Расійскі мастак Аляксей Васільеў, чыя выстава нядаўна праходзіла ў Галерэі Шчамялёва, да таго як адчуў творчае пакліканне, паспеў скончыць у роднай Калуге ўніверсітэт і атрымаць прафесію выкладчыка матэматыкі і фізікі. Недзе на трэцім годзе працы ў школе, да яго прыйшла думка, што не кепска было б распавядаць пра фізічныя законы з дапамогай забаўных малюнкаў. Так і пачалася ягоная мастацкая творчасць.
На першы погляд, маляваць ён не навучыўся, але комплекс непаўнавартасці яго не мучыць. Зараз мастаку Аляксею Васільеву сорак гадоў. Ён удзельнік шматлікіх мастацкіх конкурсаў, зладзіў дзясяткі персанальных выстаў у Расіі і за мяжой. І работы ягоныя маюць попыт у расійскіх і замежных калекцыянераў.
Відавочна, што сваіх фанатаў Аляксей Васільеў уражвае не канцэптуальнай распрацаванасцю твораў, не шыкоўным майстэрствам, а разняволенасцю. Ён чалавек іранічны і ўмее заўважаць абсурдзісцкія праявы нашага быцця. Тым і цікавы.
Тое, што ў суседняй краіне на такое мастацтва ёсць запыт, можа сведчыць як пра крызісны стан грамадства, так і пра высокую ступень дэмакратызму і талерантнасці. Маўляў, хочацца амбітнаму чалавеку карціны пісаць — хай піша, хоча нехта іх купляць — хай купляе.
Ну, а апраўдвае Аляксея Васільева хіба, што ён і сам не надта сур’ёзна ставіцца да таго, што робіць.