“Народная культура — вельмі моцная ідэалогія”

№ 15 (1506) 10.04.2021 - 16.04.2021 г

Гутарка пра фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”
Мікола Козенка — этнахарэограф і рэжысёр, этнапедагог, вядомы збіральнік, даследчык і папулярызатар народнага танца. Праекту “Берагіня” ён прысвяціў 23 гады жыцця. Мікола Козенка пагадзіўся пагутарыць пра тое, што яго цяпер асабліва хвалюе.

/i/content/pi/cult/845/17960/4.jpg— Чалавек фарміруецца з дзяцінства, таму вельмі важна, каб ён меў магчымасці для развіцця і прафесійнай адукацыі. Тое, што атрымалі вы як сын простага рабочага і сялянкі, было даступна ўсім дзецям у той час? Ці ўсе маглі развіваць свае творчыя здольнасці і папаўняць веды, нават атрымаць адукацыю ў сталіцы тады вялізнай дзяржавы — СССР?

— У школе было шмат бясплатных гурткоў, факультатываў. Настаўнікі-прадметнікі лічылі справай гонару не толькі адукоўваць, а і выяўляць схільнасці дзяцей, развіваць дадзенае ім ад прыроды. Таленавітыя дзеці мелі магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю — не за грошы, а згодна іх ведаў і здольнасцяў. У маёй сям’і маці, старэйшыя браты і сястра навучылі мяне працаваць (бацька трагічна загінуў, калі мне было шэсць гадоў). Прыходзілася нават сумяшчаць вучобу ў школе і працу на калгасных палетках, каб можна было пракарміць сям’ю. Таму пачуццё доўгу і працавітасць з сям’і я перанёс у будучым у сваю працоўную дзейнасць. У краіне былі эканамічныя цяжкасці, людзі жылі вельмі сціпла, але спартыўныя, мастацкія гурткі былі і ў школах, і ў дамах піянераў, прафсаюзаў, у дамах культуры буйных прадпрыемстваў. Дзеці атрымлівалі веды і навыкі, якія развівалі іх шматбакова — музыка, спевы, танцы ў школе і мастацкіх калектывах (цяпер жа праблема нават урокі музыкі ў школах!), драматычныя гурткі, жывапіс, дэкаратыўна-побытавае мастацтва — самыя разнастайныя гурткі па інтарэсах. І ўсё бясплатна. Пасля гадоў ваяўнічага атэізму і змагання з народнымі абрадамі і звычаямі паступова вярталіся да разумення фальклору як народнай мудрасці, пачыналі фарміравацца фальклорна-этнаграфічныя калектывы.

— У справе вяртання да каранёў народнай культуры ваш уклад неацэнны. Праблемы этнавыхавання былі апрабаваныя вамі ў Мётчынскай школе-садку Барысаўскага раёна, дзе вы стварылі і дагэтуль працуеце з дзіцячым фальклорным калектывам “Берагіня”, які стаў узорным, затым заслужаным. Пасля яго — маштабны фестываль, за якім замацавалася назва барысаўскага калектыву…

— “Берагіня” — гэта значны і адзіны фестываль у Беларусі, які называюць “візітоўкай” нашай краіны. Ён ладзіцца адзін раз у два гады. У 2018 годзе адбыўся ў 10 раз, гэта быў яго 20-гадовы юбілей. З 2020 года ён перанесены на 2021 з-за пандэміі кавіда-19. Добра, каб ён адбыўся ў гэтым годзе. Фестываль значыцца ў планах Міністэрства культуры. Яго падтрымлівае Беларускі фонд культуры, нацыянальная камісія па справах UNESCO, шматлікія грамадскія арганізацыі. Фактычна ён міжнародны, бо на яго запрашаюцца прадстаўнікі 5 — 6 краін. Спадзяюся, што фестываль адбудзецца. Вельмі б хацелася яго правесці…

 — Беларусь можа ганарыцца гэтым фестывалем і распаўсюджваць у свеце вопыт па пераемнасці народных традыцый дзецьмі і моладдзю. Распрацаваная вамі праграма “Традыцыйная культура і дзеці” разам з фестывалем “Берагіня” можа быць пададзена ў UNESCO як адна з лепшых сусветных практык у асваенні нематэрыяльнай культурнай спадчыны свайго народа. Такая прапанова ўжо абмяркоўвалася экспертамі…

— Выяўленне, аднаўленне, трансляцыя народнай культуры — шлях паступовы, сістэмны, шматузроўневы, які вядзе дзяцей, студэнцкую і працоўную моладзь да сваёй мясцовай каранёвай культуры. Перш за ўсё гісторыі і культуры свайго роду, затым роднага куточка  — праз кантакты са старэйшым пакаленнем, уласную творчасць і пераемнасць традыцый у іх шматграннай разнастайнасці. Праз вандроўкі, экспедыцыі па зборы фальклорных матэрыялаў, праз сустрэчы з майстрамі рамёстваў фарміруецца любоў да роднага краю — і гэта ўсё “Берагіня”. Народная мудрасць заклікае берагчы прыроду, зберагаць рукатворныя вырабы майстроў, вучыцца непасрэдна ад іх і засвойваць накоплены імі вопыт. Усе гэтыя працэсы неабходна каардынаваць і пастаянна з гэтым працаваць на розных узроўнях…

— Веды пра сваю этнічную культуру павінен мець кожны чалавек, і гэтыя веды і навыкі ён мусіць набываць з дзяцінства. Фестываль “Берагіня” — не проста мерапрыемства як паказ дасягненняў. Гэта пэўная сістэма этнавыхавання, якая патрабуе пастаяннай працы. І кожны форум — новы этап такой працы.

— Фестываль мае шмат узаемазвязаных падпраектаў, якія пастаянна ўдасканальваюцца, папаўняюцца інавацыйнымі, што ўзбагачае і развівае яго. Да прыкладу — турнір фальклорных калектываў, якія ўдзельнічаць у праграмах “Харэаграфічнае мастацтва”, “Музычнае мастацтва”, “Дэкаратыўна-побытавае мастацтва”, апавядальнае мастацтва з мноствам намінацый. Для асваення калектывамі, гуртамі, дуэтамі і салістамі прапанаваных арганізатарамі інавацыйных форм і адметных фальклорных практык неабходна, каб метадычныя службы ўсіх узроўняў (на жаль, няма рэспубліканскага Цэнтра народнай творчасці) ладзілі семінары, стажыроўкі, праводзілі майстар-класы і кіравалі гэтым працэсам. Каб у кіраўнікоў калектываў была магчымасць вучыцца, абменьвацца вопытам, навучаць новаму сваіх выхаванцаў.

…Але зноў пра набалелае. У мяне як у аднаго са стваральнікаў фестывалю, аўтара канцэпцыі рэспубліканскай “Берагіні”, на жаль, юрыдычна няма магчымасці не толькі каардынаваць ход падрыхтоўкі і правядзення фестывальных этапаў, але і практычна вырашаць шэраг праблем, якія патрабуюць творчага і арганізацыйнага ўмяшальніцтва ў працэс: ад стварэння канцэпцыі, рэкамендацый — да ажыццяўлення творчых задум. Зразумела ж, што за 2 — 3 месяцы самабытны фестываль як агульнанацыянальнае свята этнічнай культуры правесці амаль што немагчыма. Але ж спадзяемся…

Рэгіна Гамзовіч