Пяршайская лепка

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

Многія імкнуцца з вёсак у вялікія гарады, а вось скульптар Валерый Калясінскі — наадварот, перасяліўся з Мінска ў аграгарадок Пяршаі. І ў запаволеным, пазбаўленым мітусні жыцці адкрыў у сябе, акрамя творчага, яшчэ і педагагічнае прызванне. Ён вядзе гурткі “Гліняны карагод” і “Мастацкі карагод” ў Пяршайскім доме культуры. (Яны ўваходзяць у народнае аб’яднанне “Скарбніца” Валожынскага раённага цэнтра культуры.) А яшчэ кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Майстэрня талентаў” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна.

/i/content/pi/cult/840/17890/31.jpg— У гуртках і аб’яднанні займаюцца 25 дзяцей і падлеткаў ад 7 да 17 гадоў, - кажа Валерый Францавіч. - Яны атрымліваюць навыкі працы з глінай, асвойваюць малюнак і жывапіс, некаторыя спрабуюць таксама разьбу па дрэве.

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама выдзеліў для творчага працэсу прасторную светлую майстэрню. Калі дазваляе надвор’е, Валерый Калясінскі выводзіць свой “Мастацкі карагод” на пленэры. Юныя мастакі вучацца адлюстроўваць у акварэлі і гуашы прыгажосць мясцовых краявідаў, малююць з натуры помнікі архітэктуры ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. А члены “Глінянага карагода” ўпадабалі лепку. Пэўна, калі пад іх яшчэ не надта ўмелымі рукамі камякі гліны ператвараюцца ў посуд, вазы, свістулькі, дзеці ўспрымаюць гэта як цуд, а скульптар падаецца ім добрым чараўніком. Таму і бягуць з ахвотай на заняткі. Найбольш спрытныя вучні ўжо ствараюць тэматычныя кампазіцыі, беручы сюжэты пераважна з вясковага жыцця.

Творчыя працы гурткоўцаў неаднаразова дэманстраваліся на выставах падчас раённых культурных мерапрыемстваў. На абласным свяце-конкурсе “Гліняны звон”, які прайшоў у жніўні 2019 года ў Івянцы, яны атрымалі калектыўную ўзнагароду — дыплом ІІ ступені “За лепшую гліняную цацку”. У гэтым конкурсе вылучыліся Юрый і Соф’я Пратасевічы, Анжэла Пашкоўская і Паліна Санкоўская. Таксама Паліна Санкоўская атрымала дыплом ІІІ ступені на ІV абласным свяце-конкурсе дзіцячай творчасці “Калыска талентаў”. А Дыяна Чарвінская, якая наведвае ўсе тры гурткі і марыць стаць архітэктарам, заняла 1-е месца ў сёлетнім раённым конкурсе малюнкаў “Мая зямля - маё багацце”.

Яшчэ нядаўна актыўнай заўсёдніцай гурткоў была дачка скульптара Паліна Калясінская. На паліцах у майстэрні прыцягваюць увагу яе аб’ёмныя кампазіцыі на тэмы музыкі і кахання. Паліна пайшла па бацькавых слядах і паступіла ў Гімназію-каледж мастацтваў імя І. Ахрэмчыка на аддзяленне скульптуры. У яе творчым досведзе  — удзел у дзвюх рэспубліканскіх выставах “Калядныя ўзоры”, 3-е месца ў раённым творчым конкурсе “Пажарная бяспека”, дыплом І ступені, атрыманы на ІV абласным свяце-конкурсе “Калыска талентаў”. Гэтай зімой Паліне з аднакурснікамі пашчасціла заняць 2-е каманднае месца на VI фестывалі лядовых і снежных скульптур “Свет крысталаў”, які зладзіў Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі. А наймацнейшыя ўражанні дзяўчына атрымала, папрацаваўшы разам з бацькам на двух пленэрах памяці мастака Фердынанда Рушчыца, якія адбыліся ў 2020 годзе на ягонай радзіме ў аграгарадку Багданаў Валожынскага раёна і ў 2019 годзе— у Вільнюсе.

Гурткоўцы з настаўнікам даследуюць традыцыі івянецкай і валожынскай керамікі і маюць на мэце стварыць адметны пяршайскі стыль, назіраючы за асаблівасцямі навакольнай прыроды. Ёсць у іх яшчэ адна мара — абзавесціся муфельнай печчу, хаця б невялікай, для абпальвання сваіх вырабаў.

Зараз у Валожынскім краязнаўчым музеі экспануецца ўжо трэцяя выстава твораў Валерыя Калясінскага і яго вучняў (графіка і скульптура). Яна прадоўжыцца да канца сакавіка.

Святлана ІШЧАНКА