Патрэбны радзіме і свету не лішні

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Год малой радзімы Нацыянальны мастацкі музей завяршае выставай мастакоў Маладзечанскага краю. Аснову экспазіцыі складаюць творы з фондаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея, што знаходзіцца менавіта ў Маладзечне. Так што гэта выстава ў пэўным сэнсе мае рысы рэкламнай акцыі. Яна дэманструе, на што варта звярнуць увагу вандроўніку, калі ён патрапіць у гэты невялікі, але адметны і культурна багаты горад.

/i/content/pi/cult/828/17688/20.jpgУ Маладзечне ў пасляваенны час склаўся культурніцкі асяродак не горшы, чым у абласных цэнтрах. Тлумачэнне гэтаму феномену яшчэ трэба знайсці. Але сам досвед культурніцкага жыцця гэтага горада сведчыць, што мастацтва, ягоны стан і перспектывы не залежаць наўпрост ад геаграфічнага фактару. І ў невялікім горадзе можа быць паўнавартасны творчы асяродак, дзе будзе зручна і ўтульна людзям рознай цэхавай прыналежнасці — мастакам, артыстам, літаратарам…

Неяк Рыгор Сітніца сказаў, што ён адчувае сябе як дома ў любым горадзе, дзе ёсць мастакі і мастацтва. Прагучала гэта думка на вернісажы замежнага творцы, што прывёз у Мінск сваю выставу. Я люблю нашу сталіцу, пра што неаднойчы згадваю ў сваіх публікацыях, але і ў Маладзечне мне добра, бо там шмат сяброў сярод мастакоў. Дадам, мастакоў выдатных.

Мне падаецца, што нават праблема змены пакаленняў, што ў шэрагу рэгіянальных арганізацый Беларускага саюза мастакоў справакавала кадравы дэфіцыт, на Маладзечне не адбілася балюча. Захаванне здабыткаў, пераемнасць традыцый — вось тое, што характарызуе сённяшні стан мастацтва ў гэтым горадзе.

/i/content/pi/cult/828/17688/21.jpgНа выставе — найбольш знаныя асобы з ўсіх пакаленняў пасляваеннай культурніцкай гісторыі горада. Старэйшае пакаленне прадстаўлена творамі Ядвігі Радзялоўскай, Меера Аксельрода. Наступная генерацыя — Канстанцін Харашэвіч, Леанід Дударанка. Услед за імі прыйшлі ў мастацтва Аляксандр Пашкевіч, Юрый Герасіменка-Жызнеўскі, Аляксандр Грышкевіч. Кожны з творцаў варты персаналіі.

Я не ўпэўнены, што можна гаварыць пра асобную, тым больш самадастатковую, маладзечанскую мастацкую школу. Але ў творчасці мастакоў гэтага рэгіёна ёсць рысы ўнікальнасці. І, бадай, галоўнае  — гэта мастацтва, якое адпавядае ментальнай рэчаіснасці тых людзей, дзеля якіх па сутнасці і працуюць мастакі Маладзечанскага краю. А ў мастацтве яно так: калі патрэбны радзіме, дык і свету спатрэбішся. Гэта адносна малой радзімы…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"