Пабачыць гісторыю рыцарства зблізу

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

З 12 жніўня ў Нацыянальным гістарычным музеі праходзіць выстава “Гістарычная рэканструкцыя. Дакраніся да мінулага”

/i/content/pi/cult/813/17436/27.jpgУэкспазіцыі прадстаўленыя ўзоры сярэднявечнай зброі, даспехаў і рыштунку, узноўленыя сучаснымі майстрамі паводле старадаўніх узораў, для выкарыстання падчас вайскова-гістарычнай рэканструкцыі. Тобок, менавіта гэтыя прадметы можна бачыць на ўдзельніках шматлікіх рыцарскіх фэстаў падчас іх баёў і спаборніцтваў. Асаблівая вартасць экспазіцыі, аднак, у тым, што падчас маштабных фестываляў пад адкрытым небам гледачы не заўжды могуць уважліва разгледзець усе дэталі рыцарскага рыштунку — а гэтая выстава, акурат, дае менавіта такую магчымасць.

Прадстаўленыя экспанаты створаныя рэканструктарам Юрыем Усціновічам і кавалём Дзмітрыем Андрэевым. Усе гэтыя прадметы не толькі знешне адпавядаюць сваім гістарычным правобразам, але і выконваюць іх функцыі: даспехі абараняюць рыцараў-рэканструктараў ад удараў і пашкоджанняў падчас двубояў. Прытым, зразумела, што зброя, хаця і вырабляецца таксама ў дакладнасці з гістарычнымі правобразамі, але аднаўляецца ў такім выглядзе, каб з яе дапамогай нельга было нанесці фатальныя раненні — фактычна, гэта маса-габарытныя макеты ўзбраення. Узоры зброі, змешчаныя на выставе, дазваляюць прасачыць за развіццём еўрапейскай ваеннай справы ў перыяд з XIV да канца XVII стагоддзя: тут прадстаўленыя мячы, корды, баявыя сякеры. Наведвальнікі экспазіцыі змогуць пабачыць, як выглядалі рыцары Вялікага Княства Літоўскага часоў Грунвальдскай бітвы, ваяры Анастасіі Слуцкай і крылатыя гусары Стэфана Баторыя.

Выстава дае магчымасць пабачыць не толькі вынікі працы майстроў, але і азнаёміцца з працэсам вырабу зброі і даспехаў, з сакрэтамі кавальскай справы, пабачыць рыштунак майстроў. Асобную частку экспазіцыі складае стылізаваная майстэрня кавалёў, дзе можна пабачыць кавадлы, мяхі, горны, абцугі, молаты, якія таксама вырабленыя паводле аўтэнтычных крыніц розных эпох, і дазваляюць прасачыць эвалюцыю кавальскага рамяства на беларускіх землях.

Экспазіцыя зацікавіць не толькі аматараў гісторыі ўвогуле і часоў сярэднявечча ў прыватнасці, але і ўсіх, каго прывабліваюць мастацтва і яскравыя відовішчы. Бо як іначай, чым сапраўдным мастацтвам, можна назваць вырабы майстроў, якія аднаўляюць паводле старажытных узораў рыцарскія зброю і рыштунак? Выстава працуе да 6 верасня, але разглядаецца магчымасць яе працягу.