Клубныя паслугі — з колаў

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

Дзейнасць перасоўных устаноў культуры — адзін з самых доўгатэрміновых праектаў па захаванні беларускай вёскі. І скіраваны ён найперш на пастаяннае ўдасканаленне пазастацыянарнага абслугоўвання маланаселеных і аддаленых вёсак. А гэтая тэма — адна з прыярытэтных для “К”. Распачалі яе распрацоўваць у папярэдніх нумарах, сёння працягваем. Мяркуем, што цягам года выступіць тут павінны загадчыкі перасоўных клубаў ды бібліятэк, а таксама — спажыўцы культурнага і інфармацыйнага абслугоўвання. А сёння мы друкуем аналіз дзейнасці аўтаклубаў кіраўніка Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Кацярыны Лабука.

/i/content/pi/cult/846/17981/9.jpg12 выездаў у месяц

На сёння парк аўтаклубаў вобласці складае 18 адзінак. У зоне іх абслугоўвання  — больш за 1 400 вёсак.

Мы пастаянна аналізуем дзейнасць гэтых перасоўных устаноў культуры і адзначаем станоўчую дынаміку. Напрыклад, да ўзроўню 2015 года колькасць праведзеных аўтаклубамі мерапрыемстваў вырасла больш чым на 50 працэнтаў. Гэта значыць, ажыццёўлена 4 432 акцыі (з іх на вёсцы — 3 727). За месяц прыблізна адзін аўтаклуб ладзіць 18 мерапрыемстваў. У гэтым плане лепшыя паказчыкі ў Глыбоцкім, Аршанскім, Талачынскім раёнах. Адстаюць у Лепельскім, Лёзненскім і Шаркаўшчынскім.

У калег з іншых раёнаў узнікаюць пытанні пра перыядычнасць выездаў перасоўных устаноў культуры. Хтосьці кажа, што ў асобную вёску аўтаклуб можа і раз на год завітаць. Выснова сумніўная. Летась нашы аўтаклубы зрабілі 2 638 выездаў (146 — у год), а ў сярэднім на аўтаклуб іх 12 у месяц. Заўважце і тое, што на маршруце аўтаклуб можа падхапіць жыхароў паселішчаў, дзе толькі некалькі вяскоўцаў, і прывезці іх да месца правядзення мерапрыемства, а потым адвезці назад.

Аддзел ці сектар

Аўтаклуб — транспартны сродак. Ён не можа быць асобнай юрыдычнай асобай або філіялам. Аўтаклуб уваходзіць у склад дзяржаўнай установы культуры як аддзел (калі ў штаце ёсць 4 чалавекі), сектар (тры чалавекі: вадзіцель, загадчык, культарганізатар). Як правіла, працуюць загадчык, гукааператар і вадзіцель, у рэдкіх выпадках — кіраўнік калектыву. 20 працэнтаў работнікаў аўтаклубаў маюць вышэйшую адукацыю.

У Палажэнні ці Статуце ДУКа трэба прапісаць, чым займаецца перасоўны клуб. Штогод распрацоўваецца маршрут наведвання аддаленых вёсак. Вядзецца журнал выездаў, яны павінны супадаць з пуцявымі лістамі аўтамабіля. Вельмі істотна тое, што зона абслугоўвання аўтаклуба не павінна мець тыя ж населеныя пункты, што ўваходзяць у зону абслугоўвання сельскага клуба.

Аўтаклубы ці сектары нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва працуюць, як і клубныя ўстановы. Формы дзейнасці могуць быць рознымі, але не варта забывацца на святы вёсак (яны яшчэ не зніклі з карты Беларусі). Пры сектарах могуць працаваць клубныя фармаванні. Да слова, іх колькасць у вобласці павялічваецца.

На Віцебшчыне нестацыянарныя ўстановы культуры выкарыстоўваюць ад 8 да 27 форм работы: канцэрты, святы, мітынгі, выставы, тэматычныя вечары, вечары адпачынку, конкурсныя і забаўляльныя праграмы… Тут лідарамі з’яўляюцца аўтаклубы Глыбоцкага, Лёзненскага, Аршанскага і Полацкага раёнаў.

Методыка тактыкі і стратэгіі

У вобласці наладжана сістэмная метадычная работа па забеспячэнні дзейнасці аўтаклубаў. Пазалетась на базе абласнога цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў устаноў культуры былі арганізаваны курсы па тэме “Удасканаленне дзейнасці аўтаклубаў і аўтабібліятэк. Новыя формы і метады аказання паслуг насельніцтву”. У мінулым годзе абласны метадычны цэнтр правёў семінар для аўтаклубаў “Арганізацыя адпачынку насельніцтва. Аказанне платных паслуг”.

Раз у тры гады ў рамках абласнога свята гумару “Смяяцца не грэх” ладзіцца агляд-конкурс на лепшую пастаноўку работы “Вясёлы аўтобус”. У 2019 годзе аўтаклубы падрыхтавалі аўтарскія гумарыстычныя міні-спектаклі, музычныя нумары і пародыі. У конкурсе супернічалі 16 аўтаклубаў. Сёлета мяркуецца правесці конкурс у Шуміліне.

Дарогі памяці

Не абышліся мы летась без аўтаклубаў і падчас абласной патрыятычнай акцыі “Дарогі памяці”, прымеркаванай да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Акцыя стартавала 8 красавіка 2020 года ў Дубровенскім раёне. Потым эстафета Памяці пераходзіла з раёна ў раён. Завяршылі мерапрыемства прадстаўнікі Лёзненскага раёна, які ў вобласці быў вызвалены першым і на тэрыторыі якога знаходзяцца больш за 80 воінскіх пахаванняў і 600 помнікаў.

Сёлета плануецца правядзенне абласной акцыі “Дарогамі спаленых вёсак”, а ў наступным — “Партызанскімі дарогамі”. Застаецца дадаць, што работа аўтаклубаў будуецца ў шчыльным кантакце з дзяржаўнымі арганізацыямі і грамадскімі суполкамі.

А што ў гаражах?

Аўтапарк патрабуе абнаўлення амаль у кожным рэгіёне, бо транспартныя сродкі набыты ў 2005 — 2009 гадах. На сёння абнаўленне аўтапарка адбылося ў Віцебскім, Дубровенскім, Мёрскім, Аршанскім, Полацкім, Расонскім і Шумілінскім раёнах. Абнаўленне адбылося ў 2018 — 2019 гадах.

Ва Ушацкім раёне наяўны транспартны сродак з’яўляецца не спецыялізаваным транспартам.

Мікрафоны, генератары…

Не пашкодзіла б набыць мікрафоны і генератары. Апошнія ёсць толькі ў Лепельскім, Лёзненскім, Расонскім, Талачынскім, Чашніцкім раёнах. Не стае музычных інструментаў, сцэнічных касцюмаў для калектываў мастацкай творчасці. Існуе і кадравая праблема: патрабуюцца работнікі са спецыяльнай адукацыяй (да прыкладу, у Лёзненскім і Расонскім раёнах).

Дзейнасць аўтаклубаў будзе больш эфектыўнай, калі мы працягнем практыку пашырэння форм культурных паслуг, рэалізацыі брэндавых праектаў. Не на апошнім месцы знаходзяцца піяр і рэклама.

Кацярына ЛАБУКА, дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці

Фота з архіва цэнтра