамі ў зале.

— Хацелася б закрануць і яшчэ адзін аспект, таксама “афарбаваны” мацярынствам, — педагагічную працу ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Не сакрэт, што для будучых акцёраў вы становіцеся свайго кшталту творчай і прафесійнай “маці”.

— Калі я яшчэ сама вучылася, то вельмі добра фіксавала тое, што і як рабіць нельга. Неабходна быць з імі на роўных, і я менавіта так стараюся паводзіць сябе: стараюся не нашкодзіць, разабрацца, хто ёсць хто, і дапамагчы. І адначасова— быць строгім чалавекам, але ў той жа час убачыць добрае і “выцягнуць” менавіта апошняе. Тое ж самае — на ўласным прыкладзе вучыць адносінам да прафесіі, да справы ўвогуле, у дробязях, ва ўвазе. Паколькі я сваю справу вельмі люблю і займаюся тэатрам свядома, глыбока і сур’ёзна гадоў з 16, таму імкнуся да гэткіх жа адносін з ім. Калі гэтым займацца — дык займацца да самага канца і па-сапраўднаму. Хаця, безумоўна, мы не хірургі і аперацыі на сэрцы не робім, але ўсё роўна: сорамна, калі чалавек прыйдзе адзін раз у тэатр… і болей ніколі не захоча. І я, канешне ж, стараюся дапамагаць студэнтам і па-за сценамі акадэміі, як і чым магу. Не губляем сувязі — і, дзякуй Богу, значыць, яны паважаюць мяне.

— Цалкам зразумела, што ў вашым уяўленні маці — гэта не толькі чалавек, які крочыць па жыцці побач з табою і рэгулярна дапамагае ў нейкіх побытавых справах…

— Што вы, гэты чалавек значыць для мяне нашмат больш!.. Мне падабаюцца і я вельмі паважаю тых маці, у якіх шмат дзяцей. Так, яны могуць займацца толькі сваёй сям’ёй, і гэта цудоўна, калі ім удаецца будаваць свой жаночы лёс такім чынам. Я асабіста гэтак проста не змагла б!
Але ж стараюся паспяваць рабіць усё: каб дома было добра, утульна, каб было чым смачным іх пабалаваць. Але важна, каб, разам з гэтым, было і насычанае, цікавае духоўнае жыццё, — без гэтага нельга!

 Гутарыла Таццяна КОМАНАВА