“Калядныя ўзоры”

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г

Штогадовая выстава Беларускага саюза майстроў народнай творчасці адчынілася пры падтрымцы Міністэрства культуры ў выставачнай зале Мінскага абласнога Цэнтра народнай творчасці ў 28 раз і працягнецца да 17 студзеня. Гэта каля 500 твораў, якія прадставілі больш за 100 майстроў з розных рэгіёнаў Беларусі, прынятых у саюз у апошнія гады, або тых, хто прэтэндуе на такі гонар. Яны дэманструюць свае намаганні да адраджэння традыцыйных рамёстваў, вяртання іх у жыццё грамадства, да захавання традыцыі і яе развіцця на аснове сучаснага мастацтва.

/i/content/pi/cult/832/17751/18.jpgАдметна тое, што ўсе работы так ці інакш працягваюць накірункі беларускага народнага мастацтва, традыцыйных промыслаў і рамёстваў: пляцення з прыродных матэрыялаў (саломы, чароту, сасновай дранкі і лазы, бяросты, скуры, нітак), мастацкай апрацоўкі дрэва (разьба, даўбёжнае і такарнае рамёствы, бандарства, цяслярства і іншыя), ганчарства, ткацтва, вышыўка, карункапляценне, выраб выцінанкі, роспіс насценных дываноў і аплікацыя, роспіс па шкле, дрэве, палатне, бісерапляценне. Многія работы з поспехам могуць упрыгожыць сучасны інтэр’ер і касцюм, нагадаць пра традыцыі продкаў.

Наведвальнікаў сустракае навагодняя ёлка, упрыгожаная цацкамі з саломы і лазы, са столі спускаюцца саламяныя павукі, а па ўсёй зале — вельмі прыгожыя вялізныя саламяныя разеткі з каляднымі сімваламі, выявы калядных гуртоў, маскі і атрыбуты традыцыйных абрадаў. На жаль, не ўсе майстры змаглі з-за каранавіруса прывезці свае работы. Але і так атрымалася цудоўнае суквецце талентаў, яркі калейдаскоп работ, прысвечаных Калядам — аднаму з самых доўгачаканых святаў зімовага сонцазвароту. І хоць першыя наведвальнікі выставы ў дзень яе адкрыцця таксама былі маскіраваныя, гэта не перашкодзіла ім атрымаць радасць ад судакранання з творчасцю сучасных народных майстроў і сустрэчы з іх нязменным кіраўніком, прафесарам Яўгенам Сахутам, які адкрываў выставу. Дудар Дзяніс Сухі стварыў непаўторны традыцыйны гукавы фон свята, якое пачалося ў Беларусі напярэдадні каталіцкага Раства і прадоўжыцца амаль да праваслаўнага Вадохрышча.

Тут жа дэманструецца аўтарская калекцыя ёлачных цацак і атрыбутаў навагодняга свята 30-гадовага мінчаніна Ягора Казакова — вынік яго 5-гадовых пошукаў і захаплення. Ад уласнай бабулі ён заспеў мала такіх цацак. Але аднойчы на “Полі цудаў” рынку ў Ждановічах, якое наведвае кожную суботу з 6 гадзін раніцы, убачыў ёлачную цацку — выяву бабулькі, аблічча якой падалося яму яркім адбіткам часу. Прыцягнулі ўвагу таксама героі казак. З гэтага і пачаўся працэс назапашвання калекцыі з аўкцыёнаў, антыкварных магазінаў, так званых “блышыных рынкаў”. Зараз яна налічвае каля 3,5 тысяч экзэмпляраў. Жонка падзяляе яго захапленне, хоць і нязручна трымаць у кватэры скрыначкі з цацкамі, якія запоўнілі ўсю вольную прастору. А мне ў гутарцы з гэтым цудоўным маладым чалавекам падалося, што праз выяву бабулі той першай цацкі ён атрымаў пасланне ад продкаў у тым, што яму наканавана быць захавальнікам гарадской традыцыі ўпрыгожвання зялёнай лясной прыгажуні-ялінкі цацкамі з ваты, кардону, пап’е-машэ, паперы і шкла, якая з’явілася пасля вясковага абавязковага атрыбута свята Калядаў — саламянага павука. Ягора вабяць гэтыя сляды часу, бо тое яго генетычная памяць, якая праявілася так нечакана для яго самога на радасць усім гарадскім жыхарам.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ

Фота Альфрэда МІКУСА