“Мы адчувалі сябе рыцарамі…”

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

Як нараджаўся аўтарытэт аўтэнтыкі
У свеце сучаснай фалькларыстыкі і сучаснага фальклорнага мастацтва імя Наталлі Матыліцкай гучыць надзвычай аўтарытэтна. Так, яна навуковец-даследчык, выкладчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ. Але найперш — спявачка, выканаўца народных песень у старадаўняй, аўтэнтычнай манеры. На сцэнах падобныя спевы і дагэтуль рэдкасць, а што ўжо казаць пра канец 80-х гадоў, калі Наталля пачынала спяваць! Ці пра пачатак 90-х, калі ўзнік знакаміты гурт “Ліцьвіны” — ён адным з першых адкрываў беларускаму слухачу нашу музычную спадчыну. Вакалісткай “Ліцьвінаў” Наталля Матыліцкая і была. А потым спявала ў групе Юрыя Выдронка Ur’ia — там выдатна спалучаліся народныя спевы і сучасныя рытмы, спявала ў групе “Рада”, як сольная артыстка ўдзельнічала ў многіх міжнародных фестывалях, прадстаўляла нашу краіну на фальклорным фестывалі Еўрапейскага вяшчальнага саюза, і многае-многае іншае. Сёння мы звернемся да гісторыі, да тых гадоў, калі працэс па адраджэнні беларускіх аўтэнтычных спеваў быў на самым пачатку, і прысвяцім нашу размову, сярод іншага, 30-гадоваму юбілею гурта “Ліцьвіны”, што адзначаецца сёлета.

— Як вы прыйшлі да спеваў, менавіта да аўтэнтычных спеваў?

— Лёсавызначальную сустрэчу з фальклорам мне падарыў філфак БДУ і яго традыцыйная фальклорная практыка. Дзякуючы ёй жыццё пайшло па іншым шляху, а не па тым, які я планавала. Я вельмі любіла літаратуру і таму паступіла ў 86-м годзе на філалагічны факультэт БДУ. Але я сябе проста тады яшчэ не ведала — не ведала, што па сваім прызначэнні я спявачка. І цяпер займаюся шмат чым — і навукай, і выкладаннем, і ўсё гэта люблю, але на першым месцы для мяне аказаліся спевы. Прычым практыку фальклорную мы з курсам праходзілі на маёй роднай Случчыне, і там я адчула такую любоў да народных песень, што проста не выказаць! Захапілася імі ўсім сваім гарачым юнацкім тэмпераментам.

Але ў школьныя гады пачуць аўтэнтычныя спевы мне не давялося. Я была актывісткай, старшынёй савета дружыны — наша Грэская школа была самай вялікай у Слуцкім раёне. І нават на сцэне школьнай мне ўдалося паспяваць: відаць, ужо тады цягнула да нейкай народнай стылістыкі: я выконвала хоць і аўтарскі твор, але з фальклорнымі матывамі — “Оренбургский пуховый платок”, які спявала Людміла Зыкіна.

/i/content/pi/cult/836/17820/6_1.jpg

— Ну так, звыклы для таго часу рэпертуар — песні Зыкінай прадстаўлялі адзін на ўсіх народ, а сваіх песень мы асабліва і не ведалі.

— Сапраўды. Але некалькі гадоў таму Грэская школа адзначала сваё 150-годдзе, а мяне запрасілі на юбілей як артыстку, і вось там я ўжо паказала нашы спрадвечныя беларускія спевы! Тое, як праз многа гадоў я вярнулася ў родную школу з нашымі роднымі песнямі, мела для мяне асаблівую каштоўнасць — што людзям гэта спатрэбілася, што яны высока гэта ацанілі.

— Як даследчык вы прысвяцілі сябе песням менавіта Случчыны. Няўжо ў дзяцінстве вам немагчыма было пачуць сапраўдны аўтэнтычны фальклор?

— Са сцэн такое дакладна не спявалася, аўтэнтыка там не гучала. А Грэск, трэба разумець, гэта не вёска была, а мястэчка, у яго свае асаблівасці. Калі б я жыла ў якой традыцыйнай вёсцы на Палессі, напрыклад, то абавязкова б пачула ад старэйшых. Пасля, ужо дарослая, я па Грэску і па бабулінай вёсцы Боркі пашукала ды й знайшла нейкія добра прыхаваныя песні. І ўвогуле паставіла сабе задачу як фалькларыст паездзіць найперш па роднай Случчыне, бо бачыла, што да яе ў даследчыкаў было менш увагі ў параўнанні з Палессем, хацела гэты дэфіцыт запоўніць. А 30 гадоў таму яшчэ былі бабулькі і нават дзядулькі, што памяталі, як спявалася раней, але ціхенечка сядзелі сабе па хатах, бо ніхто імі і не цікавіўся. І вось просіш каго заспяваць нешта даўняе, а яны шчыра здзіўляюцца: “Так ты ў клуб ідзі, дзіцятка! Што мы табе заспяваем — гэта ж старое, каму яно патрэбнае!” Вось так іх прывучылі, што старое — непатрэбнае.

— А калі вы самі нарэшце так заспявалі? Як пачыналіся “Ліцьвіны”?

— Пад час фальклорнай практыкі ў вёсцы Таль Любанскага раёна адна жанчына праспявала мне дзве
вясельныя песні “Каб я знала ды я ведала” ды “Ой, кляновы лісточак”. І выконвала яна іх інтэнсіўна, гучна, жыва — што характэрна для аўтэнтычнай манеры. Яе спевы мяне моцна ўразілі, а песні я вельмі добра запомніла.

А як упершыню сама выканала іх на публіку, то з гэтага, можна сказаць, усё і пачалося — жыццё змянілася. Мая сяброўка-аднакурсніца Марына неўзабаве іграла вяселле са Зміцерам Сідаровічам, які потым стаў вядомым музыкантам і стварыў гурт “Камэлот”. А Марына — дачка нашага славутага пісьменніка Паўла Місько, прычым пісьменніка з маёй жа Случчыны! Вось такія карункі лёс вядзе, толькі потым пачынаеш разумець усе гэтыя знакі звыш. І на самы канец свята Марына — такая малайчына! — кажа: “Наталля, дык ці заспяваеш ты вясельныя песні?” А Марына чалавек адукаваны, з вялікай любоўю да народнай традыцыі — як і бацька яе, Павел Місько: калісьці на вяселлі самога Паўла Андрэевіча гучалі сапраўдныя аўтэнтычныя песні, і ён іх запісаў — меў цэлую калекцыю запісаў.

Дык вось, Марына мне прапанавала, і думала, што, можа, я пабаюся. Але ж гэта не для мяне — баяцца. (смех) Я стала побач з маладымі і ад усёй душы і ва ўсю моц праспявала. Нечакана ў прысутных гэта выклікала неверагоднае захапленне. З аднаго боку, ніхто не чакаў такіх спеваў, а з другога — быццам і чакалі ўсе! А чаму так атрымалася — гэта 87-ы год — бо сабралася творчая інтэлігенцыя. Быў, напрыклад, і Сяржук Вітушка — старшыня суполкі “Талака”, якая на той час ужо ладзіла традыцыйныя святы ў Вязынцы, у Заслаўі. І быў там Уладзімір Бербераў — сусед Паўла Місько і ўнук народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова — таксама з сям’і, у якой вельмі цанілася народная культура. Наступны эпізод у мяне дагэтуль перад вачыма стаіць: Уладзімір Бербераў да мяне ажно падскочыў, увесь на эмоцыях: “Адкуль такая паненка?” — “Са Случчыны”, — з гонарам адказала я. (смех) Уладзімір тады ўжо спяваў у гурце “Дзянніца”, якім кіравала Ларыса Сімаковіч, і думаў пра нейкі свой праект. Карацей, як бачыце — усё павязана, аднадумцы не могуць не прыцягнуцца адзін да аднаго.

/i/content/pi/cult/836/17820/6_2.jpg

Наталля Матыліцкая ў ляхавіцкім строі на міжнародным фальклорным фестывалі “Еўрафолк”. Масква, 2008 год.

— Але ж гурт “Ліцьвіны” ўзнік толькі ў 91-м годзе…

— Я потым і стала першай вакалісткай “Ліцьвінаў”, калі гурт утварыўся. Да 91-га года мы з ім выступалі ўдвох і паралельна шукалі, падбіралі сабе музыкантаў. Калі нас сабралася ўжо восем чалавек, з’явіліся “Ліцьвіны”. Праз год мы запісалі наш першы альбом, які меў вялікі розгалас, і мне ён надзвычай падабаецца — “Галуб на чарэшні, галубка на вішні”. Там нам вельмі ўдаліся шматгалосыя песні. Першыя гады гурта, я лічу, былі вельмі значнымі, нават знакавымі ў многіх сэнсах. А ў 94-м годзе я пайшла ўжо ў сольнае плаванне.

— Наколькі я памятаю, такія спевы, як у “Ліцьвінаў”, многіх слухачоў тады здзіўлялі. Як вас прымалі, з якімі рэакцыямі вы сутыкаліся? “Ліцьвіны” ж былі практычна першымі, хто з аўтэнтычным фальклорам выйшаў на вялікія сцэны, у радыёэфіры нават.

— Так і было, мы былі першымі — мы ж і ў строі аўтэнтычныя апраналіся, і дыялекты стараліся перадаць, і інструменты мелі традыцыйныя. Уладзімір Бербераў, праўда, кажа, што “Дзянніца” ўсё ж раней была, але мы і альбомы запісвалі, і многа выступалі, і мелі нейкую вядомасць. А наконт рэакцый на нашы спевы — дык уся палітра! На ўра нас прымалі пісьменнікі, мастакі, частымі гасцямі мы былі на сцэне Дома літаратара, дзе тады творчае жыццё беларускае бруяла. Павел Місько, якога я згадвала, запрашаў мяне выступаць на ягоным юбілеі, які адзначаўся на сцэне Дома культуры ў Лучніках у Слуцкім раёне, Ніл Гілевіч прысвяціў “Ліцьвінам” цэлае эсэ, і нават падарыў мне праз многа гадоў гэты 20-ты том збора яго сачыненняў: а ў свой час ён выдатна выкладаў фальклор на філфаку, яго вельмі цанілі студэнты, і ўвогуле слова Ніла Гілевіча ў беларускім свеце многа значыла.

Але сутыкаліся “Ліцьвіны” і з адваротным. Што цікава, непрыняцце было з боку прафесійнага фальклорнага асяроддзя, ад тых, хто сам выступаў з народнымі песнямі, — а гэта народныя хары, фальклорныя ансамблі яшчэ савецкага кшталту. Тады мяне гэта трошкі бянтэжыла і абражала. Я была маладой і не разумела — ну як так, мы ж з адкрытым сэрцам панеслі песні людзям! Так хацелі паказаць ім нашы скарбы — бо людзі, можа, і не чулі! (смех) А раптам такі негатыў ад быццам бы прафесіяналаў. Праз многа гадоў мне сталі зразумелымі вытокі такіх меркаванняў. Вось па адной фразе, што мне тады сказала салістка народнага хора імя Цітовіча, усё можна зразумець: “Наталля, ну ў вас у ансамблі такі неакультураны гук!” Вось у іх у хоры акультураны, а ў нас — дзікі, ці што? (смех) У нас сапраўдны, беларускі.

— Але гэта вы згадваеце ўсё людзей адукаваных у мастацтве, у культуры. А як са звычайнымі слухачамі?

— Да неабазнанай публікі дайсці было не вельмі простай задачай. Неяк мы і на заводзе выступалі, дык нас слухалі, скажам так, са здзіўленнем. Хаця, здавалася б, многія рабочыя і самі з вёсак былі. Але яны не разумелі, чаму раптам такія сур’ёзныя спевы, бо фальклор жа гэта весела, жартоўна, — яны так прызвычаіліся. А я марыла патрапіць з канцэртам у традыцыйную вёску. І такі канцэрт адбыўся, культработнік са слуцкай вёскі Гацук Галіна Балахоўская нам яго арганізавала. І прыйшло многа бабулечак мясцовых, дык як яны слухалі! Вось хто ўжо ўсё разумеў! Тады ўпершыню і мае бацькі з Грэска на канцэрт прыехалі. Незабыўны ўспамін.

— Праз 30 гадоў бачна, што вашы тагачасныя высілкі былі недарэмнымі, цяпер такім спевам людзі ўжо не здзіўляюцца.

— Памятаю, што мы з Уладзімірам Берберавым тады адчувалі сябе проста воінамі, рыцарамі на гэтай ніве — вяртання народу яго традыцыйнага мастацтва. Потым нямала іншых гуртоў з’явілася, справа працягвалася. А якое неверагоднае, грандыёзнае свята — міжнародны фестываль аўтэнтычнага фальклору “Пінск — Мінск” — прайшло ў Пінску ў 1996 годзе па ініцыятыве Інстытута праблем культуры: на яго прывезлі народных выканаўцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, тыдзень ішоў фестываль, адкрываў яго міністр культуры, тэлебачанне трансліравала. Ніколі раней за ўсю гісторыю падобнага не было. Праўда, і потым больш не паўтарылася. Я заўсёды з гонарам згадваю, што я не толькі спявала, але і была вядучай гэтага фестывалю.

І вось зараз мяне вельмі натхняе той момант, што пасля вялізнага перапынку ў маім супрацоўніцтве з Уладзімірам Берберавым юбілейны для “Ліцьвінаў” год мы пачалі разам — 9 студзеня выступілі з вялікай каляднай праграмай у мінскім касцёле Святога Роха. Спадзяюся, на 30-годдзе “Ліцьвінаў” у нас будуць і новыя сумесныя песні, і новыя сумесныя выступленні.

Фота з уласнага архіва Наталлі Матыліцкай