Як запэўніваюць арганізатары форуму, Дзень пісьменства пройдзе з вялікім размахам. На свяце будзе прадстаўлена звыш 100 кніг, якія выйшлі летась у Беларусі. Адбудуцца сустрэчы пісьменнікаў з жыхарамі горада, прэзентацыі выданняў, фотасесіі і многія іншыя мерапрыемствы. Як і заўжды, на ўрачыстасцях агучаць вынікі Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Акрамя таго, адбудзецца традыцыйны круглы стол, які аб’яднае творцаў Беларусі і замежжа — Украіны, Расіі, Малдовы, Латвіі, Літвы ды іншых краін. Пісьменнікі абмяркуюць тэмы ўплыву друкаванага слова на свядомасць людзей. Падчас працы круглага стала плануецца відэасувязь з Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэкай Казахстана.
Нагадаем, што Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.