Артэфакт з музейнай этажэркі

№ 37 (1476) 12.09.2020 - 19.09.2020 г

Кніга, літаратура ва ўсе часы была правадніком у другія эпохі, да іншых народаў. Напісаныя кнігі не даюць забываць гісторыю мінулага і дапамагаюць вывучаць гісторыю сучаснасці. Кніга як музейны артэфакт — важная частка экспазіцый Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, яго філіяла — галерэі мастацтваў і неабходны інструментарый у навукова-даследчай працы супрацоўнікаў.

Рэха Вялікай Айчыннай…

За шматгадовую дзейнасць установы сабрана значная калекцыя кніжных дакументаў, рарытэтаў, большасць з якіх — дары чытачоў. Гэта старадрукі, энцыклапедыі, школьныя падручнікі часоў Расійскай імперыі, польскага і савецкага перыядаў, паэтычныя зборнікі і дакументальная публіцыстыка, гістарычная хроніка, літаратурна-мастацкія часопісы, альманахі, газеты і іншыя перыядычныя выданні.

/i/content/pi/cult/815/17464/12_1.jpg

Галоўны экспанат экспазiцыі “Вытокi лiтаратурнага майстэрства” — аўтарская кнiга.

Друкаваныя крыніцы нярэдка з запаснікаў перамяшчаюцца ў выставачныя праекты, такія як “Калекцыя XIX — XX стагоддзяў”, які дэманстраваўся на першым раённым свяце ў Бярозе, прымеркаваным да Дня беларускага пісьменства і друку ў 2008 годзе, альбо праект “Вандроўка па эпохах. Назад у СССР”, які дзейнічаў у 2017 годзе.

Асаблівыя адносіны ў музейных работнікаў да краязнаўчых кніг, якія нясуць веды пра малую радзіму, адкрываюць імёны землякоў, іх лёсы ў розных праявах: у час ваеннага ліхалецця, у мірнай працы. Наведвальнікі экспазіцыйнай залы перыяда Вялікай Айчыннай вайны заўсёды звяртаюць увагу на кнігі-артэфакты, пры дапамозе якіх і рыхтуюцца экскурсіі пра абарону Бярозаўшчыны ў грозныя чэрвеньскія дні 1941 года, пра юных патрыётаў-антыфашыстаў з вёскі Першамайская (Блудзенскае падполле), пра народных мсціўцаў-партызанаў.

Аб трагедыі Броннай Гары, месцы крывавых зверстваў фашыстаў і гібелі дзясяткаў тысяч мірных людзей, нагадвае кніжны артэфакт на іўрыце “Картуз-Берёза. Наш город. Меморальная книга” з прадмовай па-англійску, перададзены ў 1995 годзе грамадзянамі Ізраіля, былымі жыхарамі Бярозы, родныя якіх расстраляны і пахаваны ў гэтым лясным урочышчы.

/i/content/pi/cult/815/17464/12_2.jpg

Анатоль Жалудка прэзентуе гістарычны нарыс “Родны кут Сабалі” пра сваю малую радзіму.

Пад першым нумарам

Калі наведвальнікі музея ходзяць па яго прыціхлых залах, слухаюць экскурсавода, яны робяць для сябе адкрыццё: амаль усе экспазіцыі па драбніцы сабраны мясцовымі людзьмі. Напрыклад, у трэцяй зале, дзе выстаўлены для агляду жаночае і мужчынскае адзенне сялян мінулых стагоддзяў, іншыя прадметы побыту вясковага і гарадскога жыхара, кідаецца ў вочы драўляная этажэрка з кнігамі-старадрукамі, таксама дарамі. На яе паліцах стаяць некалькі тамоў універсальнай “Большой Энциклопедии” пад рэдакцыяй Сяргея Южакова. Гэта сапраўдная скарбніца гістарычных і навуковых ведаў, якая вельмі высока цэніцца аматарамі кнігі, калекцыянерамі, выходзіла ў свет цягам 1900 — 1909 гадоў у Санкт-Пецярбургу. Гістарычныя, навуковыя, культурныя артыкулы, дадаткі (каля адной тысячы), карты, планы, здымкі, ілюстрацыі (амаль 10 тысяч) пісалі і рыхтавалі 168 супрацоўнікаў, а ўсю апрацоўку тэкста зрабіў адзін чалавек — вядомы расійскі публіцыст і сацыёлаг Сяргей Южакоў. Для рэкламы выдання кнігавыдавецкае таварыства “Просвещение” бясплатна пашырала падрабязныя ілюстраваныя праспекты (па-сучаснаму “буклеты”). Восем, паасобку, тамоў каштоўнага кніжнага рарытэта перадаў у 1961 годзе былы дырэктар Самойлавічскай сямігадовай школы Я. Соладаў. Менавіта гэты кніжны экспанат унесены пад нумарам адзін у кнігу запісаў асноўнага фонду музея.

/i/content/pi/cult/815/17464/12_3.jpg

Праект “Калекцыя XIX — XX стагоддзяў” дэманстраваўся на першым раённым свяце ў Бярозе.

Ніякай канцыляршчыны

Прыцягваюць увагу кнiгi-падручнiкi 1912, 1913 гадоў — “Русская история для начальных школъ” (складальнiк М.Горбаў) i “Россия. Учебник отечественной географии” (аўтар С.Меч). Можна толькi пазайздросцiць колішнім вучням, як лёгка па iм было вучыцца: тэкст напiсаны зразумела, не “канцылярскай” мовай, праiлюстраваны прыгожымi фотаздымкамi, карцiнамi, лiтаратурнымi ўрыўкамi. І сення гэтыя кнiгi — дакладныя крынiцы ведаў пра Палессе і яго насельнiцтва, пра продкаў, iх гаворку, характар, жыллё, веру. Музейная этажэрка змяшчае i падборку польскамоўных падручнiкаў арыфметыкi, геаграфii, граматыкi, выдадзеных у 20 — 30-я гады ў Варшаве, Кракаве, па якiх маглi вучыцца бярозаўчане тых часоў.

Дзiўнае пачуццё ахапляе экскурсанта, калi ён праз кнiжны экспанат можа атаясаміць сябе з чытачом мiнулага, якi захоплена чытаў твор сусветнага класiка Мiгеля Сервантэса “Безподобный рыцарь Донъ-Кихотъ Ламанчский”, выдадзеный у 1903 годзе “Новой библиотекой” А. Суворына ў перакладзе Марка Басанiна. Гэты бестселер у мяккай вокладцы, кожны з чатырох тамоў якога каштаваў 60 капеек, прадаваўся ў кнiжных лаўках буйных гарадоў, на чыгуначных станцыях i застаўся чытабельным i праз стагоддзе.

Што чытаў сам Алесь Разанаў

Багацце музейнай калекцыi друкаваных крынiц яшчэ i ў тым, што яна шматмоўная. Ёсць помнiкi стараславянскага пiсьменства, да прыкладу, “Святое Евангелие”, перададзенае ў 1961 годзе жыхаром вёскі Сакалова М. Кавалевічам і факсімільнае перавыданне рукапіснага шэдэўра XVI стагоддзя “Слуцкого Евангелия” на царкоўнаславянскай мове, кнiгi на старарускай, рускай мовах, беларускай, украiнскай, нямецкай, сербскай, лiтоўскай, балгарскай. Толькi бiблiятэчка ўласных твораў паэта-земляка Алеся Разанава, перададзеная iм у 2017 годзе, налiчвае звыш дваццацi перакладзеных з беларускай iншамоўных выданняў. Шмат польскамоўных дакументаў прадстаўлены часопісам “Море” за 1936-ты, 1938-мы гады, кнігай “Обозрение Европейское. Научное, литературное і художественное” ад 1862 года вядомага польскага пісьменніка Іосіфа Крашэўскага. На паліцу музейнай этажэркі яна трапіла праз 135 гадоў як дар ад С. Івашкевіч, урача-акушэра Бярозаўскай райбальніцы. Як бачым, кніга жыла не толькі ў сем’ях гараджан, але і ў вясковых хатах.

/i/content/pi/cult/815/17464/12_4.jpg

Драўляная этажэрка з выданнямі-старадрукамі.

Аўтарская выданні

Культурна-асветнiцкую прастору Бярозаўскага краю, шчодрага на творцаў-лiтаратараў, сапраўды ўпрыгожвае дзеючая з 2019 года ў галерэi мастацтваў экспазiцыя “Вытокi лiтаратурнага майстэрства”, галоўным экспанатам якой стала аўтарская кнiга. Праз экскурсы, паэтычныя iмпрэзы, лiтаратурную гасцёўню, творчыя сустрэчы з майстрамi слова, прэзентацыi кнiжных навiнак аўтараў беларускамоўная выстава знаёмiць жыхароў рэгiёна i гасцей горада з жыццёвымi i творчымi бiяграфiямi пiсьменнiкаў-бярозаўчан, iх значным укладам у нацыянальную лiтаратуру, вытокам якiх стала лiтаратурнае аб’яднанне “Крынiца” 70-х гадоў. Сярод iх — iмёны Нiны Мацяш, Раiсы Баравiковай, Алеся Разанава, Вiктара Супрунчука, Зiнаiды Дудзюк, Анатоля Казловiча, Мiхаiла Шыманскага i iншых. Стварэнне дадзенай экспазiцыi стала магчымым дзякуючы сабранай i апрацаванай супрацоўнiкамi музея велiзарнай калекцыi кнiг аўтараў-землякоў, якія яны шчодра дараць музею. Плённы 2020 год для пісьменніцкіх сіл Бярозаўшчыны прынёс музею-юбіляру кнігі-дары Марыі Сцяфанавай, Мікалая Жуковіча, Таццяны Ажажы, Святаслава Кажадуба, Антона Барашкі, Анатоля Жалудкі.

Спадзяемся, гэтая звонкая i чыстая крынiца слоўнага мастацтва роднай зямлі будзе напаўняцца такiмi ж карыснымі i яркiмi кнiгамi, творамi, iмёнамi, якiя ахвотна адкрыюць для сябе наведвальнікі музейных залаў.

Чым пахне вечнасць?

Кніжная калекцыя, што збіралася з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, заўсёды вывучаецца супрацоўнікамі музея. Мэта — раскрыццё яе каштоўнасці для наведвальнікаў, асабліва падлеткаў ды моладзі, для якіх, не сакрэт, інтарэс да друкаванай кнігі, само чытанне — далёка не галоўны занятак. А калі ўрок радзімазнаўства альбо краязнаўчай кнігі праходзіць у музейнай прасторы, калі перад табой сціплыя вокладкі старажытных рарытэтаў, спецыфічны пах крыху пажоўклай паперы, ты адчуваеш, быццам з самой вечнасці ідуць магутныя сігналы спазнання…

Для папулярызацыі творчасці мясцовых літаратараў распрацаваны сумесна з бібліятэкамі турыстычны маршрут “Літаратурнае кола Бярозаўшчыны”, які прапануе выязныя вандроўкі да родных мясцін творцаў, многія з якіх — вядомые майстры паэтычнага і празаічнага слова: Раіса Баравікова, Алесь Разанаў, Ніна Мацяш, Зінаіда Дудзюк, Міхаіл Шыманскі, Віктар Супрунчук. І пачынаюцца яны менавіта з літаратурнай экспазіцыі ў філіяле музея — галерэі мастацтваў. Распрацоўваецца экскурс па ёй з элементамі інтэрактыву для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту.

Працуе літаратурна-мастацкая гасцёўня, дзе праходзяць сустрэчы з майстрамі слова — юбілярамі краязнаўчага календара, прэзентацыі іх кніг.

Чарговы праект

Сёлета калектыў музея пры дапамозе мясцовых краязнаўцаў, якія працуюць у бібліятэках і архівах замежжа, прыступіў да рэалізацыі праекта па папаўненні экспазіцыі музея, прысвечанай Бярозаўскаму картэзіянскаму помніку архітэктуры XVII стагоддзя, кнігамі з яго вельмі багатай бібліятэкі. Ужо ўстаноўлены кантакты з бібліятэкамі Варшавы, дзе большая частка з іх знаходзіцца. У планах — атрымаць таксама электронны каталог гэтых друкаваных крыніц сярэдневякоўя, паглыбіць веды па гісторыі і развіцці манастыра і рэгіёна.

Кніжна-дакументальныя фонды музея папаўняюцца падчас навуковых экспедыцый па вёсках раёна. Магчымай крыніцай папаўнення музейнай калекцыі маглі б быць і спісаныя па старасці бібліятэчныя кнігі.

Ала ДРАГАН, супрацоўнік Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Фота аўтара і з архіва музея