“Мяне цікавіць найперш характар…”

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

Навіна пра тое, што патрыярх айчыннага тэлебачання Барыс ГЕРСТЭН захварэў на каранавірус, канешне ж, занепакоіла. Ды, на шчасце, усё абышлося. Сёння “вечны КВНшчык”, як яго называюць, згадваючы поспехі маладосці, ізноў бадзёры і поўны планаў. Як засведчыла наша гутарка, ані смаку (да жыцця і прафесіі), ані нюху — на цікавыя сюжэты з беларускай гісторыі — знакаміты сцэнарыст не страціў і яўна не збіраецца.

/i/content/pi/cult/834/17780/10.jpg— За тыя сорак з гакам гадоў, якія вы працуеце на тэлебачанні, змянілася вельмі многае — і ў плане тэхнікі, і ў жыцці грамадства. А ці ёсць у гэтай сферы хоць нешта нязменнае, непадуладнае часу?

— Тое, што тэлебачанне — гэта вялікая моц, я адчуў адразу пасля свайго прыходу туды ў далёкім 1977 годзе. Мяне запрасілі зрабіць праграму “Спявайце, горны!” — прамы эфір піянерскага злёту з танцавальнай залы ў парку Чалюскінцаў, цягам якога піянеры павінны былі распавядаць пра свае поспехі ў спорце, вучобе ды іншых добрых справах. І вось, да брамы парка падганяюць перасоўныя тэлестанцыі — тады гэта была навінка. Аднак мажныя грузавікі ў вароты не пралазяць. І што б вы думалі: вароты знеслі, каб яны маглі праехаць!

Мы выставілі тэхніку, падрыхтаваліся… А дзяцей няма! Не ведаю, што там здарылася: мо нехта нешта наблытаў. Час усё блізіцца. Я чухаю патыліцу: як выкручвацца з гэтай сітуацыі? І раптам званок: праграма адмяняецца, бо паляцелі касманаўты, і ўвесь эфір прысвечаны ім. Сам ледзь не ўзляцеў на арбіту ад радасці! І зразумеў, што тэлебачанне — папраўдзе магічная рэч! Такім яно было, такім і застаецца.

— Я заспеў яшчэ той час, калі на тэлевізары было ўсяго тры кнопкі. Сёння іх — безліч. З аднаго боку, багацце выбару, з другога — пачуццё дэзарыентацыі…

— Па-першае, дэзарыентацыя, а па-другое — кланаванне ідэй. Ёсць перадачы, якія па-рознаму называюцца, але насамрэч — адное і тое ж. Мала таго, нават тэхніка здымак падобная рыхтык у рыхтык. Вы паглядзіце прагноз надвор’я на розных каналах: выходзіць сімпатычная дзяўчына, аднолькава складае рукі, вымаўляе першую фразу, потым паварочваецца на другую камеру… І ніякіх адрозненняў, ні каліва крэатыву! Хаця тэхнічае абсталяванне на вышыні. Між тым, у часы маёй маладосці тэлевізійшчыкі несупынна нешта выдумлялі.

Не хочацца быць “старым бурчуном”, які лічыць, што раней і снег быў бялейшым. Але ж прамінулыя часіны згадваю з прыемнасцю. Скажам, цыкл “З чаго пачынаецца Радзіма”, які выходзіў у 80-я. У нас былі неверагодныя госці. Прыкладам, у гэтым пакоі маёй кватэры сядзеў Зіновій Гердт. Памятаю, мая жонка вымавіла прозвішча “Сталін”. І знакаміты акцёр ажно ўскочыў: ды я яго на дух не пераношу! Але потым супакоіўся — калі падалі дранікі, якія Гердт страшна любіў. Здымалі ў Перадзелкіна Роберта Раждзественскага. Як выявілася, гэта выдатны суразмоўца, грунтоўны і шчыры чалавек — нягледзячы на свой тагачасны камсамольскі задор.

— Сёння вы згадваеце тыя часіны ў сваёй аўтарскай праграме “Рэдакцыя” на Беларусь-3. Гэта настальгія?

— Хутчэй памкненне адлюстраваць гісторыю нашага тэлебачання. Многіх герояў маёй праграмы з намі ўжо няма, іншыя — прызабытыя. Аднак не выпадае сумнявацца, што ў развіццё сваёй справы ўсе яны зрабілі вялікі ўнёсак. Я распавядаю пра тыя праекты і асобы, якія мне падаюцца знакавымі, вартымі памяці. Можа, сёння яны выглядаюць ужо не надта актуальна і наўрад ці маглі б прыжыцца ў цяперашнім эфіры: рытм жыцця іншы, людзі іншыя, кліпавае ўспрыняцце… Але мне падаецца, што ў тых праграмах ёсць душа.

Пэўна, без маёй уласнай настальгіі тут не абышлося. Але найперш мне хацелася нагадаць пра тыя дасягненні, якія мела наша тэлебачанне. Скажам, мала хто памятае, што ў 1989 годзе Алег Марозаў зрабіў тэлемост Мінск — Дэтройт — Ванкувер. На такое тады нават Познер не быў здатны, і Мінск перасягнуў Маскву. Аднак ніводнай згадкі нават у рэспубліканскай прэсе пра гэты “ідэалагічна небяспечны” крок не было.

— Вы прыехалі ў Мінск ужо будучы маладзёнам, а нарадзіліся ў заходнеўкраінскім Чорткаве. Адкуль тады веданне беларускай мовы?

— Найперш дзякуючы працы ў “ЛіМе” — яшчэ падчас навучання на журфаку. А потым я патрапіў у “бязлітасную”, як мы яе называлі, газету “Піянер Беларусі”. Чаму бязлітасную — ды проста так, гэта з Бабеля. Насамрэч газета была наадварот добразычлівай, а калектыў — цудоўным і дружным. Там я шмат чаму навучыўся. Мая настаўніца ў журналістыцы — Ганна Краснапёрка, якая прайшла гета, у юным веку стала партызанкай, напісала некалькі цудоўных кніг пра свой лёс, дзе ёсць і трагедыя, і гераізм, і высакароднасць людзей…

У “Піянеры” я адказваў за літаратурную частку. Многія цяперашнія класікі ў школьным веку дасылалі мне свае першыя экзерсісы. Аднойчы добра “лапухнуўся”: адзін з юных талентаў выдаў верш Купалы за свой, а я яго апублікаваў. Потым давялося чырванець.

— Патрапіўшы на тэлебачанне, вы на доўгія гады сталі спартыўным журналістам…

— Дзякуючы чаму мне пашчасціла шмат дзе пабываць: у ЗША, Японіі, Кітаі… Савецкі чалавек пра такое мог адно марыць. Я асвоіў камеру, і мяне было выгодна пасылаць на міжнародныя спаборніцтвы як гэткага “два ў адным”. Потым ездзіў і на Алімпійскія гульні, нават узначальваў групы, якія там працавалі. Апроч уражанняў, адусюль прывозіў і новыя тэмы — напрыклад, спорт для інвалідаў. Або тыя знакамітасці, чые імёны амаль што забытыя. Скажам, чэмпіён свету па авіяспорце Вадзім Аўсянкін, які загінуў у Мінску падчас паветранага свята на вачах у многіх тысяч…

— Даўно заўважыў, што вы ўспрымаеце спорт не вузкапрофільна — як большасць спартыўных журналістаў — а ў даволі шырокім кантэксце: як складнік жыцця грамадства ў той ці іншы перыяд…

— Мяне цікавіць найперш характар. Не так і важна, выйграў ты або прайграў спаборніцтва — куды істотней, якія чалавечыя якасці ты пры гэтым праявіў. Не ведаю, што можа быць больш вартым увагі за лёс чалавека. Тым болей, праз яго можна ўбачыць і гісторыю горада, народа, краіны.

І дарэчы… Чым адрозніваецца сённяшняе тэлебачанне ад ранейшага: у значнай меры страчаная цікавасць да асобы. Падзеі затушоўваюць тых, хто за імі стаіць. Лёсы, псіхалогія, учынкі мала каго цікавяць у гэтым несупынным інфармацыйным віры.

— Таму і нядзіўна, што праз спорт вы прыйшлі да гісторыі Беларусі...

— Я ўвесь час ёй паціху цікавіўся, нешта знаходзіў, занатоўваў... Нават не ведаючы, калі і дзе мне гэта спатрэбіцца. А штуршком да больш сур’ёзнай цікавасці адназначна стала з’яўленне праекта “Зваротны адлік”, які доўгі час рабіла “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”, выходзіў на АНТ. Я з задавальненнем уліўся ў яго каманду і стаў вышукваць амаль нікому невядомыя постаці ды падзеі. А бывала і наадварот — факты вядомыя ўсім, але ніхто і не здагадваўся, што яны неяк звязаныя з Беларуссю.

Дарэчы, ці ведаеце вы, што знакаміты трайны адэкалон прыдумаў Напалеон, калі ягоныя войскі мерзлі ў нас пад Барысавам? Імператар загадаў парфюмерам зрабіць адэкалон, які, па-першае, меў бы прыемны водар (што для салдат заўсёды актуальна), па-другое, абараняў бы ад холоду, і па-трэцяе, ім можна было б без шкоды для жыцця сагравацца, прымаючы ўнутр.

Без сумневу, спорт — гэта частка нашай беларускай гісторыі. І звышцікавых асобаў тут безліч. Скажам, мінчук Міхаіл Дзявочка, які перамог у першай у гісторыі Расіі міжнароднай велагонцы ў 1895 годзе. Або той жа Зігмунд Мінейка — былы паўстанец, які цудам уцёк з катаргі, стаў знакамітым інжынерам у Афінах і дасылаў у нашы мясціны рэпартажы з першых Алімпійскіх гульняў.

— Думаю, я не першы, хто задае вам такое пытанне: як вам удаецца адкопваць у нетрах нашай гісторыі такіх неверагодных герояў?

— Галоўная прычына — мая прыродная цікаўнасць. Скажам, неяк у Гродна я натрапіў на бальніцу імя Зіновія Салаўёва. Задумаўся: а што ж гэта за Салаўёў такі? Запытаў у медыкаў, але яны і самі не надта ведалі. Пачаў капаць — і даведаўся, што гэта апантаны рэвалюцыянер, які ў першыя гады СССР займаўся аховай здароўя і стварыў першы піянерскі лагер, знакаміты “Артэк” — а разам з гэтым і саму з’яву, вядомую некалькім пакаленням. А прычым тут Гродна? Аказваецца, Зіновій Салаўёў там нарадзіўся.

Некалі мне давялося папрацаваць у Алімпійскім музеі ў Лазане. Як выявілася, першым нашым суайчыннікам, які выйшаў на старт падчас алімпійскага дэбюта зборнай СССР (Хельсiнкi, 1952 г.), быў Анатоль Юлін. Сабраў пра яго інфармацыю — і, здавалася, справа зроблена. Але раптам я задаўся пытаннем: а ці не маглі нашы землякі ўваходзіць у склад іншых зборных?

Пошук прынёс плён. На Алімпіядзе 1932 года ў Амстэрдаме за зборную ЗША выступала Альбіна Асіповіч. Прозвішча нібы наскае… Адкрываю яе анкету, а там чорным па белым напісана: нацынальнасць — беларуска! Выявілася, што сям’я перабрадася за акіян з Віленшчыны, дзяўчынка нарадзілася ўжо ў Амерыцы, але мову сваю і карані сям’я не забыла. Альбіна перамагла на першынстве Злучаных Штатаў па плаванні, патрапіла ў склад алімпійскай зборнай — і заваявала ў Амстэрдаме ажно два залатых медаля! Потым, дарэчы, выйшла замуж за будучага ўладальніка кампаніі “Джэнерал Электрык”. Праўда, памерла ў маладым веку. Такі вось лёс.

— Цудоўны кандыдат на выпуск вашага новага цыкла “Геаграфія з біяграфіяй”…

— Так, я ўжо даслаў заяўку яшчэ на дзесяць серый, і спадзяюся, што мы з “Майстэрняй Уладзіміра Бокуна” будзем працягваць гэты праект. Матэрыяла хапае. Такія кампактныя формы сёння вельмі запатрабаваныя. Звычайна дырэкцыя праграм шукае магчымасць заткнуць тую дзірачку, што ўтвараецца ў эфіры. А тут — невялічкая (5 — 6 хвілін), але змястоўная перадача. Тым болей, і зробленая яна як цукерка: малады рэжысёр Арына Бокун прыўнесла сваю фантазію, гумар, яркі арыгінальны стыль.

— Як мяркуеце, а ці шмат цікавых гісторый і постацяў з беларускай мінуўшчыны мы пакуль што не ведаем?

— Вельмі шмат. Баюся, многае ўжо і не даведаемся. Зрэшты, нейкія сляды ў гісторыі ўсё ж застаюцца — варта толькі іх дбайна шукаць. Пабачыш недзе ў старым энцыклапедычным даведніку або ў старым артыкуле згадку, што герой нарадзіўся на Беларусі — і пачынаеш яго гісторыю раскручваць. Даведваешся пра сям’ю, атачэнне. На жаль, многія ў сваіх пошуках абмяжоўваюцца адно інтэрнэтам ды лічаць, што калі там няма звестак, дык іх наогул не захавалася. Я ж вельмі люблю наведвацца ў бібліятэкі — і часам выходжу адтуль не з пустымі рукамі. І калі нехта захопіцца такімі даследаваннямі так, як захапляюся імі я, ён дакладна нешта ды знойдзе.

 

Фота Аляксандра КУШНЕРА